Салёны ’які ўтрымлівае ў сабе соль, насычаны соллю’, ’прыпраўлены соллю, занадта пасолены’, ’прыгатаваны ў запас з соллю, у салёным растворы’ (ТСБМ, ТС, Сцяшк. МГ). Рус. солёный ’тс’. Руск.-бел. інавацыя ад соль; параўн. салоны, або першапачатковы залежны дзеепрыметнік мін. ч. ад саліць, які потым стаў прыметнікам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Парожні, парожны ’пусты, нічым не запоўнены’ (ТСБМ, Нас., Шат., Янк. БП), поро́жні ’пусты; нішчымны, не прыпраўлены’ (ТС), паро́жневаць ’быць не занятым’ (Нас.), порожнева́ти ’тс’ (Клім.). Рус., укр. поро́жний, ст.-рус. порожьнъ, польск. próżny. Аднакаранёвае са ст.-рус. пороздьнъ, ст.-слав. праздьнъ, в.-луж. prózdny, prózny, н.-луж. prozny, чэш. prázdný, славац. prázdny, серб.-харв. пра̑зни, славен. prázen, prázna, балг. пра́зен, пра́зден. Для ўсх.-слав. і польск. Фасмер (3, 330) узнаўляе прасл. porzdьnjo‑, для астатніх — porzdьnъ. Далейшыя і.-е. сувязі няпэўныя. Горшаль (SR, 5–7, 1954, 121) слав. porzdъ тлумачыць з pors‑do і лічыць роднасным хец. parš‑ ’бегчы’, герм. *ferzan ’аддаляць’, аналагічна слав. pustъ (гл. пусты): pustiti.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
нішчы́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Не прыпраўлены скаромным, без скаромнага; посны. Мы атрымлівалі толькі агульную норму хлеба і два разы на дзень у сталоўцы нішчымны .. крупнік. Сяргейчык. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. А меншы наварыў капусты, ды і то нішчымнай. Якімовіч.
2. Без нічога, без якіх‑н. дабавак. [Хана] такая худая, што мне робіцца шкада яе, і я аддаю ёй усе грушы, а на перапынку елі нішчымны хлеб. Каліна. // Пусты. Часамі ў гумно ўрываўся лёгкі ветрык, паварушваючы звіслыя са страхі нішчымныя каласкі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
салёны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтрымлівае ў сабе соль, насычаны соллю (пра вадаёмы) і проціл. прэсны. Салёнае мора. Салёнае возера. □ Увесь час пытай зямлю, чаго яна хоча: кіслага ці салёнага? Кулакоўскі. // Якому ўласцівы спецыфічны смак солі (пра вільгаць). Салёныя пырскі. □ У салёнай белай пене Шэпты галькі навакол, Бы Манахава маленне Ціха падае на дол. Крапіва. Хвалі салёныя — чыстыя слёзы, Мо ў твае рэчкі плакалі лозы? Кавалюк. / Пра паветра, вецер. Салёны вільготны вецер дзьмуў.. [хлопчыкам] у твар, свістаў ля вушэй, упіраўся ў грудзі. Бяганская.
2. Прыпраўлены соллю, занадта пасолены. Салёная страва. Салёная зацірка. □ Навечна будзь благаславёны, Запрацаваны ў поце хлеб — Не квашаны і не салёны, Для важных спечаны патрэб! Глебка. / Пра смак крыві, слёз, поту. Салёны пот. □ Мірошкін адчуў салёны смак у роце і зразумеў, што гэта слёзы Галі — апошняе адчуванне, звязанае з гэтай прыгожай, каханай дзяўчынай. Пятніцкі. / у перан. ужыв. Развітаўся з салёнаю службай марской, Месцам вахты працоўнай Стаў ціхі пакой. Жычка.
3. Прыгатаваны ў запас з соллю, у салёным растворы (пра харчовыя прадукты). Салёная рыба. Салёныя агуркі. □ Грыбную ікру можна прыгатаваць з сушаных або салёных грыбоў. «Звязда».
4. перан. Разм. Дасціпны да рэзкасці, непрыстойнасці. Салёнае слоўца. Салёны анекдот. □ Пры рабоце адпускалася многа жартаў, салёных і смешных. Лужанін. Размаўлялі .. [рыбакі] паміж сабой вольна, нярэдка перасыпаючы гаворку салёнымі слоўцамі. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)