Тапта́ць1прымінаць нагамі, дратаваць’, ’зношваць абутак’, ’груба зневажаць, прыніжаць’, ’наспех упіхваць, складваць’ (ТСБМ, Ласт.), ’тупаць, мясіць’ (Некр. і Байк.), ’уціскаць, ушчыльняць нагамі’, ’драць абутак’ (Варл.), ’утрамбоўваць, націскаць’, ’выконваць хатнюю працу’ (Сл. ПЗБ), ’есці ўсухамятку’ (Марц.), ’есці’ (Сл. рэг. лекс.), ’выціскаць мёд з сотаў’ (ст.-дар., ЛА, 1), ’заганяць рыбу ў сетку, боўтаючы нагамі’ (полац., З нар. сл.), топта́ць ’утрамбоўваць, ушчыльняць’, экспр. ’есці’ (ТС), ст.-бел. топтати ’наступаць нагой’ (Сл. Скар.), ’нацягваць, націскаць’ (Альтбаўэр). Укр. топта́ти, рус. топта́ть, польск. deptać, чэш. deptati, славац. deptať, в.-луж. teptać, н.-луж. teptaś, славен. teptáti ’наступаць нагамі’, балг. тъптя́, тъ́пча ’тс’, ’пічкаць, есці’, ст.-слав. тъпътати ’ступаць, гнясці’. З прасл. *tъpъtati ’тс’, праз чаргаванне галосных звязана з *tupati ’тупаць’. Гукапераймальны дзеяслоў, паралельны да *topati ’топаць, тупаць’. Далей супастаўляюць са ст.-інд. tupáti, tópati, túmpati, tumpáti ’раніць’, з грэч. τΰπτω ’б’ю, сяку’, лат. staũpe ’сляды конскіх капытоў’ (Фасмер, 4, 80; Брукнер, 87; Махэк₂, 115; ЕСУМ, 5, 601).

Тапта́ць2 ’апладняць (пра птушак)’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), тапта́цца ’блуднічаць, тварыць пералюбы’ (Ласт.), сюды ж топту́н ’певень’ (Мат. Маг.). Параўн. польск. дыял. deptać ’тс’, каш. deptać, dejptać ’апладняць (пра птушак)’. Эўфемізм, утвораны праз звужэнне або канкрэтызацыю значэння дзеяслова тапта́ць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тапта́ць, тапчу, топчаш, топча; незак.

1. што. Прымінаць нагамі, ходзячы, бегаючы па чым‑н. Толя крадком, міжвольна зірнуў ёй [Людзе] услед, — на светлы плашчык, што разлятаўся над загарам быстрых ног у басаножках, якія тапталі густую, нізкую траву. Брыль. А колькі травінак і кветак тапталі .. [хлопцы] за лета, не ведаючы, як яны называюцца. Чарнышэвіч. // Псаваць, глуміць; знішчаць, дратаваць. Таптаць пасевы. Таптаць грады. □ Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў. [Мужчына:] — Ты што гэта, Андрэй, траву топчаш, а не ідзеш касіць! Чарот. // Заціраць, раўнаваць, рабіць непрыкметным. Андрэй пераступаў з нагі на нагу — таптаў па пяску сляды ад веласіпеда. Пташнікаў. // каго. Катаваць, біць нагамі. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым. Колас. // Разм. Ступаючы, пэцкаць нагамі. Таптаць падлогу.

2. перан.; што. Наўмысна знішчаць, разбураць, часова заняўшы, акупіраваўшы тэрыторыю. Люты вораг топча нашы палі, паліць гарады і сёлы, забівае савецкіх людзей, знішчае наша дабро, здабытае ў працы. Сяргейчык. [Алешын:] А сёння вораг топча край шчаслівы, Зямля ў пажарах нішчыцца мая. Бачыла. // Топчучы, тушыць, затоптваць. Мядзведзь наступіў нагамі на агонь, атросся і пачаў таптаць вогнішча. Бядуля.

3. што. Збіваць, зношваць абутак. [Полька Корзун:] — Я хадзіў бы дадому па суботах, але тата сварыцца, нашто, кажа, боты таптаць. Чарнышэвіч.

4. што. Пракладваць хадзьбою, пратоптваць; хадзіць. Таптаць сцежку. □ Тапчу я на ўсходзе дарогі Уздоўж, нацянькі, папярок. Астрэйка. Зарастаюць дарожкі імхом, што тапталі калісь партызаны. Машара.

5. перан.; што. Пагарджаючы, груба зневажаць, уніжаць. Мабыць, і .. [жанчына] звязана, як і Зіна, з тым снапом жыта, з жнівом, якое не дае спакою, калі вораг дратуе зямлю, топча чалавечую годнасць... Скрыган.

6. што. Шчыльна ўтоптваць нагамі. — Трэба добра пад сцяну ды пад страху запіхаць, — кажа бацька і, учапіўшыся аберуч за лаціну, топча сена, глыбока лезучы нагамі пад застрэшша. Брыль. Прыйшоў [Маеўскі] туды [у адрыну] і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць. Караткевіч. // Топчучы, складаць сена, салому (у стог, сцірту). — Цябе, Халімон, не паставяць. Гаворыць чалавек... — Дык яго, — ківае на мяне тата. — А ты, калі ўпраўны, стог пойдзеш таптаць. Мыслівец.

7. што. Разм. Неакуратна, наспех упіхваць, складваць што‑н. Таптаць рэчы ў чамадан.

8. каго. Разм. Апладняць самку (пра птушак).

•••

Таптаць у гразь каго — уніжаць чыю‑н. годнасць; узводзіць паклёп на каго‑н., знеслаўляць каго‑н.

Таптаць чые сцежкі — ісці па чыіх‑н. слядах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)