Катэгары́чны ’катэгарычны’ (ТСБМ, БРС). Рус. категорический, укр. категори́чний ’тс’. Крыніцай запазычання для бел. і ўкр. моў, відавочна, з’яўляецца рус. лексема, якая была вядома ў рус. мове з пачатку XVIII ст. (сустракаюцца формы категорически, прыслоўе — 1718 г., категоричный — 1714 г.). Паводле Фасмера, 2, 210, крыніцай рус. слова магло быць ням. kategorisch або франц. catégorique. Першакрыніцай з’яўляецца грэк. κατηγορία ’абвінавачванне’, ад якога ўзята (праз лац. categoria) ням. Kategorie, франц. categorie. У рус. мове катего́рия адзначаецца з 1722 г. Іншыя гісторыкі мяркуюць, што грэч. κατηγορία — тэрмін, прыдуманы і ўведзены Арыстоцелем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
хітраму́дры, ‑ая, ‑ае.
Які выдзяляецца вынаходлівым розумам. [Іван Пераход:] — Ну, думаю, ты хаця і хітрамудрая, але я перахітру і перамудру цябе!.. І ў першую ж палучку пашыбаваў у кнігарню. Васілёнак. Я не быў такім хітрамудрым, а напісаў папросту і шчыра: «Мой бацька бедны, а да навукі я здольны». Дубоўка. // Які хітра і ўмела прыдуманы, зроблены. Аўгіня.. умела ткаць найпякнейшыя паяскі, з самымі хітрамудрымі ўзорамі: з грабелькамі, падкоўкамі, васількамі. Бядуля. Хітрамудрыя планы адваката лопнулі, як мыльная бурбалка. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзяжу́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выконвае тыя ці іншыя службовыя або грамадскія абавязкі ў парадку чаргі. Дзяжурны міліцыянер. □ Доўга сядзець у палаце, непакоіць хворага дзяжурны доктар не дазваляў. Пальчэўскі. // у знач. наз. дзяжу́рны, ‑ага, м.; дзяжу́рная, ‑ай, ж. Асоба, якая ў парадку чаргі выконвае свае службовыя або грамадскія абавязкі. Дзяжурны па вакзалу. Дзяжурны па кухні. □ У казарме чутны асцярожныя крокі дзяжурнага, які штораз паглядае на гадзіннік. Каваль. Аператыўны дзяжурны зараз жа пазваніў у эскадрыллі, перадаў загад камандзіра палка. Алешка. // Які працуе ў гадзіны перапынку або ў дні адпачынку іншых падобных устаноў. Дзяжурная аптэка. Дзяжурны магазін.
2. Прызначаны для дзяжурства. У дзяжурным пакоі рэзка і трывожна зазваніў тэлефон, і Стась кінуўся да яго. Мікуліч. // у знач. наз. дзяжу́рная, ‑ай, ж. Пакой, памяшканне для дзяжурства. Зайсці ў дзяжурную.
3. Загадзя падрыхтаваны для неадкладнага выкарыстання. Дзяжурная страва ў рэстаране. // перан. Загадзя прыдуманы, завучаны. Дзяжурная фраза. Дзяжурны жарт. □ Паходня паспрабаваў быў чытаць тэзісы, але і самому яму стала сумна, нібы гэта былі чужыя, дзяжурныя словы, паўтораныя сотні разоў. Хадкевіч.
[Ад фр. de jour— які адносіцца да гэтага дня.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)