Вы́вальґіс ’гультай, абібок’ (Цых.). Фанетыка (ґ узрыўное) паказвае на запазычанне і канец слова нагадвае літ. val̃gis ’ежа’. Магчыма, частковая калька з невядомага літоўскага экспрэсіўнага назоўніка тыпу пражора; параўн. išválgyti ’з’есці, выесці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трубло́ ‘пражорлівы конь ці карова’ (Яўс.), ‘пражора’ (астрав., Сл. рэг. лекс.; полац., Нар. лекс.; лаг., Гіл., Барад.), ‘чэрава’ (рас., ЛА, 1, Шатал., Нік., Оч., Юрч. Мудр.), трубла́ты ‘чалавек з тоўстым жыватом’ (Касп., Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.). Утворана ад трубі́ць2 < труба1 (гл.), параўн. трубі́ла ‘пра абжорлівага’ (Каўрус, Словаклад), пры ад’ідэацыі трыбу́х (гл.). Гл. таксама трабло, трыбло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́каць ’лопацца (пра пупышкі), перыць бялізну’ (Сл. ПЗБ), ’без меры есці ці піць’, ’рвацца; надрывацца’, ’раздувацца (ад гневу)’: цебе сянни покаець (Нас.), по́кыць ’лопаць, гучна ляскаць; прагна есці’ (З нар. сл.), покнуць ’трэснуць, лопнуць’ (Варл.), ’разбіць’ (Сл. ПЗБ), ’выцяць’ (Бяльк.), по́кацца ’лопацца, трэскацца’ (Касп.), ’распускацца (пра пупышкі)’ (Варл.), по́калапражора’ (Бяльк.). Укр., рус. покать ’стукаць, калаціць’, палаб. păkně ’падае’, славен. pókati ’ляскаць, грымець’, балг. по́кам ’стукаць’, макед. по́кнуват са ’трэскацца (пра вусны)’. Ад гукапераймальнага *pokъ (*pukъ): пок ’гук падзення; гук стрэлу’ (Юрч. СНЛ), ’гук трэскання’ (Нас.), покаўка ’ляскаўка’ (Нас.), рус. пок ’гук пры разрыве; трэск’, славен. pòk ’трэск’ (параўн. Цвяткоў, Запіскі, 69; БЕР, 5, 482; Сной, 463). Гл. пукаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́рва1 ’глыбокі, стромкі абрыў, бездань’, ’мноства’, ’пражорлівы чалавек’ (ТСБМ, Нас., Касп., Др.-Падб., Ян., ТС), ’крыніца’ (Сцяшк. Сл.), ’месца, размытае вадой’ (Нас., Касп., Гарэц.), ’пратока’, ’невялікі астравок’ (Сл. ПЗБ), ’новае рэчышча, прамытае ракой’ (Ян.), ’бездань’ (Растарг.), ’багна на балоце ці возеры, зарослая травой’ (ТС), ’завадзь’ (Бяльк.), ’вокнішча ў балоце’ (ДАБМ, камент., 980; слаўг., слонім., стол., Яшк.). Рус. про́рва ’бездань, глыбокая яма; месца, размытае вадой; новае прамое рэчышча ракі, прамытае вадой’, ’пражора’, ’мот’, ’шкода’ і г. д., укр. прі́рва ’месца прарыву плаціны’, ’яма ў рацэ, моры’; таксама ’бездань’; ’стромкі схіл гары’, ’стромкі бераг’, польск. przerwa ’разбурэнне; перапынак’, чэш. průrva ’роў, вузкая і глыбокая даліна, прамытая вадой’, славац. prierva ’тс’. Паўн.-прасл. *prorъva ’месца (бездань), прамытае вадой’. Аддзеяслоўны дэрыват ад прасл. *prorъvati ’прарваць’ (Талстой, Геогр., 175, 202–203), параўн. яшчэ ў Бярынды: “прорва… мѣсце урваное в(ъ) рѣцѣ”.

Про́рва2 ’ўвярэднік балотны, Pedicularis palustris L.’ (брэсц., гродз., Кіс.), ’трыпутнік’ (лях., Сл. ПЗБ). Этымалагічна тое ж, што і прорва1: да прарыва́ць, прарва́ць. Але матывацыя зразумелая толькі ў адносінах да трыпутніка, які прыкладаецца да ран, а таксама скул і нарываў, каб іх прарваць, даць выхад гною.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лагу́н1 ’нейкая расліна’ (Гарэц.). Магчыма, гэта лагунец ’ястрабок парасоністы, Hieracium umbellatum L.’ (Кіс.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ун ад лог ’луг, лагчына’ — расліна любіць вільготныя дугі. Суфікс прадуктыўны для ўтварэння назваў раслін: паўзун, плывун, блішчун, бялун (Сцяцко, Афікс. наз., 69, 123).

Лагу́н2 ’палеглы лён’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.). Да лажьіцца (гл.). Аб суф. ‑ун гл. Сцяцко, Афікс. наз., 168. Параўн. таксама лягу́н ’лежабок, той, хто ляжыць’ (Бірыла, Бел. антр., 2, 263).

Лагу́н3 ’падваліна пад падлогай’ (кобр., Нар. сл.; беласт., Сл. паўн.-зах.), малар. ’папярочная калода, якая кладзецца на сані пры перавозцы доўгага бярвення’ (Нар. словатв.). Укр. лагун ’ствол дрэва ў гаці на гразкім месцы’, польск. lagun ’кладка’, ’падваліна’, laguny ’ачасаныя падкладзіны з бярвення пад карабель’, магчыма, і серб.-харв. lagun ’кладка?’. Сюды ж рус. маск. лага ’папярочнае бервяно ў будынку’. Найбольш імаверна да прасл. lagali ’ставіць, класці’ (Слаўскі, 4, 430), якое з’яўляецца ітэратывам да ložiti (Бернекер, 683).

Лагу́н4 ’посуд на льняное семя’ (староб., Мат. дыял. канф.), палес. лагун, лагунныя ’роўная бочка невялікіх памераў, заднёная з двух бакоў, з адтулінай у дне, якая закрываецца драўлянай затычкай’ (З нар. сл., Шатал.), саліг. лагун ’бочка з двума днамі і квадратнай дзіркай у баку — для насыпання або налівання’ (Нар. словатв.). Укр. лагун ’посуд для дзёгцю’, рус. лагун, лагуна, лагушок, лагунай, лагушка, лагут, лагунок, лагунец, лагунь(я) ’бочка для квасу, піва, малака, дзёгцю’, ’бочка для збожжа’, паўсюдна рус. ’сасуд (вядро) для дзёгцю’, ’гаршчок, чыгун’, ’збан’, ’карыта, жолаб’, ’калода’, ’цэбар’. Усх.-слав. утварэнне ад прасл. lagati ’класці, ставіць’ (< ložiti) і суф. Nomina instrumenti-wnz» (аб дэрыватах з ім гл. Слаўскі, SP, 1, 134–135; Мартынаў, Дерив., 38–39).

Лагу́н5 ’чалавек, які любіць добра і шмат паесці вадкай ежы’ (полац., М. Р. Суднік, вусн. паведамі). Лексема складае адзіны арэал з рус. пск., цвяр. ’жывот, бруха’, кастр. ’гультай, пражора’. Узнікла ў выніку пераносу з лагуну (гл.).

Лагу́н6 ’месца, дзе засталася вада пасля патопу’ (Сержп. Прымхі), ’частка лугу каля рэчкі, затопленая паводкавай вадой, якая летам высыхае’ (КТС, Колас, 4). Да лог ’нізкае месца, лагчына’, ’гразкая частка дарогі праз луг’ (гл.). Аб суф. ‑ун гл. Сцяцко, Афікс. наз., 174.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)