сатра́п, ‑а, м.

1. Правіцель вобласці, правінцыі ў старажытным Іране, які меў неабмежаваную ўладу.

2. перан. Кніжн. Жорсткі начальнік, самадур, дэспат, тыран. Мова і літаратура беларусаў загналі нямала здзекаў і знявагі ад царскіх сатрапаў. Казека. А генерал-губернатарам у Вільню царскі ўрад паслаў свайго выдатнага сатрапа — барона фон-Валя. Гарэцкі.

[Грэч. satrapēs.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

База́р1 ’рынак, базар’ (БРС, Бяльк.). Рус. база́р, укр. база́р. Запазычанне з цюрк. моў (з цюрк. дыял. bazar, параўн. тур. і г. д. pazar < перс. bāzār). Гл. Праабражэнскі, 1, 12; Локач, 23; Фасмер, 1, 106. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 10, дзе ўказваецца на тат. мову як на крыніцу запазычання.

База́р2 ’плошча, пляц’ (Яшкін, Лысенка, ССП). Таго ж паходжання, што і база́р1 (гл.). Семантычны зрух такі ж, як і ў рус. дыял. база́р ’вуліца’. У правінцыі базары раней заўсёды былі і цэнтрам «грамадскага» жыцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́цыя ‘станцыя’ (гродз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стацыя, стацэя ‘пастой, месца адпачынку’, ‘забеспячэнне’ (Ст.-бел. лексікон), стацея: стацеи давати/поднимати ‘прымаць і карміць князя з яго світаю ў час паездак па правінцыі, а таксама яго пасланцоў і даваць ім фурманкі для праезду ў наступны маёнтак’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 130). З лац. statio ‘пастой’ праз ст.-польск. stacyja, польск. stacja ‘пастой, прыпынак, станцыя’ (Булыка, Лекс. запазыч., 84; Сл. ПЗБ, 4, 583). Сюды ж стаце́йка ‘чыстая палавіна хаты’ (Сцяшк. Сл.), што адлюстроўвае захаванне старой семантыкі, параўн. станцыя (гл.), польск. stacja ‘кватэра’ і інш. Гл. Брукнер, 512; Фасмер, 3, 746, 748; ЕСУМ, 5, 396, 403.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

све́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., аб чым, пра што і з дадан. сказам.

1. Пацвярджаць правільнасць, сапраўднасць чаго‑н. у якасці відавочніка, сведкі, дасведчанай асобы. Сведчу, што ў правінцыі Антарыо Ёсць Палерма — слаўны гарадок. Панчанка. Расказы відавочцаў сведчылі, што агонь у лесе ўспыхнуў адразу ў некалькіх месцах і амаль у адзін і той жа час. Матрунёнак.

2. Быць сведчаннем чаго‑н., пацвярджаць, даказваць што‑н. Маёр рабіўся весялейшым, пачаў насвістваць украінскія песні, што сведчыла аб яго добрым настроі. Шамякін. Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці насычаны таксама вялікай колькасцю дзеясловаў лацінскага паходжання, што сведчыць аб моцным уплыве лацінскай мовы на беларускую. Гіст. лекс. бел. мовы. Старанна дагледжаная, начышчаная, змазаная, яна [машына] павінна была сведчыць, што новы гаспадар яе — чалавек дбайны і руплівы. Васілёнак. Гледачоў — як дзверы зачыніць. Больш тут месца нельга ўжо нідзе знайсці. Здабытак люду і гарачыні Сведчыць нам пра поспех самадзейнасці. Гілевіч.

3. і каму. Даваць паказанні на судзе. Кожны сведка звычайна карыстаецца пэўнаю павагаю ў тых, каму ён сведчыць збіраецца. Колас.

4. і што. Афіцыйна пацвярджаць сапраўднасць чаго‑н. Сведчыць подпіс і сведчыць пячаць, Што ідзём мы [Рыбка, Ворчык, Зарудны] з астрогу. Куляшоў. Размашысты подпіс гаварыў пра тое, што чалавек з упэўненасцю сведчыў складзеную для яго па ўсёй форме паперу. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. што. Перамясціць, пералажыць, звальваючы; перагрузіць. Пераваліць грузы з баржы на бераг. Пераваліць сена з воза на воз.

2. што або цераз што. Перайсці, пераехаць, пераправіцца на другі бок (гары, узвышша і пад.). [Партызаны] перавалілі ўзгорак і зніклі ў невялікай лагчыне. М. Ткачоў. Немец, вызваліўшыся ад парашута, адыходзіў на захад — узнімаўся на гару, каб пераваліць цераз грэбень і схавацца ў лесе. Шамякін. Санкі перавалілі цераз нейкі пагорачак. Пад імі перастаў шаргацець снег. Жычка. // цераз што, за што. Пераадолець, перасекчы якую‑н. прастору. Тысячы трактароў «Беларусь» перавалілі праз паўднёвыя порты і цяпер будзілі сваім рокатам ціхія правінцыі. Б. Стральцоў. Поле ішло на пагорак, .. [партызанам] трэба было як найхутчэй пераваліць цераз яго, і тады, мусіць, іх бы ўжо не ўбачылі. Быкаў.

3. Разм. Перайсці які‑н. колькасны ці часавы рубеж. Прабег машын пераваліў за сотню тысяч. Гады перавалілі на пяты дзесятак. / у безас. ужыв. Даўно пераваліла на другую палову дня. Гурскі. Гэта была худзенькая, згорбленая бабулька, якой, казалі, пераваліла за сотню. С. Александровіч.

4. перан.; што. Зваліць, перакласці на каго‑н. (работу, віну, адказнасць і пад.). На бацькоў, на школу, вядома, лягчэй за ўсё пераваліць віну. Мыслівец.

перавалі́ць 2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

Сапсаваць празмерным валеннем (сукно, лямец і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)