мех 1, меха; мн. мяхі, ‑оў; м.

1. Прадмет дамашняга ўжытку для захоўвання і перавозкі сыпучых цел, дробных рэчаў і пад., зроблены з полкі, складзенай папалам і сшытай з двух бакоў, або з дзвюх роўных полак, сшытых з трох бакоў. Палатняны мех. Радняны мех. Сшыць мех. □ Дзяўчаты ледзь упраўляліся адносіць поўныя мяхі і падвешваць парожнія. Шамякін. Адна ідзе старая Аксіння. Адна са сваімі ціхімі думамі і цяжкім мехам травы за спіной. Ракітны.

2. Разм. Мера для чаго‑н. сыпкага, роўная 3–5 пудам. Пазычыць мех мукі. Зарабіць пяць мяхоў бульбы.

•••

Біцца за пусты мех гл. біцца.

мех 2, меха; мн. мяхі, ‑оў; м.

1. Прыстасаванне для нагнятання паветра (ужываецца ў кавальскай, шкляной вытворчасці, а таксама для прывядзення ў дзеянне некаторых музычных інструментаў). Кузня ў вёсцы маленькая, нават меха няма, каб раздзьмуць вуголле. Навуменка. Гарманіст .. ірвануў раптам мяхі, урэзаў польку. Васілевіч.

2. У фатаграфіі — святлонепранікальная частка фатаграфічнай камеры, падобная на гармонік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пла́хта1 ’жаночае адзенне тыпу спадніцы з дзвюх сшытых да палавіны полак’ (ТСБМ), ’вялікая хустка’, посцілка’ (Сл. ПЗБ), ’бялізна’ (Бес.), ’пялёнкі’ (Федар. 6), ’дзяруга’ (Бес.). Укр. пла́хта ’спадніца, сшытая да палавіны’, ’хустка’, ’прасціна’, ’палатно’; рус. пла́хта ’від спадніцы’, ’хустка, вышываная золатам’; ’мяшок з грубай тканіны’, ’валасяніца’; польск. płachta, płachcia ’кавалак грубага палатна’, ’від прасціны’, ’посцілка’, ’хустка’, ’тоўстая хустка, плед’, палаб. ploxtă ’абрус, прасціна’; н.- і в.-луж. płachta ’прасціна’, ’ветразь’, ’экран’, ’посцілка’: чэш. plachta ’брызент, тэнт па фуры’, ’ветразь’, славац. plachta ’тс’, ’прасціна’, ’занавеска’, славен. pláhta ’навес, тэнт’, ’гунька’, ’дзяруга’, серб.-харв. пла̏хта ’абрус’, ’прасціна’, ’чахол на мэблю’. Прасл. *plaxъta, першаснае значэнне якога цяжка вызначыць (Банькоўскі, 2, 614) — ’кавалак грубага палатна’ (?), — звязана генетычна з пла́ха, пласкі і з плашч (Міклашыч, 248; Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 112; Брукнер, 419; Фасмер, 3, 276; Бязлай, 3, 46). Булыка (Лекс. запазыч., 110) ст.-бел. плаха ’палатно’ адносіць да запазычанняў са ст.-польскай мовы — няма падстаў. Сюды ж: пла́хта устаўная частка крыла ў млыне — шчыт з тонкай дранкі’ (слуц., Нар. словатв.).

Пла́хта2 ў выразе: пла́хтой ’спосаб укладкі дошак для прасушкі ў выглядзе трохвугольніка — адна на адну’ (бяроз., Шатал.; Сл. ПЗБ). Да пла́ха1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́ка1 ’чалавек, які страціў якую-небудзь частку цела або здольнасць валодаць ёю ці наогул мае які-небудзь фізічны недахоп’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк. МГ, Шат.). Сл. паўн.-зах. адзначае ў гродз. і зах.-брэсц. гаворках, пры гэтым у окаючай гаворцы (бяроз.) адзначана форма колека; ТС фіксуе слова ў шэрагу пунктаў, не падаецца яно Ян. Укр. каліка, рус. калека, дыял. і літар. польск. kaleka, kalika, чэш. мар. kalik, славац. kalik. У зах.-слав. мовы запазычана з усх.-слав. (Слаўскі, 2, 27). Формы з ‑i‑ ў зах.-слав. мовах могуць адлюстроўваць або ўкр. фанетыку, або ўсх.-слав. з ‑и‑ (калика) і, магчыма, сюды не адносяцца. Польск. kaleka з бел. мовы, як, магчыма, і літ. уст. koliekà ’тс’. Слова лічыцца запазычаным з усходу з тур.-перс. kalak ’скалечаны, абязвечаны’, іншыя называюць тур. kalik ’няпоўны; якога не хапае; які мае недахопы; недахоп, пропуск; рэшткі’. У сучаснай тур. мове ёсць і значэнне ’векавуха’. Гл. Фасмер, 2, 166; Слаўскі, 2, 27. Першая форма наогул не засведчана, другая не бездакорная з боку семантыкі. Апрача таго, не вельмі ясна, якім шляхам слова трапіла ва ўсх.-слав. мовы. Жураўскі (Тюркизмы, 81) адносіць ст.-бел. калека да цюркізмаў. Там жа (88–89) слова адносіцца да ліку тых, якія папоўнілі беларускі тэзаўрус у XVI ст. у выніку найбольш інтэнсіўных сувязей Вялікага княства Літоўскага з Крымскім ханствам. Магчыма, гэта і так, паколькі ў помніках рус. пісьменнасці слова не адзначаецца. Шанскі (2, К, 25) далучае да гэтых слоў антрапонім Калѣка Карпъ Даниловичъ з Пскоўскага I летапісу, адзначанага пад 1341 г., аднак прыклад гэты вельмі двухсэнсоўны. У той жа час няма нейкіх прыкмет таго, што ў ст.-бел. мове гэта слова не з бел. гаворак, а з цюрк. моў. Ва ўсякім разе ў гаворках слова ведаюць дастаткова добра і, відаць, даўно, аб гэтым сведчыць пранікненне яго на захад. Калі лексема сапраўды цюркізм, крыніцу неабходна шукаць у цюрк. мовах і гаворках, якія геаграфічна кантактавалі з усх.-слав. мовамі. Аднак цюркская версія не задавальняла шэраг аўтараў, а альтэрнатыўныя версіі не пераконваюць (ні сувязь з лац. cadūcus праз італ. caluco ’бедны, жабрацкі’, ні з ц.-слав. клосьнъ ’кульгавы’, балг. дыял. клосан, ’пакалечаны’, арм. kał ’паралізаваны, кульгавы’, гоц. halts ’кульгавы’) як небездакорныя ў розных адносінах. Таксама нельга прыняць спробу Шанскага, ЭИРЯ, VII, 132, вытлумачыць слова на ўсх.-слав. глебе як уторанае з прэфіксам ка‑. Параўн. яшчэ каліка (гл.).

Кале́ка2 ’рыба мянтуз, Lota’ (ваўк., Бір. Працы ІМ, 6, Бяльк., Дэмб.; полак., Жук., З нар. сл.; Мядзв., Нас.; бых., Рам.; круп., Сл. паўн.-зах.; ваўк., Сцяшк.), ’рыба ёрш’, таксама ў форме калечка (Мат. Маг.), ’рыба падкаменшчык, Cottus gobio’ (Жук.); з такім значэннем ёсць і ў суседніх рус. рост., смал. калека і калечка ’мянтуз’, фактычна беларускае. Апрача гэтага, Даль з паметай чарнамор. падае калѣка ’мянтуз’. Статус апошняга няясны, відаць, ніяк нельга разглядаць гэту фіксацыю як сведчанне аб яшчэ адным арэале распаўсюджання слова. Не выключана, што суадносіцца з калека1, ва ўсякім раз« менавіта такое народнаэтымалагічнае асэнсаванне назвы ёсць і заснавана на нейкіх спецыфічных прыкметах гэтай рыбы. Паводле геаграфіі — беларуская інавацыя. Калі прымаць прапанову Голуба–Копечнага, 227, адносна чэш. mnik ’дробная рыба’, можна вельмі асцярожна меркаваць, што назва калека магла адлюстроўваць тую ж семантыку. Параўн. у рус. дыял. дражнілцы: «Калечина‑малечина, много часов до вечера?», дзе як быццам суаднесены дэрываты ад калека і асновы мал‑. Аднак менавіта па семантычнаму крытэрыю гэта версія ўступае папярэдняй. Яшчэ аб адной магчымасці тлумачэння сведчыць дэфініцыя ў рукапісным слоўніку Мядзведжага: «калека… з печані якога здабываецца тлушч, які ўжываецца ў якасці лекаў», аднак мадэль утварэння, якую можна выкарыстоўваць для данага выпадку, не вельмі ясная. Спецыфічная геаграфія (у асноўным паўночныя і ўсходнія гаворкі) і адсутнасць слова ў паўднёвых не выключаюць магчымасці запазычання слова з балтыйскай (прыбалтыйска-фінскай?) крыніцы, аднак інфармацыі, каб пацвердзіць такую думку, у нас няма. Не выключана таксама, што слова неабходна суаднесці з слав. каlъ (гл. кал).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)