пераспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.

1. што. Перабыць які‑н. час у стане сну. Мядзведзі пераспалі зіму ў бярлозе. // і без дап. Пераначаваць, правесці ноч дзе‑н. — Ну вось, пераспім сённяшнюю ноч і заўтра — у дарогу, — нарэшце сказала маці. Ус. [Валодзя:] — Што ж, пойдзем у Дубраўку, пераспім, а заўтра накіруем разведку ў Слабаду. Федасеенка.

2. Разм. Праспаць больш, чым трэба. Ці не выспаўся добра, ці пераспаў трохі? Ваданосаў. // каго. Праспаць даўжэй за каго‑н. Пераспаць усіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Начле́г ’начоўка; пасьба коней ноччу’ (Яруш., ТСБМ), ’вывад коней на пашу ўначы’ (Бяльк.), ночле́г ’тс’ (ТС), сюды ж начлягава́ць ’пасвіць коні ноччу’ (Жд. 2), ’начаваць’ (Сл. ПЗБ), начле́жкі ’вячоркі’ (Мат. Маг., Сл. ПЗБ), начл́жнік, начле́зьнік ’той, хто пасе коней ноччу’ (Шн. 2, Сл. ПЗБ; навагр., З нар. сл.), ночле́жнік ’той, хто водзіць коней на начлег; той, хто просіцца пераначаваць або начуе ў чужых’ (ТС), нацле́жнік ’хто начуе не дома; начны стораж коней, што пасуцца ў полі’ (вілен., гродз.; ковен., Нас.), укр. ночлі́г ’пасьба коней ноччу пастухамі’, рус. ночле́г ’начоўка; пасьба коней ноччу’, польск. nocleg ’месца начнога адпачынку і сам адпачынак па-за домам’, noclegować ’начаваць у час падарожжа; пасвіць коней уначы’, чэш. nocleh ’начоўка’, славац. nocľah ’тс’. Ад ноч і ляжаць, гл. Фасмер, 3, 86; утворана шляхам непасрэднага словаскладання, што сведчыць пра архаічны характар слова, параўн. ст.-рус. ночьлѣгъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пера..., прыстаўка.

Абазначае:

1) накіраванасць дзеяння з аднаго месца на другое, з аднаго боку на другі, напр.: перабегчы, перавярнуць, перайсці;

2) накіраванасць руху цераз што-н., напр.: перакінуць, пераплысці, пераскочыць;

3) змену накіраванасці дзеяння, перадачу каму-, чаму-н., напр.: перадаць (у спадчыну), пераслаць;

4) паўтарэнне дзеяння нанава, напр.: перарабіць, перачытаць, перашыць;

5) празмернасць дзеяння, а таксама давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку, напр.: пераесці, перасаліць, перахваліць;

6) перавагу, першынство ў дзеянні, напр.: перакрычаць, ператанцаваць, перахітрыць;

7) паслядоўны ахоп дзеяннем усіх або многіх асоб, прадметаў і вычарпальнасць такога дзеяння, напр.: пералавіць, перамыць (увесь посуд), перапэцкаць (рукі), перахварэць (усімі дзіцячымі хваробамі);

8) падзел чаго-н. папалам, на часткі, напр.: перакусіць (нітку); пераламаць;

9) запоўненасць дзеяннем якога-н. прамежку часу, напр.: перазімаваць, пераначаваць;

10) пераўтварэнне ў што-н. іншае, пераход у іншы стан, від, напр.: перакласці (на іншую мову), перарасці (сяброўства перарасло ў каханне), перамяніць (свой колер);

11) спыненне якога-н. дзеяння, стану, напр.: перабалець (перабалела сэрца), перабрадзіць;

12) слабае праяўленне дзеяння або яго кароткачасовасць, напр.: перадыхнуць, перакусіць;

13) узаемнасць дзеяння (у дзеясловах з часціцай -цца), напр.: перагаворвацца, перапісвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дзе́цца, дзенуся, дзенешся, дзенецца; заг. дзенься; зак. (ужываецца з прысл. «дзе», «нідзе», «куды», «нікуды», «некуды», часта з адмоўем).

Разм.

1. Знікнуць, прапасці. Учора, як разыходзіліся ад пакгаўза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш. Лынькоў. Як загледзішся на такія малюнкі вясны, дык сон немаведама куды і дзенецца, усё роўна як у ваду кане. Кулакоўскі. // Схавацца ад каго‑, чаго‑н. — Нашто вас пільнаваць, і так нікуды не дзенецеся. Чорны. Ад праўды нікуды не дзенешся. Прыказка. // перан. Быць вымушаным зрабіць што‑н., не адмовіцца, не выкруціцца. — Мне здаецца, князь не захоча парадніцца з такім галадранцам, як Юрага, — выказаў меркаванне дзядзька Восіп. — Нідзе не дзенецца, — прамовіў Парфімовіч. С. Александровіч. — А калі ты папаўся — раскажы, што ведаеш. Усё адно нідзе дзенешся. Баранавых.

2. Знайсці сабе месца, прытулак і пад. — Не ведаючы, куды дзецца нанач у незнаёмым цяпер і разбітым горадзе, я рашыў пераначаваць на тэрыторыі завода: усё ж такі гэта сваё прадпрыемства. Гурскі.

•••

Не ведаць, куды (дзе) дзецца гл. ведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пера..., прыстаўка.

Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх слоў і абазначае: 1) накіраванасць дзеяння, руху з аднаго месца на другое, з аднаго боку на другі, напрыклад: перабегчы, перавярнуць, перайсці, перакласці (са стала на паліцу); 2) накіраванасць руху цераз які‑н. прадмет, перашкоду, напрыклад: перакінуць (цераз сетку), пералезці (цераз плот), пераплыць, пераскочыць; 3) змену накіраванасці дзеяння, перадачу каму‑, чаму‑н., напрыклад: перадаць (у спадчыну), пераспаць; 4) паўтарэнне дзеяння яшчэ раз, нанава, напрыклад: перакрыць, перарабіць, перачытаць, перашыць; 5) празмернасць дзеяння, а таксама давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку, напрыклад: пераесці, перапаліць, перасіліць, ператрымаць, перахваліць; 6) перавагу, першынство ў якім‑н. дзеянні, напрыклад: перакрычаць, ператанцаваць, перахітрыць; 7) паслядоўны ахоп дзеяннем усіх або многіх асоб, прадметаў і вычарпальнасць такога дзеяння, напрыклад: пералавіць, перамыць (увесь посуд), перапэцкаць (рукі), перастраляць, перахварэць (усімі дзіцячымі хваробамі); 8) надзел чаго‑н. на часткі, напрыклад: перагарадзіць, перакусіць (нітку), пераламаць; 9) запоўненасць дзеяннем якога‑н. прамежку часу або правядзенне пэўным чынам якога‑н. прамежку часу, напрыклад: перазімаваць, пераначаваць, перачакаць (дождж); 10) пераўтварэнне ў што‑н. іншае, пераход у іншы стан, від і інш., напрыклад: перакласці (на іншую мову), перарасло (сяброўства ў каханне), перамяніць (свой колер), перафразіраваць; 11) спыненне якога‑н. дзеяння, стану, напрыклад: перабалела (сэрца), перабаяцца, перабрадзіць; 12) слабае праяўленне дзеяння або яго кароткачасовасць, напрыклад: перадыхнуць, перакусіць (перад абедам); 13) (з часціцай ‑ся/‑ца) узаемнасць дзеяння, напрыклад: перамігвацца, перапісвацца, перасварыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)