Насоў ’нешта, падобнае дла кашулі з палатна, якое сяляне апранаюць на адзенне для аховы яго летам ад дажджу, а зімой ад снегу’ (Нас.), ’белы палатняны балахон, які беларусы носяць летам, від летняга паліто’ (Мядзв.), ’балахон паверх сарочкі і спадніцы ў жанчын; ён мае невялікія выемкі па баках і на грудзях’ (Даўгарукаў), ’беларускі палатняны каптан’ (Багд.), ’доўгі балахон у талію з белага палатна, спецыяльна вытканага’ (Шн. 3), ’палатняны халат’ (Анім.), ’доўгая верхняя мужчынская вопратка без падклала’ (расон., Шатал.), ’верхняе адзенне з даматканай тканіны’ (Сл. ПЗБ), ’пояс ці рамень’ (Анік.), насоўка ’адзенне з суровага палатна, якое служыла для захавання кажуха ці бурноса ад дажджу’ (карэл., Нар. словатв.), ’вопратка ў выглядзе плашча, якая надзяваецца на кажух’ (Жд. 1), рус. насов, насовец ’сарочка, від мяшка з даматканага палатна, з прарэхамі ўверсе і з рукавамі, для цяпла, паверх сарафана, або для працы’ (Даль), ст.-рус. насовьць ’частка аблачэння святара, нарукаўнікі’ з 1300 г. (Сразн.). Паводле БелСЭ, асноўны арэал назвы і рэаліі — Віцебшчына, паўночныя раёны Міншчыны і Магілёўшчыны. Ад насу́нуць ’нацягнуць’, насоўваць ’нацягваць, накладаць зверху’; да соваць, с́унуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́ка1 ’чалавек, які страціў якую-небудзь частку цела або здольнасць валодаць ёю ці наогул мае які-небудзь фізічны недахоп’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк. МГ, Шат.). Сл. паўн.-зах. адзначае ў гродз. і зах.-брэсц. гаворках, пры гэтым у окаючай гаворцы (бяроз.) адзначана форма колека; ТС фіксуе слова ў шэрагу пунктаў, не падаецца яно Ян. Укр. каліка, рус. калека, дыял. і літар. польск. kaleka, kalika, чэш. мар. kalik, славац. kalik. У зах.-слав. мовы запазычана з усх.-слав. (Слаўскі, 2, 27). Формы з ‑i‑ ў зах.-слав. мовах могуць адлюстроўваць або ўкр. фанетыку, або ўсх.-слав. з ‑и‑ (калика) і, магчыма, сюды не адносяцца. Польск. kaleka з бел. мовы, як, магчыма, і літ. уст. koliekà ’тс’. Слова лічыцца запазычаным з усходу з тур.-перс. kalak ’скалечаны, абязвечаны’, іншыя называюць тур. kalik ’няпоўны; якога не хапае; які мае недахопы; недахоп, пропуск; рэшткі’. У сучаснай тур. мове ёсць і значэнне ’векавуха’. Гл. Фасмер, 2, 166; Слаўскі, 2, 27. Першая форма наогул не засведчана, другая не бездакорная з боку семантыкі. Апрача таго, не вельмі ясна, якім шляхам слова трапіла ва ўсх.-слав. мовы. Жураўскі (Тюркизмы, 81) адносіць ст.-бел. калека да цюркізмаў. Там жа (88–89) слова адносіцца да ліку тых, якія папоўнілі беларускі тэзаўрус у XVI ст. у выніку найбольш інтэнсіўных сувязей Вялікага княства Літоўскага з Крымскім ханствам. Магчыма, гэта і так, паколькі ў помніках рус. пісьменнасці слова не адзначаецца. Шанскі (2, К, 25) далучае да гэтых слоў антрапонім Калѣка Карпъ Даниловичъ з Пскоўскага I летапісу, адзначанага пад 1341 г., аднак прыклад гэты вельмі двухсэнсоўны. У той жа час няма нейкіх прыкмет таго, што ў ст.-бел. мове гэта слова не з бел. гаворак, а з цюрк. моў. Ва ўсякім разе ў гаворках слова ведаюць дастаткова добра і, відаць, даўно, аб гэтым сведчыць пранікненне яго на захад. Калі лексема сапраўды цюркізм, крыніцу неабходна шукаць у цюрк. мовах і гаворках, якія геаграфічна кантактавалі з усх.-слав. мовамі. Аднак цюркская версія не задавальняла шэраг аўтараў, а альтэрнатыўныя версіі не пераконваюць (ні сувязь з лац. cadūcus праз італ. caluco ’бедны, жабрацкі’, ні з ц.-слав. клосьнъ ’кульгавы’, балг. дыял. клосан, ’пакалечаны’, арм. kał ’паралізаваны, кульгавы’, гоц. halts ’кульгавы’) як небездакорныя ў розных адносінах. Таксама нельга прыняць спробу Шанскага, ЭИРЯ, VII, 132, вытлумачыць слова на ўсх.-слав. глебе як уторанае з прэфіксам ка‑. Параўн. яшчэ каліка (гл.).

Кале́ка2 ’рыба мянтуз, Lota’ (ваўк., Бір. Працы ІМ, 6, Бяльк., Дэмб.; полак., Жук., З нар. сл.; Мядзв., Нас.; бых., Рам.; круп., Сл. паўн.-зах.; ваўк., Сцяшк.), ’рыба ёрш’, таксама ў форме калечка (Мат. Маг.), ’рыба падкаменшчык, Cottus gobio’ (Жук.); з такім значэннем ёсць і ў суседніх рус. рост., смал. калека і калечка ’мянтуз’, фактычна беларускае. Апрача гэтага, Даль з паметай чарнамор. падае калѣка ’мянтуз’. Статус апошняга няясны, відаць, ніяк нельга разглядаць гэту фіксацыю як сведчанне аб яшчэ адным арэале распаўсюджання слова. Не выключана, што суадносіцца з калека1, ва ўсякім раз« менавіта такое народнаэтымалагічнае асэнсаванне назвы ёсць і заснавана на нейкіх спецыфічных прыкметах гэтай рыбы. Паводле геаграфіі — беларуская інавацыя. Калі прымаць прапанову Голуба–Копечнага, 227, адносна чэш. mnik ’дробная рыба’, можна вельмі асцярожна меркаваць, што назва калека магла адлюстроўваць тую ж семантыку. Параўн. у рус. дыял. дражнілцы: «Калечина‑малечина, много часов до вечера?», дзе як быццам суаднесены дэрываты ад калека і асновы мал‑. Аднак менавіта па семантычнаму крытэрыю гэта версія ўступае папярэдняй. Яшчэ аб адной магчымасці тлумачэння сведчыць дэфініцыя ў рукапісным слоўніку Мядзведжага: «калека… з печані якога здабываецца тлушч, які ўжываецца ў якасці лекаў», аднак мадэль утварэння, якую можна выкарыстоўваць для данага выпадку, не вельмі ясная. Спецыфічная геаграфія (у асноўным паўночныя і ўсходнія гаворкі) і адсутнасць слова ў паўднёвых не выключаюць магчымасці запазычання слова з балтыйскай (прыбалтыйска-фінскай?) крыніцы, аднак інфармацыі, каб пацвердзіць такую думку, у нас няма. Не выключана таксама, што слова неабходна суаднесці з слав. каlъ (гл. кал).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. з кім-чым і без дап. Забаўляцца, пацяшацца (звычайна пра дзяцей). Гуляць з цацкамі. □ Дзеці пабеглі гуляць, і Святлана засталася ў хаце са Сцепанідай Андрэеўнай. Шахавец. Аднойчы Гошка прапанаваў сябрам сабраць усіх малых дзяцей у адно месца і гуляць з імі. Даніленка. // у што. Праводзіць час за якім‑н. заняткам з мэтай адпачынку, забавы. Гуляць у жмуркі. Гуляць у шахматы. Гуляць у карты. □ Перад выхадам на дэманстрацыю група дзяўчат і хлопцаў гуляла ў валейбол. Лынькоў. // перан.; у што. Займацца якой‑н. справай несур’ёзна, для выгляду; прыкідвацца занятым чым‑н. Гуляць у дэмакратыю. □ [Лютынскі:] Я не з’яўляюся непраціўленцам злу: міндальнічаць і гуляць у шляхетнасць не буду. Крапіва.

2. Хадзіць паціху для адпачынку, задавальнення; прагульвацца. Гуляць па парку. Гуляць па калідоры. □ Першы раз Лабановіч зайшоў да падлоўчага вечарам таго ж самага дня, калі хадзіў гуляць на чыгунку. Колас. // перан. Раз’язджаць, расхаджваць усюды, адчуваючы сябе гаспадаром становішча; гаспадарыць. — Лубян з гранатамі па вёсках гуляе, машыны нямецкія па шашы падрывае. Шамякін. // перан. Перамяшчацца ў розных напрамках, прыводзіць што‑н. у рух (пра з’явы прыроды). Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя вятры. Шчарбатаў. Па саламяных стрэхах гуляў агонь. Бядуля. // перан. Біць, сячы (пра плётку, бізун і пад.). Цень мінуўшчыны праклятай, Дзе бізун гуляў з нагайкай, Змецяцё вы, арляняты, сваёй новай сілай, байкай. Купала. // перан. Шырока распаўсюджвацца (пра хваробу, чутку і пад.). Па Караліне гуляла ўжо чутка, што Салвесевы сыны ледзь не пазабіваліся. Сабаленка.

3. на чым, у чым. Пералівацца рознымі колерамі. Па небе гулялі паўночныя сполахі. Шамякін. // Быць у руху, змяняцца (пра ўсмешку і пад.). У мельніка гуляла па твары сытая ўсмешка. Чорны.

4. Быць свабодным ад работы, не працаваць. Гуляць увесь выхадны дзень. □ [Стары:] — Цэлае лета, кажаш, гуляеш? Гм, дык чым жа табе нядобра? Дзівак чалавек... Хе-хе! Галавач. // Быць свабодным, незанятым, нявыкарыстаным (пра зямлю, рэчы і пад.). — Нам можна і на падлозе пераспаць, — прапанавала Галя. — Дык чаго гэта на падлозе, калі ложак гуляе. Ён жа ў мяне толькі для красы і стаіць. Сабаленка. Хто часта мяняе, у таго хамут гуляе. Прыказка.

5. Весяліцца (з песнямі, танцамі і пад.). Збірайцеся, людзі, Заходзьце, сябры. Сягоння мы будзем Гуляць да зары. А. Александровіч. // Быць удзельнікам якога‑н. свята, урачыстасці. Гуляць вяселле. Гуляць дажынкі. // што. Абл. Танцаваць, скакаць. — Умею адну толькі польку, дык тут жа яе не гуляюць. Арабей. // перан. Хутка рухацца; весяліцца (пра рыбу, жывёл). На сярэдзіне [азярца] час ад часу разыходзяцца кругі, чуваць усплёск — гуляе рыба. Навуменка.

6. з кім. Разм. Знаходзіцца ў любоўных адносінах; любіцца. У Васіля была дзяўчына, з якою, як казалі на сяле, ён гуляў ужо каля двух гадоў. Васілевіч. Колькі год я з ім гуляю, А не прыйдзе ў сваты, Толькі ўвечары ад гаю Давядзе да хаты. Дзеружынскі.

•••

Вецер (гуляе) у галаве гл. вецер.

Гульма гуляць — зусім нічога не рабіць; лодарнічаць. — Чаго ты там молішся? — азвалася мачыха. — Вазьмі ды карове вынесі, а то прывык гульма гуляць, дык работа яму і не рупіць. Сабаленка.

Гуляць з агнём — брацца за рызыкоўную справу, не думаючы аб выніках.

Гуляць па руках — перадавацца ад аднаго чалавека да другога, пераходзіць з рук у рукі.

Гуляць у бірулькі — займацца пустымі справамі, дарма траціць час.

Гуляць у жмуркі (хованкі) — хітраваць, утойваць што‑н. ад каго‑н. — А кінь ты, Астап, у жмуркі гуляць, не дзеці мы. Падпілавалі мост Шведавы хлопцы. Лынькоў. — Нешта ты ў хованкі пачаў гуляць? Круціш-круціш. Не чакаў я ад цябе. Кандрусевіч.

Гуляць у ката і мышку (мыш) — хітраваць, імкнуцца абмануць каго‑н.

Гуляць у маўчанку — ухіляцца ад размовы, адмоўчвацца.

Хоць у жмуркі гуляй — цёмна, нічога не відаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)