Жа́бнік 1 ’пасудзіна для захоўвання жаб’ (ТСБМ). Ад жа́ба 1, відаць, праз прым. жабн‑ы з суф. ‑ік (*жабнае месца).
Жа́бнік 2 ’расліна Hydrocharis L. (парэз), водарасць, якая свабодна плавае’. Відаць, ад жа́ба 1 паводле суіснавання ў вадаёме або іншых прыкмет. Выкарыстоўваецца і як назва іншых раслін (параўн. рус. дыял. жабник ’Filago L. Ranunculus ficaria L., Menyanthes trifoliata L.’ і інш., укр. жабник ’Filago L.’).
Жа́бнік 3 ’від шчупака’ (навагр., Жыв. сл., 9). Ад жа́ба 1, паводле таго, што гэты від паядае жаб. Параўн. рус. дыял. жабник ’журавель’ (СРНГ), укр. жабоїд ’бусел’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
прыпячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце, ‑пякуць; пр. прыпек, ‑пякла, ‑пякло; заг. прыпячы; зак.
1. каго-што. Разм. Пратрымаўшы доўгі час на агні, на жары, падпаліць. Прыпячы пірагі. // Трохі, злёгку спячы; апячы. Прыпячы руку правам. □ А запалка дагарэла і — чуць не прыпякла пальцаў — стухла. Баранавых.
2. каго-што і без дап. Моцна прыгрэць (пра сонца). На другі дзень, калі шчодра прыпякло гарачае веснавое сонейка, расада раптам пачала вянуць... Якімовіч. // безас. Пра адчуванне моцнай гарачыні. Наступаў Кірыла так напорыста і рашуча, што ледзь не ўлез у агонь — наблізіўся да кастра так блізка, што яму прыпякло калена. Шамякін. У Каляды тлела гімнасцёрка, але ён не заўважаў гэтага, вёў агонь, аж пакуль добра не прыпякло. Гурскі. // перан.; безас. Прыйсціся цяжка, крута. Чаго ж.. [Томчак] даў цягу адтуль у Польшчу? Відаць, прыпякло. Бажко. — На тваім месцы і я каго-небудзь супакойваў бы. А калі самому прыпякло... Асіпенка.
3. што. Прыкласці што‑н., змазаць чым‑н. едкім, пякучым (для лячэння, дэзінфенкцыі); прыпаліць. Прыпячы парэз ёдам.
4. што і чаго. Разм. Спячы дадаткова, у дадатак да ўжо спечанага. Прыпячы хлеба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассячы́ і рассе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. рассек, ‑ла; зак., каго-што.
1. Разбіць, раздзяліць на часткі, кавалкі ўдарам вострага прадмета. Рассячы калоду. Рассячы костку. □ Сякера яе глыбока сядзела ў сукаватым яловым палене, якое .. [цётка], відаць, марна старалася рассекчы папалам. Быкаў. // перан. Быстрым рухам, узмахам як бы разрэзаць, раздзяліць (паветра, ваду). — Аб чым гаворка, збяром дошак, — рассек рукою паветра дзед з шырокаю барадою. Гурскі. // перан. Рэзка прагучаўшы або засвяціўшы, парушыць цішыню, рассеяць змрок і пад.; разарваць. Раптам мірную цішыню лесу рассеклі кароткія стрэлы. Шамякін. Зарніца рассекла цемру, і ў палахліва-яркім святле Майка ўбачыла, як аднекуль, з зарыва, падаў проста на яе чалавек з распасцёртымі рукамі. Караткевіч.
2. Нанесці глыбокую рану, парэз чым‑н. вострым. — Чаму ты тупіцаю колеш? — Бо тата не дае вострае сякеры. Кажа, што я яшчэ калена рассяку сабе. Чорны.
3. Прайсці па паверхні чаго‑н., падзяліўшы на часткі. Граніца, якая рассекла Беларусь на дзве часткі пасля Рыжскага дагавору, стала на шляху [дадому] неадольнай перашкодай. Данілевіч. // Прарваўшы, раздзяліць (войска, фронт, армію праціўніка).
•••
Рассячы гордзіеў вузел — смела, рашуча вырашыць якія‑н. цяжкасці, супярэчнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)