Ару́д1 ’засек’, гару́д (Гіст. мовы, 2, 59), ару́да (Яруш.). Рус. зах. ару́д ’тс’, польск. вільн. (h)orud ’тс’. Ст.-бел. орудъ (Гіст. лекс., 148). Беларускае (як і польскае) з літ. arúodas (Грынблат, Белор., 152; Кіпарскі, Лекс. балт., 14; Аткупшчыкоў, Лекс. балт., 32; Курс суч., 159 — у форме аруда; Гіст. лекс., 148; Урбуціс, Baltistica, V (I), 1969, 47–48). Карскі (Труды, 391) адзін з першых высунуў думку пра літоўскае паходжанне бел. аруд, лічыў беларускае слова рэдкім, без пратэтычных в або г і з неславянскім коранем. Адзначым, што ў не так ужо рэдкага беларускага слова ёсць і форма з пачатковым г‑, а таксама, што ў старабеларускай на пачатку пісалі о‑; этымалогію літоўскага слова нельга лічыць бездакорнай. Параўн. рус. орудница ’кладоўка зброі’ (ці не орудий?). Гл. Супрун, Балтийские яз., 42.

Ару́д2парушальнік грамадскіх правіл паводзін’ (КЭС, брэсц.). Магчыма, бязафіксны назоўнік ад дзеяслова арудаваць, параўн. укр. дыял. оруда ’праца, кіраўніцтва’ (застар.), ’клопат’, орудар ’верхавод’, ці не сюды ж прозвішча Арудко (Бірыла, Бел. антр., 242). Параўн. смал. а́ред ’шум, непарадак’, магчыма, звязанае з а́ред ’стары чалавек, чорт’, сувязь аруд са словам аред няпэўная (адрозненні ў фанетыцы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

забе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. забег, ‑ла; заг. забяжы; зак.

1. Бегучы, трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Казёл забег у агарод. □ Ля кладкі ў брод забеглі дзеці — усім па кветачкі вада. Ляпёшкін. — У хлопцаў ногі лёгкія, як бачыш забягуць дадому. Гамолка.

2. Зайсці куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт. Шамякін. Як на тое, у пакой забег Вадзімка. Чагосьці пашукаў пад ложкам і выбег. Сабаленка.

3. Абагнаць каго‑н., перагарадзіўшы дарогу. [Боганчык] бег, б’ючы каленам аб заднюю вось; цягнуў за лейцы, накручваючы іх на руку, і чуў: нічога не можа зрабіць. Пасля падумаў, што трэба забегчы каню наперад. Пташнікаў. «Ты мой, як міленькі, толькі каб не дапусціць цябе да алешніку», — думаў Павел, стараючыся забегчы ад кустоў. Тады парушальнік змяніў кірунак і кінуўся ў бок сасновага лесу. Пальчэўскі.

•••

Забегчы наперад — а) зрабіць што‑н., парушыўшы паслядоўнасць; б) апярэдзіць каго‑н. у дасягненні, атрыманні чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Колер, які атрымліваецца пры змяшэнні чорнага і белага; колер попелу. — А хіба наш Барсік не «вучоны»? — хітравата спытала маці і паклікала з кутка пушыстага шэрага ката. Шыловіч. На фоне шэрага неба Званчэй залаціцца восень, І крык жураўліны нема Для неба сінечы просіць. Тармола. Па цёмным балоце, Дзе шэры лішайнік, .. след у чароце Забыў парушальнік. Куляшоў. // Бледны, як попел (пра твар чалавека, пра чалавека з такім тварам). Твар шэры, скулы завастрыліся, шчокі запалі, пад вачыма мяшэчкі. Хомчанка. Пятро выпусціў лейцы і ўраз абмяк, згорбіўся, твар яго зрабіўся шэрым, як запылены попелам. Шамякін. // у знач. наз. шэ́ры, ‑ага, м.; шэ́рая, ‑ай, ж. Пра жывёлу такога колеру. З-за Урала Пад Ушачы Шэрага [ваўка] Вязуць з пашанай. Барадулін.

2. Хмурны, не сонечны (пра надвор’е). Шэры, непрыветлівы дзень наганяў маркоту. Асіпенка. Дажджлівая, шэрая ноч прайшла без трывогі. Брыль. Раніца выдалася шэрая, мароз паслабеў, паўднёвы вецер нёс пах блізкай адлігі. Хадкевіч. Грыша толькі цяпер заўважыў, што шэры асенні дзень пасвятлеў і ў суцэльнай пялёнцы туману сям-там віднеліся прагаліны. Пальчэўскі. / у вобразным ужыв. — Той сакавік усім даўно абрыд, Вятры яму хаўтурнае свісталі, І на душы быў шэры краявід З малой надзеяй вельмі на світанне. Лужанін.

3. перан. Бясколерны, бедны зместам, які не ўражвае. Нярэдка з’яўляліся малавыразныя, шэрыя творы. «Полымя». Даўні сябра галоўнага рэдактара прынёс апавяданне. Шэрае, доўгае, нецікавае. Бяспалы. Вершу б не быць неабчэсаным, шэрым І не ляжаць у пісьмовым стале, Калі б не пісалі яго на паперы, А высякалі яго — на скале. Смагаровіч. У яго [Пысіна] няма нудных і шэрых замалёвак, няма траскучых, напыш[лів]ых радкоў, няма доўгіх вершаў-вяровак. Бялевіч. // Аднастайны, будзённы, не напоўнены яркімі падзеямі. І пацягнуліся адзін за адным шэрыя, поўныя трывожнага чакання дні. Бяганская. Мінулася дзяцінства і юнацтва. А было яно шэрае, не сагрэтае ні мацярынскімі клопатамі, ні ласкай. Гаўрылкін. // Змрочны, нярадасны. Эх, агульная кватэра, І далася ты мне ў знак!.. Светлы дзень здаецца шэрым, Як мне быць, скажыце, як? Кляўко.

4. Непрыкметны знешне і ўнутрана, нецікавы. Мужчын-настаўнікаў — трое.. Астатнія — немаладыя жанчыны, шэрыя і нецікавыя. Навуменка. Нікому ніколі тут гэтая шэрая асоба не кідалася ў вочы. Чорны. // Раней — які не адносіўся да прывілеяваных класаў; просты. Ды яшчэ збіраліся пажылыя дзядзькі: скардзіліся адзін аднаму на свой лёс, расказвалі дзіўныя гісторыі, каб забыць хоць на час пра сваё шэрае жыццё. Шахавец.

5. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў. Шэры папугай. Шэрая качка.

•••

Шэрая гадзіна гл. гадзіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)