ру́бам, прысл.

Вузкім краем або вузкай стараной уверх; вертыкальна. [Крыгі] станавіліся рубам, сярдзіта выпіналіся з вады, пагражаючы змесці ўсё на сваім шляху. Броўка. Яны падышлі ўжо да Ларысінага дома. Перад вокнамі тут быў разбіты невялікі палісаднік, хутчэй клумба, абкладзеная рубам пастаўленымі цаглінамі. Арабей.

•••

Ставіць пытанне рубам гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Узнавіць у памяці; прыпомніць. Як ні стараўся Лыкоўскі, падрабязнасцей сустрэчы прыгадаць не мог. Васілёнак. [Хлебнікава] прыгадала сваю вуліцу, знаёмых, свой дом, што стаіць на Сакалінай гары ў Маскве. Гамолка. — Ну, чый жа ты цяпер падданы? — прыгадаў .. [пану Крулеўскаму] дзед Талаш тое ж пытанне, што сам чуў колісь. Колас. Начальнік эксплуатацыі нават не прыгадаў, што ў распараджэнні інжынера быў тэлефон. Шынклер. // Прыпомніўшы, пазнаць, зразумець. Пятро не адразу прыгадаў, хто гэта жанчына. Пальчэўскі. Толькі, бадай, праз хвіліну [Клаўдзя] прыгадала: гэта ж Тася Хлябніцкая! Баранавых. Вася і Валерый прыгадалі: гэтак стары назваў гаспадара той сядзібкі, што стаіць наводшыбе. Б. Стральцоў.

2. Навесці на ўспамін, прымусіць успомніць што‑н. па асацыяцыі. Гэты вечар, што застыў на шыбах Сіняю каймой, Прыгадаў мне дальнія сялібы, Палісаднік мой. Тарас. Адышла з вачэй, адпала Невыносная журба, Многа сэрцу прыгадала Берасцяная труба. Броўка.

3. Прыпомніць каму‑н. зробленае з мэтай адпомсціць, пакараць. — Вабейка яшчэ прыгадае табе ўсё — пачакай... Хадкевіч. Ах ты, шашаль папяросы! — Прыгадаем табе гэта! Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фанта́н, ‑а, м.

1. Струмень вады або якой‑н. вадкасці, які з сілай выкідваецца ўгору пад высокім ціскам. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта, Б’е стуль, скуль і не сніў прыгонны дзед. Купала. Параўняўшыся з Макарам і Зінай, Пеця набраў вады ў рот і выпусціў яе ўгару многаструменным фантанам. Васілёнак. Кроў лінула фантанам. Дамашэвіч. // Архітэктурнае збудаванне, з якога б’юць уверх струмені вады. Перад домам быў палісаднік з клумбамі кветак, з маленькім фантанам. Шамякін. // перан.; чаго або які. Маса чаго‑н., якая высока ўзлятае ўгору, з сілай вырываецца адкуль‑н. Высока ў неба падняўся вогненны фантан. Новікаў. Снарады і бомбы, уздымаючы фантаны гразі, глуха падалі ў балота. Няхай.

2. перан. Разм. Невычэрпны паток чаго‑н. (слоў, лаянкі і пад.). Фантан красамоўства. □ Радасць рабочага пісьменнік цесна звязвае са свабоднаю працаю. Гэта не тая беспрадметная радасць, якая яшчэ зусім нядаўна біла фантанам у многіх творах маладнякоўцаў, але сутнасці якой некаторыя маладыя пісьменнікі яшчэ часта не тлумачылі. Арабей.

3. Збудаванне для падачы вады пад напорам.

[Ад лац. fons, fontis — крыніца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)