кво́та, ‑ы, ДМ квоце, ж.

1. Частка, доля, норма таго, што дапускаецца ў абмежаванай колькасці. Іміграцыйная квота. Імпартная квота.

2. Велічыня падатку, які ўстанаўліваецца з кожнай адзінкі абкладання. Падатковая квота.

3. У капіталістычным манапалістычным аб’яднанні — устаноўленая сіндыкатам або картэлем доля кожнага ўдзельніка ў агульнай вытворчасці, збыце прадукцыі.

[Ад лац. quot — колькі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

частко́вы, ‑ая, ‑ае.

Няпоўны, які датычыцца толькі часткі чаго‑н., распаўсюджаны толькі на частку каго‑, чаго‑н. Частковы рамонт. Частковае вызваленне ад падатку. □ На жаль, намеры [Багдановіча напісаць падручны] канчаткова здзейснены не былі. Але нават частковае іх здзяйсненне робіць гонар паэту. Лойка. Частковае падабенства.. прозвішчаў прыводзіла часам да вясёлых непаразуменняў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чынш, ‑у, м.

Гіст. У феадальнай Еўропе — рэгулярныя натуральныя і грашовыя плацяжы зямельнаму ўласніку за карыстанне зямлёй. // На Беларусі і ў Літве ў 15–19 стст. — грашовы аброк. Селяніна на сувязь з рынкам штурхала перш за ўсё неабходнасць уплаты грашовага чыншу і выканання іншых павіннасцей, якія ўсё часцей замяняліся грашовым эквівалентам. «Весці». — Чынш да падатку не належыць, — уставіў слова паспакайнелы Сяргей. Чорны.

[Польск. czynsz ад лац. census — перапіс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тамга́ ’кляймо, метка, пячаць, пячатка’, ’гандлёвая пошліна’ (ТСБМ), ст.-бел. тамга, томга ’гандлёвае мыта’ (Ст.-бел. лексікон). З рускай мовы, параўн. стараж.-рус. тамга/*тамъга ’кляймо; пячатка; від падатку, уведзенага на заваяванай тэрыторыі Старажытнай Русі татара-манголамі’, пазней, у Маскоўскім княстве, — ’гандлёвая пошліна’. Ст.-цюрк. tamɣa ’пячатка, адбітак’, сучасныя манг. тамга́ ’пячатка; штэмпель; штамп’, ’кляймо, таўро’, ’туз (у картах)’, каз.-тат. тамга́ ’метка; таўро, кляймо; пячатка’, тур. damga ’кляймо, штэмпель; пломба; проба (на каштоўных вырабах)’ і інш. (Чарных, 2, 227; Фасмер, 4, 18; Анікін, 531).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ста́ўка¹, -і, ДМ ста́ўцы, мн. -і, ста́вак, ж.

1. У азартных гульнях: сума грошай, якую ігрок ставіць на карту.

Невялікая с.

2. Устаноўлены размер заработнай платы; аклад.

3. Норма вылічвання падатку, аплаты чаго-н. (спец.).

Тарыфная с.

Павышэнне ставак.

4. Максімальна дапушчальны працоўным заканадаўствам і рэгламентам арганізацыі аб’ём працы, адпаведны пэўнай штатнай пасадзе (звычайна ўстаноўленая колькасць гадзін выкладчыцкай нагрузкі ў ВНУ).

Працаваць на палову стаўкі.

5. перан., на каго-што. Разлік, арыентацыя на каго-, што-н., імкненне грунтаваць свае дзеянні на чым-н.

С. на свае сілы.

С. на мясцовыя ўлады.

Вочная стаўка — адначасовы перакрыжаваны допыт асоб для праверкі паказанняў, якія прыцягваюцца па адной справе.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

скі́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Змяншэнне якой‑н. сумы, вызначанай нормы; паніжэнне цаны на што‑н. — Дык скідкі не зробіш, дзядзька? — усміхаючыся, запытаў Клім. — Скідкі? Не... Хаця... для цябе тройку скіну, а ты мне за гэта пач[а]к махоркі дасі. Ладна? Галавач. [Каморнік Варановічу:] — Вам цяпер далі скідку з падатку на канюшыну?! Чорны.

2. Зніжэнне патрабаванняў да каго‑, чаго‑н., уступка. [Карн:] — Цяпер ужо ты камандуй мной. І глядзі, каб ніякай там скідкі, патурання не даваў ні мне, ні каму з нас. Шамякін. [Дзімін:] — Не так у нас, маўляў, многа галоўных інжынераў, каб не рабіць ім скідак!.. Карпаў.

3. Скачок звера ўбок пры бегу, каб заблытаць сляды. Побач прабег палахлівы бяляк, Скідку зрабіў — і падаўся на [лежню]. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

І́сціна ’праўда’ (ТСБМ, Бяльк.), ’пазыка без працэнтных нарашчэнняў або сума чыстага падатку без пені’ (Бяльк.), ’ісцінны, сапраўдны доўг’ (Шат.), истина ’чысты капітал’ (Шн., 2, 403), и́сцинна ’праўда’, ’сапраўдная колькасць чаго-н. узятага ці пазычанага’ (Нас.). Рус. и́стина ’праўда’, дыял. и́стинник ’наяўныя грошы, капітал’, ’першапачатковая сума крэдыту без працэнтаў’, укр. їстина ’капітал, асноўны капітал’, ’ісціна’ (Грынч.), польск. iścina ’сапраўднасць, сутнасць’, ’уласнасць’, ’наяўнасць’, чэш. jistina ’наяўнасць, капітал’, славац. istina ’тс’, славен. îstina ’праўда’, ’асноўны капітал’, серб.-харв. и̏стина ’праўда’, балг. и́стина ’тс’, макед. истина ’тс’. Ст.-слав. истина ’праўда, сапраўднасць’, ’дакладнасць’, ст.-рус. истина, истинна ’праўда’, ’сапраўднасць’, ’справядлівасць’, ’сапраўдная колькасць тавараў, грошай (без прыбытку)’, ст.-бел. истина ’праўда’. Прасл. вытворнае з суф. ‑ina (Мейе, Études, 450–452) ад *jьstъ (гл. існы). Трубачоў, Эт. сл., 8, 242; Фасмер, 2, 142; Слаўскі, 1, 472 (семантычны пераход ’правільнасць, праўда’ → ’рэч правільная, сапраўдная, істотная, галоўная, якая забяспечвае’; параўн. лац. capitalis ’галоўны’ — капітал); Шанскі, 2, I, 131 (запазычанне са ст.-слав.). Няма падстаў лічыць бел. слова запазычаным з рускай (як Крукоўскі, Уплыў, 34).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

доўг, ‑у, М доўгу і даўгу, м.

1. Тое, што і абавязак. Грамадзянскі доўг. □ Верныя даўгу свайму, Сябры, ідучы на заданне, Здубелыя рукі яму [кастру] Працягвалі на развітанне. Кляўко. — Перадай, Як нашыя спытаюць, Скажы ім — доўг байца Я выканаў, хай знаюць, Як трэба, да канца. Куляшоў.

2. мн. даўгі, ‑оў. Тое, што ўзята ў пазыку, пазычана (пераважна грошы). Вярнуць доўг. Вялікі доўг. Разлічыцца з даўгамі.

3. мн. даўгі, ‑оў. Запазычанасць па абавязковых плацяжах. Даўгі па падатку.

•••

Аддаць свой (апошні) доўг гл. аддаць.

Залезці (улезці) у даўгі (у доўг) гл. залезці.

Не вылазіць з даўгоў гл. вылазіць.

Не застацца ў даўгу гл. застацца.

У даўгах па вушы — мець многа даўгоў.

У даўгу перад кім — быць абавязаным каму‑н.

У доўг — з умовай звароту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэві́зія, ‑і, ж.

1. Праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства, установы, арганізацыі, адказнай службовай асобы з мэтай праверкі законнасці, правільнасці і мэтазгоднасці іх дзеянняў. Рабіць рэвізію. Рэвізія магазіна. □ Часамі глаўк пасылаў .. [Казіміра] на рэвізію на другія заводы: у Канск, у Таўду, у Лысьву. Скрыган. Адсутнасць уліку маёмасці .. [Шаманскі] груба назваў злачынствам, паабяцаў арганізаваць рэвізію і вінаватых у адсутнасці ўліку і гаспадарчых стратах прыцягнуць да адказнасці. Дуброўскі. // Агляд чаго‑н. з мэтай праверкі. — А ўсё ж такі, брат Грышка, не шкодзіць, я думаю, пабыць табе на бухгалтарскіх курсах. Калгас наш расце, справа ўскладняецца, — заключыў рэвізію кніг старшыня калгаса. Колас.

2. Перагляд палажэнняў якога‑н. вучэння, тэорыі з мэтай унясення змен, паправак, якія парушаюць, скажаюць асновы гэтага вучэння, тэорыі.

3. Гіст. У Расіі ў 18 ст. і ў першай палове 19 ст. — перапіс сельскага і гарадскога насельніцтва для ўліку і вылічэння падушнага падатку.

[Ад лац. revisio — перагляд.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́ўка 1, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.

1. У азартных гульнях — сума грошай, якую ігрок ставіць на карту і якая ў выніку пройгрышу пераходзіць у банк да банкаўшчыка. Пачыналі гуляць спакойна, з невялікіх ставак. Машара. // Сума грошай, на якую закладаюцца. Да пачатку сустрэч публіка [у капіталістычных краінах] робіць грашовыя стаўкі на таго ці іншага баксёра. «ЛіМ».

2. Размер заработнай платы; аклад. Высокая стаўка. Тарыфная стаўка. □ [Петражыцкі:] — Седзіцё. Стаўка ідзе, ці дождж, ці снег. Пташнікаў.

3. Наменклатурная адзінка. [Павел Іванавіч:] — У нас пакуль што і стаўкі няма для вызваленага сакратара камітэта. Кулакоўскі.

4. перан.; на каго-што. Разлік, арыентацыя ў сваіх дзеяннях, планах на каго‑, што‑н. [Цыля:] — Рыбакоў цікавы чалавек .. Ён — марксіст. .. У яго стаўка на рабочых. Асіпенка. Робячы стаўку на шырокае народнае паўстанне, Кастусь думаў і пра яго кіраўнікоў і арганізатараў. Якімовіч. Была зроблена стаўка на мясцовых камсамольцаў, якім лягчэй было спалучаць нелегальную работу з легальным жыццём у вёсках. Дзенісевіч.

5. Спец. Норма вылічвання падатку з якога‑н. аб’екта фінансавага аблажэння; норма аплаты пры правядзенні якой‑н. фінансавай аперацыі. Стаўкі падаходнага падатку.

•••

Стаўка біта — тое, што і карта біта (гл. карта). [Кунц:] Калі ён сапраўды не Лескавец, мая стаўка біта. Губарэвіч.

ста́ўка 2, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.

1. Месцазнаходжанне военачальніка і яго штаба. Нейкае нядобрае прадчуванне гняло дыверсанта ўсю дарогу, калі ён ішоў у Новае Сяло, дзе цяпер знаходзілася галоўная стаўка фашысцкага камандавання з усімі адпаведнымі штабамі і службамі. Ваданосаў.

2. Орган вярхоўнага галоўнакамандавання. Прыехаў сюды Лазавік летась, у лістападзе, з атрадам маракоў для разгону царскай стаўкі ў Магілёве. Хомчанка. Пры абмеркаванні пытанняў выкарыстання ў будучай аперацыі розных родаў войск і іх матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння да работы нарады ў Стаўцы прыцягваліся Галоўны маршал артылерыі Н. Н. Воранаў, Галоўны маршал авіяцыі А. А. Новікаў, маршал артылерыі Н. Д. Якаўлеў. «Звязда».

•••

Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання — вышэйшы орган кіраўніцтва ўзброенымі сіламі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

ста́ўка 3, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.

У выразе: вочная стаўка — адначасовы перакрыжаваны допыт асоб, якія прыцягваюцца па адной справе, для праверкі паказанняў. Аднойчы Банду павялі на вочную стаўку з Іванам Фёдаравічам Субачавым. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)