Знявага ’абраза’. Укр. знева́га ’тс’. Рус. дыял. изнева́га ніжнегар., урал.насілле, няволя, прыціск’, урал. ’непрыемнасць’, польск. zniewaga ’знявага’. Параўн. чэш. znevážiti, славац. znevažiť ’пазбавіць важнасці’, рус. смал. знева́жить ’зняважыць, абразіць’. Аддзеяслоўны бязафіксны назоўнік ад знева́жаць (з ‑не‑ < jьz‑ne‑) з коранем vag‑ (гл. вага); параўн. антанімічную пару паважа́цьпава́га. Значэнне аб’ядноўвае польск., бел., укр. мовы; крыніцай могуць быць як укр., бел. (паколькі існуе рус. іншазначная паралель; параўн. і знямога без польск. паралелі), так і польск. (наяўнасць ст.-польск. znieważca ’хто не паважае багоў’, чэш., славац.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіламо́ц ‘сілком, гвалтам, прымусам’ (Гарэц., Ласт.), ‘вытрымка, сіла волі’ (Сцяшк. Сл.), сіламо́ццю ‘сілком, прымусам’ (Нас., Бяльк., ТС, Нар. лекс., Пятк. 2), сіломо́ць ‘сілаю’ (ТС), сіламо́ццем ‘сілком’, ‘праз сілу’ (Ян., Мат. Гом.), сіламоцце ‘сіла, насілле’ (Нас.). Да сіла і моц (гл.). Рытарычная фігура з двух аднолькавых па семантыцы слоў, з якіх апошняе лічыцца запазычаным. Параўн. аднак укр. силомі́ць ‘сілком’, для якога ўзнаўляецца зыходнае спалучэнне з сила і *(й)міти ‘узяць’ (ЕСУМ, 5, 230–231), што на фоне беларускіх слоў падаецца верагодным, параўн. асабліва дзеяслоў сілуме́ць ‘сваволіць’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мус1 ’павіннасць, неабходнасць, прымус, насілле’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ; добр., Рам. 1), ’гульня ў карты без пасаў’ (Нас.), ст.-бел. мусъ ’неабходнасць, прымус’ (XVI ст.) — запазычанне са ст.-польск. mus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 137), якое з musieć (ст.-в.-ням. muoʒan, с.-в.-ням. müeʒen ’вольны час; мець магчымасць’, суч. ням. Muß, магчыма, з фразы man muß ’трэба’). У ст.-польск. мове mus (mos) яшчэ мела значэнне ’гарнец (мера)’.

Мус2, мусы ’зарослы травою выган’ (Нар. Гом. — І. Навуменка, КТС). Няясна. Магчыма, з ням. Mus ’ежа’ (г. зн. ’паша’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́гаць ‘чапаць’ (Бяльк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘турбаваць да хвалявання, расчуленасці’, тро́нуць ‘злётаў зачапіць’ (Юрч. Сін.), тро́гаць раны ‘напамінаць пра цяжкія перажыванні ў мінулым’ (Юрч. Фраз. 3), сюды ж, магчыма, ст.-бел. троганистый ‘турботны (?)’ (ГСБМ). Параўн. укр. трога́ти ‘кранаць, непакоіць, назаляць’, тронутися ‘стаць трохі ненармальным псіхічна’, рус. тро́гать ‘кратаць, дакранацца, чапаць; рушыць (у дарогу)’, ‘непакоіць, выклікаць спачуванне’, балг. тро́гвам ‘кратаць, кранаць’. Паводле існуючых тыпалагічных версій, супастаўляюцца з лат. treksne ‘ўдар, штуршок’, ст.-ісл. þreka ‘ціснуць’, ст.-англ. đracu ‘націск, насілле, гвалт’ (Мюленбах-Эндзелін, 54, 230) ці з лац. trahō, trahere ‘цягнуць, сунуць’. Калі не лічыць, што беларуская лексема запазычана з рускай мовы, пра што сведчыць перш за ўсё яе лінгвагеаграфія, то найбольш верагоднай з’яўляецца версія аб сувязі з то́ргаць (гл.) з перастаноўкай гукаў у сярэдзіне слова (Мікала, Ursl. Cr., 3, 92; ЕСУМ, 5, 646; Арол, 4, 105).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нахра́ць (ныхриць) і нахрит (?) ’гвалт, насілле’ (Нік., Оч.), нахритым ’гвалтоўна, сілай’ (там жа); нахрыццю ’нахабна’: ён нахрыцьцю лезе ў вочы (Ласт.), нахриццю (нахратью) ’зламысна’ (Нік., Няч.), на́хрыць (на́хриць) ’той, хто уздзейнічае на іншага насіллем, хто паводзіць сябе насуперак прынятым правілам і ўмовам жыцця’ (Нік., Оч.), нахритны (ны‑ хритный) ’дзёрзкі, гвалтоўны’ (там жа), рус. нахрит ’нахабнае нападзенне, грабеж; дзёрзкасць з насіллем, бессаромнае нахабства і раптоўнасць дзеяння’ (зах., Даль), ’бессаромны чалавек, нахабнік’, нахритом ’дзёрзка, нахабна; гвалтам’. Паколькі словы ў беларускіх гаворках ужываюцца паралельна з нахрип, нахрипам (гл.), магчыма дапусціць падабенства ва утварэнні, параўн. ахрипкі ’бацвінне, абрэзкі’ і ахриткі (ахряткі) ’аб’едкі’, з другасным паўнагалоссем ахариткі ’тс’ (гл.); што да незафіксаванага *храт‑ (< *храціць, Охраць ’біць, кідаць’), параўн. славен. hrėtiti se, hreti se ’выклікаць агіду’, славац. chriatiť sa ’рабіць высілак, сіліцца’, што ў сваю чаргу, магчыма, звязана з кратаць (гл.), параўн. славац. nakriatnuť ’прыгнуць, нагнуць, прымусіць сілай’ (Махэк₁, 162; Бязлай, 1, 202–203).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тэро́р, ‑у, м.

Палітыка расправы з палітычнымі і класавымі праціўнікамі з прымяненнем насілля аж да фізічнага знішчэння. Адзіночкі ў Лукішках былі разлічаны на аднаго чалавека, а сядзелі ў іх амаль заўсёды па два. А калі на волі разгараўся тэрор, дык і па тры. Машара. Дэспатычнае царскае самадзяржаўе, моцная ваенна-паліцэйска-бюракратычная дзяржаўная машына, тэрор і насілле, — вось што характарызавала парадкі Расіі пачатку ХХ ст. «Весці». // Памылковая і шкодная для рэвалюцыйнага руху тактыка партыі або асобных загаворшчыкаў, звязаная з арганізацыяй забойстваў дзяржаўных дзеячаў і адарваная ад рэвалюцыйнай барацьбы мае. Вопыт усёй гісторыі рускага рэвалюцыйнага руху, вопыт, які перасцерагае нас ад такіх прыёмаў барацьбы, як тэрор. Рускі тэрор быў і застаецца спецыфічна інтэлігенцкім спосабам барацьбы. Ленін. // Расправы над мірным насельніцтвам на акупіраванай тэрыторыі. У самай пушчы і вакол яе панаваў, пад выглядам барацьбы з партызанамі, бязлітасны тэрор. В. Вольскі.

•••

Белы тэрор — разгром рэвалюцыйных арганізацыя рабочага класа, масавыя арышты, забойствы рэвалюцыйных і прагрэсіўных дзеячаў як метад барацьбы буржуазнай контррэвалюцыі з рэвалюцыйным рухам.

Чырвоны тэрор — крайнія меры, якія прымае рэвалюцыйны ўрад для падаўлення супраціўлення класавых ворагаў і варожых дзеянняў унутранай і знешняй контррэвалюцыі.

[Ад лац. terror — страх, жах.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́ла, ‑ы, ж.

1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія чалавека, жывёліны. Быў.. [малодшы брат] дужы, як тур, і спадзяваўся на сваю сілу. Якімовіч. [Яўген Лубян] зрабіўся маўклівым, панурым, схуднеў, выцягнуўся, але не страціў сваёй фізічнай сілы і рухавасці. Шамякін. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі І носам рые, рве зубамі, І ўвесь пружыніцца і рвецца, Але нічога не ўдаецца, І ўсё слабее ў воўка сіла. Колас. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Фізічная магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Рука заблыталася ў водарасцях, і.. [Андрэй Міхайлавіч] раптоўна страціў сілы. Самуйлёнак. Пад цёплым душам да Шуры вярнуліся сілы. Ставер. Да работы ёсць ахвота, Сілы маю — хоць адбаў. Гурло. // Фізічнае ўздзеянне, насілле. [Сухадольскі:] А я вам заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч. // Жыццёвая энергія, жыццяздольнасць каго‑, чаго‑н. Усё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла. Колас.

2. Здольнасць чалавека да духоўнай дзейнасці, да праяўлення сваіх разумовых ці душэўных уласцівасцей (волі, розуму, характару і пад.). Сіла характару. Сіла волі. □ Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. Вялікія ідэі ў творы можа несці на сабе толькі чалавек з усімі яго супярэчнасцямі, слабасцямі і сілаю духу. Скрыган. // Сукупнасць фізічнай, духоўнай і разумовай энергіі чалавека, неабходнай для якога‑н. дзеяння, учынку і пад. Там галасы абуджэння. — Звонам вясны ў вушах, Сілай жыцця нятленнай Там маладзее душа! Звонак. Ва ўсім абліччы.. чалавека.. было столькі ўпэўненасці, столькі глыбокай унутранай сілы. Лынькоў. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Здольнасць, магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Палохала адказнасць, не ставала веры ў свае сілы. Карпаў.

3. Энергія, здольная выконваць якую‑н. работу, выводзіць цела, матэрыю са стану спакою або змяняць кірунак, хуткасць руху. Сіла цяжару. Цэнтрабежная сіла. □ Магутная сіла зямнога прыцяжэння пераадолена! Гамолка. Ракі непакорнай Грымучая сіла Днямі, начамі Турбіны няспынна круціла. Танк.

4. Прававая дзейнасць; правамоцтва. Сіла закону. // Фінансавая дзейнасць (каштоўных папер, грошай). Пакупная сіла рубля.

5. Улада, магутнасць. Сіла дзяржавы. Сіл калектыву. Сіла кіраўніцтва. □ [Бандароўна пану:] — Пі, гуляй з сваёй раўнёю, Покі ваша сіла, — Бандароўне больш да твару — Чымся ты — магіла. Купала. [Сымон:] — Ой, не, дзедку: проціў сілы Можна ставіць толькі сілу. Колас. // Здольнасць рабіць уплыў, уздзейнічаць на каго‑, што‑н. Сіла прывычкі. □ Пісьменнік раскрывае актыўную, жыццядзейную, сцвярджальную сілу шчырага кахання. Дзюбайла. Гунава глядзеў на.. [Тапурыя] ва ўпор, неадрыўна і востра, добра ведаючы сілу гэтага погляду. Самуйлёнак. // Здольнасць рабіць уражанне, пераконваць. Сіла доказаў. □ Здавён, аднак, у сілу слова веру! Лойка. Глядзіцца сцэна з неаслабнай увагай. Сіла яе — у глыбокай, хвалюючай дынаміцы. «Полымя». // Пра таго, хто (або тое, што) адыгрывае галоўную ролю ў чым‑н. Камуністы — магутная сіла Радзімы, У агні, быццам сталь, яны загартаваны. Танк. Нарэшце людзей на палетак Паклікала спелае лета. Камбайны — галоўная сіла, Пара і для іх наступіла. Смагаровіч.

6. Разм. Самае істотнае, галоўнае; сутнасць, сэнс. Чалавек павінен адчуваць сябе паўнапраўным гаспадаром у калгасе, — вось у чым сіла. Кулакоўскі. А сіла ў тым, на мой погляд, Які выконваеш загад. Колас.

7. Ступень праяўлення чаго‑н.; інтэнсіўнасць, напружанасць. Сіла ветру. Сіла выбуху. □ Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю. Колас. Гэты купалаўскі верш літаральна абляцеў усю Беларусь. Сіла яго дзейснасці была незвычайная. Кудраўцаў. // Велічыня, значнасць, глыбіня (разумовых ці душэўных якасцей, уражанняў, перажыванняў). Сіла таленту. Сіла гневу. □ Сіла і слабасць Талстога з вычарпальнай паўнатой ускрыты Леніным. «Маладосць». [Зёлкін:] Якая сіла канструктыўнага розуму ў Аляксандра Пятровіча. Крапіва. Сцёпкаў непакой дасяг[нуў] сваёй найбольшай сілы тады, калі ён ехаў апошнюю станцыю. Колас. Гэта тэма невымерная... У ёй і выпрабаванне волі, і боль адчаю, і сіла надзей, і веліч перамог. Скрыган.

8. Тое, што вымушае каго‑н. дзейнічаць так ці інакш. Карп рушыў на сваю сялібу — невядомая сіла цягнула яго туды. Шамякін. Нейкая сіла штурханула Пятра Сарокіна ў хату. Данілевіч.

9. часцей мн. (сі́лы, сіл). Матэрыяльная аснова, якая можа быць крыніцай якой‑н. энергіі. Сілы прыроды. Цяглавая сіла. □ Упёрся Даніла сваім целам на мосце на парэнчу ды стаяў, поглядам мераў вадзяную сілу. Баранавых.

10. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Частка грамадства, група, якая вызначаецца якімі‑н. характэрнымі прыкметамі ці накіраванасцю ў сваёй дзейнасці. Рухаючыя сілы рэвалюцыі. Сілы міру. Сілы сацыяльнага прагрэсу. □ У 90‑я гады XIX ст. на гістарычную арэну ў якасці самастойнай палітычнай сілы выходзіць расійскі рабочы клас. Івашын. Пісьменнік зусім не выпадкова паказаў сутыкненне процілеглых класавых сіл тагачаснай заходнебеларускай вёскі — рэвалюцыйна настроенага сялянства і яго антыпода — кулацтва. Майхровіч.

11. часцей мн. (сі́лы, сіл). Войскі. Узброеныя сілы. Марскія сілы. □ Асноўныя сілы і спыніліся на ўскраіне лесу. Лынькоў. На вакзале .. [Дзічкоўскага] чакалі прадстаўнікі паветраных сіл. Алешка. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. Прыйшлі дні вялікіх партызанскіх баёў з грознай сілай ворага. Чорны.

12. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Людзі, якія складаюць які‑н. вытворчы калектыў; людзі падобнай прафесіі. Педагагічныя сілы. Артыстычныя сілы. □ Наша беларуская літаратура мае добрыя творчыя сілы. Дуброўскі.

13. у знач. прысл. сі́ламі. Пры дапамозе, з удзелам каго‑н. Сіламі калектыву. □ Многа ўвагі Ірына аддавала спектаклям у Мінскай гімназіі, дзе яна вучылася. Тут часта арганізоўваліся сіламі навучэнцаў пастаноўкі, якімі кіравалі педагогі. «Полымя».

14. каго-чаго. Разм. Велізарная колькасць, мноства. Кожную восень збіраўся вялікі кірмаш, сіла людзей з’язджалася... Грахоўскі. [Валодзя:] — Бачыце ж, ні за што сам [сусед] не ўзяўся. Відаць, грошай сілу мае, а грошы, яны, брат, такія ўчэпістыя, што могуць не толькі шафу ці канапу на пяты паверх зацягнуць. Сабаленка.

•••

Адваротная сіла закона — пашырэнне дзеяння закона на тое, што адбылося да яго выдання.

Жывая сіла — людзі і жывёла (пры супрацьпастаўленні тэхніцы, механічнай сіле).

З пазіцыі сілы гл. пазіцыя.

Конская сіла (уст.) — адзінка вымярэння магутнасці.

Прадукцыйныя сілы — сукупнасць сродкаў вытворчасці і людзей, якія прыводзяць іх у рух.

Рабочая сіла — здольнасць чалавека да працы, г. зн. сукупнасць яго фізічных і духоўных магчымасцей, якія выкарыстоўваюцца ім у працэсе вытворчасці.

Агульнымі сіламі — усе разам, супольна.

Ад сілы — самае большае. Чалавек быў яшчэ зусім малады, яму было ад сілы гадоў васемнаццаць. Лынькоў.

Брацца (убірацца) у сілу гл. брацца.

Выбіцца з сіл гл. выбіцца.

Высмактаць (усе, апошнія) сілы гл. высмактаць.

З апошніх (астатніх) сіл — колькі ёсць магчымасці, з гранічным напружаннем (рабіць што‑н.).

З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).

З усёй сілай — з выкарыстаннем усіх магчымасцей. Я таксама з усёй сілай Крыкнуў бы раз-пораз. Колас.

З усёй (усяе) сілы; на ўсю (поўную) сілу; з усіх сіл — з найбольшым напружаннем, інтэнсіўнасцю; што ёсць моцы.

(Не) па сіле каму; (не) пад сілу каму — пра адпаведнасці (неадпаведнасць) магчымасцей, здольнасцей каго‑н. рабіць што‑н. Гарэнка вырашыў, што адна работа яму па сіле, работа вартаўніка. Вышынскі. Калі справа не пад сілу, Дык на плечы не бяры. Лужанін.

Не сіла — пра немагчымасць зрабіць што‑н. Не сіла яго [Яначкі] на гэтую работу: ногі дрыжаць, рукі млеюць. Крапіва.

(Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што‑н.

Не шкадуючы сіл гл. шкадуючы.

Нячыстая сіла — чорт, д’ябал.

Па меры сіл гл. мера.

Сваімі (уласнымі) сіламі — самастойна.

Увайсці (увабрацца) у сілу гл. увайсці.

У сіле — а) у стане фізічнага і духоўнага росквіту; з вялікімі магчымасцямі. Навошта мне піць ваша зелле: Я ў сіле, яшчэ малады. Смагаровіч; б) у разгары, у росквіце. Хоць сведчаць грымоты. Што жнівень У сіле яшчэ і красе, Ды ўжо нашай вуліцай лівень Лісты да рачулкі нясе. Гілевіч.

Усімі сіламі — прыкладваючы ўсе намаганні, усё старанне.

Уступіць у сілу гл. уступіць.

Цераз (праз) сілу — звыш магчымасцей, жадання.

Цёмныя сілы — пра тое, што прыпыняе зло, шкоду.

Што (колькі) ёсць сілы — тое, што і што (колькі) ёсць духу (гл. дух).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)