Бушла́т. Рус. бушла́т, укр. бушла́т. Слова няяснага паходжання. Гінцэ (ZfSl, 5, 524) выводзіў з ням. Buschurunk ’матроская куртка, блуза і г. д.’ (з кантамінацыяй са словам халат). Кіпарскі зыходзіў з ням. Brustlatz ’нагруднік’ (гэту версію прымае Рудніцкі, 281).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
мані́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Нагруднік, пераважна з белай тканіны, прышыты або прышпілены да мужчынскай кашулі. Максім знімае з сябе студэнцкую тужурку, белы каўнерык і манішку, узіраецца ў маленькае люстэрка. Майхровіч. // Устаўка на грудзях у жаночай сукенцы.
2. Частка мужчынскай кашулі, якая закрывае грудзі. Кашуля з вышытай манішкай. □ З-пад расшпіленай фуфайкі бялела вышываная чырвоным крыжам манішка. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Мані́шка ’нагруднік, прышыты (прышпілены) да мужчынскай кашулі’, ’накладка на правую частку прарэха ў мужчынскіх штанах’ (ТСБМ, Жд. 1, Бяльк., Сл. ПЗБ). Укр. мани́шка, букав. мані́шка ’кветка, вышытая на матэрыі і прышытая да адзежы’, рус. манишка ’нашыўка на грудзях’. Польск. maniszka з рус. мовы. Відавочна, рускае з-за суфікса ‑ішк‑а. Да мана́ < мані́ць (гл.) у першасным значэнні ’нешта прыцягальнае, прывабнае’ (КЭСРЯ, 192–193).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пе́рсні ’грудзі ў каня’ (Бір. Дзярж.; саліг., Нар. словатв.). Паводле Крывіцкага (Нар. словатв., 112), слова узнікла з пе́рсці (гл.) паводле узору пе́рсцень ’пярсцёнак’ > пе́рсні ’тс’ (мн. л.). Можна дапусціць, што пе́рсні ўзыходзіць да прасл. *pьrsi ’жаночыя грудзі’ > ’грудзі’ > ’грудзі ў каня’ — асабліва пасля з’яўлення вупражы на каня, параўн. хамут мог разумецца як “пярсцёнак” на шыю. Параўн. славац. prsiny, серб.-харв. пр́сина ’нагруднік (збруя)’. Сюды ж персьцьні ’грудзі ў каня’ (пух., З нар. сл.) — у выніку кантамінацыі лексем пе́рсні і пе́рсці (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пе́рсці, перець ’грудзі ў каня’ (в.-дзв., Шатал.; ТС; ганц., беласт., Сл. ПЗБ; слон., арш., КЭС; Бяльк.; Янк. 2; Некр.; мазыр., З нар. сл.). Генетычна узыходзіць да персі. Мяркуецца (Махэк₂, 486), што слова магло абазначаць ’рэбры’, параўн. ст.-інд. parśu‑, ст.-інд. pr̥šṭí‑ (ж. р.) ’рабро’, але ў прасл. мове *pьrstь стала абазначаць ’грудзі ў каня’. Рэшткі ‑t‑ можна бачыць у чэш. prsotiny, prsosiny ’нагруднік’ (< *prstiny) і ў ням. Brust ’грудзі’. Раней Махэк (Recherches, 60) звязваў і.-е. *perкʼ‑ з *perst‑ > слав. pьrstъ ’палец’, прыводзячы ў пацвярджэнне той факт, што ў некаторых народаў (напр., у казахаў) нованароджанаму спачатку давалі смактаць палец, а не грудзі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)