Пе́рсці, перець ’грудзі ў каня’ (в.-дзв., Шатал.; ТС; ганц., беласт., Сл. ПЗБ; слон., арш., КЭС; Бяльк.; Янк. 2; Некр.; мазыр., З нар. сл.). Генетычна узыходзіць да персі. Мяркуецца (Махэк₂, 486), што слова магло абазначаць ’рэбры’, параўн. ст.-інд. parśu‑, ст.-інд. pr̥šṭí‑ (ж. р.) ’рабро’, але ў прасл. мове *pьrstь стала абазначаць ’грудзі ў каня’. Рэшткі ‑t‑ можна бачыць у чэш. prsotiny, prsosiny ’нагруднік’ (< *prstiny) і ў ням. Brust ’грудзі’. Раней Махэк (Recherches, 60) звязваў і.-е. *perкʼ‑ з *perst‑ > слав. pьrstъ ’палец’, прыводзячы ў пацвярджэнне той факт, што ў некаторых народаў (напр., у казахаў) нованароджанаму спачатку давалі смактаць палец, а не грудзі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)