Пе́рсі ’грудзі ў каня’ (кам., бых., КЭС; Нар. Гом.; беласт., шчуч., Сл. ПЗБ), (паэтычн.) ’грудзі ў чалавека’ (ТСБМ), укр. пе́рси, перс(а), рус. пе́рси грудзі, пярэдняя частка цела — ад шыі да жывата’, ’унутраныя органы, размешчаныя ў грудзях; лёгкія’, стараж.-рус. пьрсь; польск. pierś, piersi ’грудзі’, ’жаночыя грудзі’, чэш. prsy < prs, prso, prsa < ст.-чэш. prsi — мн. (парны) л. ж. р.; славац. prsia (н. р. мн. л.), славен. pŕsi (ж. р.), pŕsa (н. р.), серб.-харв. пр̏си, пр̏са ’грудзі’, ст.-слав. прьси. Прасл. *pьrsi, роднаснае літ. жамойцк. pìršys (ж. р.) ’грудзі ў каня’, ст.-інд. párçuṣ ’рабро’, авест. parəsu‑, pərəsu‑ ’рабро, бок’; асец. fars ’тс’, ’краіна, старонка’ — да і.-е. *perкʼ са значэннем ’рабро’ (Міклашыч, 342; Траўтман, 220; Покарны, 820; Фасмер, 3, 245; Махэк₂, 486; Бязлай, 3, 129). Відаць, прасл. *pьrsi азначала, аднак, ’жаночыя грудзі’, побач з *grǫdь ’грудзі чалавека’ і vъn‑ědro ’ўнутраныя органы’. Значэнне ’грудзі ў каня’ развілося ў некоторых гаворках пазней шляхам семантычнага пераносу ў сувязі са з’яўленнем конскай вупражы, параўн. персці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)