стрэ́ляны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якога стралялі; забіты са стрэльбы (пра дзічыну). Стрэляная слонка. // Які пабыў у баях, абстраляны. Стрэляны салдат. // перан. Вопытны, бывалы, які ўсё зведаў і да ўсяго прывык. [Валодзя:] — [Цішка] сам гаварыў. Да таго ж, відаць, стрэляны хлопец. Федасеенка. / у знач. наз. стрэ́ляны, ‑ага, м. Стрэлянаму, цёртаму ў жыцці з успамінам хочацца прайсці па слядах юнацтва. Русецкі.

2. Выкарыстаны для стральбы. Калі манеўры скончыліся, Слабодка хадзіла збіраць на балота стрэляныя патроны. Навуменка.

•••

Стрэляны верабей (стрэляная птушка) гл. верабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

манеўрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Рабіць манеўр, манеўры (у 1, 3 і 4 знач.). Манеўраваць у гэтым лесе не было як, і Андрэю прыйшлося адыходзіць проста да Дняпра па .. прырэчнай нізіне. Няхай. На станцыі манеўруе паравоз, перацягвае вагоны. Шамякін.

2. Лавіраваць, абыходзіць перашкоду. Шафёр пачаў манеўраваць, каб зручней пад’ехаць да месца. Хадкевіч. Людзей было столькі, што, каб прайсці, неяк трэба было абходзіць, манеўраваць, выкручвацца. Сабаленка.

3. перан. Дзейнічаць так, каб ашукаць каго‑н.; хітрыць.

4. перан.; чым. Перасоўваць, пераразмяркоўваць што‑н. для лепшага выкарыстання. Веданне тэхнікі, уменне правільна ёю манеўраваць забяспечылі.. механізатару поспех. «Звязда».

[Ад фр. manoeuvrer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. каго-што. Сунучы, перамясціць; перасунуць. Падумаўшы, што цяпер рабіць манеўры будзе цяжэй, Аляксей прывычным рухам перавёў рэверс, пасунуў рэгулятар. Васілёнак. Чалавек прайшоўся па хаце, пасунуў нагой табурэтку да стала, сеў. Асіпенка.

2. перан.; што. Прасунуць уперад, пасадзейнічаць развіццю чаго‑н. Але і тое, што вядома нам, дае права паставіць Францішка Багушэвіча ў рад буйнейшых пісьменнікаў свайго часу, лічыць яго першым, які перанёс слаўныя традыцыі паэзіі Шаўчэнкі і Някрасава на беларускую глебу, значна пасунуў наперад пасля Дуніна-Марцінкевіча развіццё беларускай літаратуры. Клімковіч.

3. Разм. Паволі пайсці, паплесціся, пасунуцца. [Карызна] задуменна схіліў галаву і спакваля пасунуў па вуліцы. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эвалю́цыя, ‑і, ж.

1. Развіццё, працэс павольнага, паступовага змянення ў прыродзе і грамадстве ў адрозненне ад рэвалюцыі. Эвалюцыя відаў расліннага і жывёльнага свету. Эвалюцыя галактык. // Наогул працэс змянення каго‑, чаго‑н. ад аднаго стану да другога. Эвалюцыя мастацтва. Эвалюцыя светапогляду. □ Літаратура XIX стагоддзя дае нам досыць багаты матэрыял, каб гаварыць аб пэўнай эвалюцыі поглядаў на ролю і прызначэнне чалавека ў жыцці. Навуменка. Цікавая эвалюцыя адбылася ў творчасці Я. Мініна. Ён паступова пераадолеў уласцівую асобным раннім працам інтымнасць, камернасць і звярнуўся да грамадска важных, актуальных тэм. Шматаў.

2. У філасофіі — форма развіцця, якая складаецца з паступовых колькасных змен, што падрыхтоўваюць якасныя змены.

3. толькі мн. (эвалю́цыі, ‑ый). Спец. Перамяшчэнні караблёў або войска, звязаныя з перагрупоўкай, змяненнем строю; манеўры. Тактычныя эвалюцыі арміі. // звычайна мн. (эвалю́цыі, ‑ый). Пэўны страявы прыём руху, манеўр, які ажыццяўляецца якой‑н. ваеннай адзінкай.

[Лац. evolutio — разгортванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ігра́,

1. Выкананне музычнага твора на якім‑н. інструменце. Час ад часу .. [Майбарада] спыняў ігру і, не адрываючы гармоніка ад губ, падоўгу глядзеў у неба, дзе плылі белыя хмаркі. Шамякін.

2. Выкананне сцэнічнай ролі. Поспех, якім карыстаецца «Паўлінка» ў пастаноўцы купалаўцаў, абумоўлен майстэрскай ігрой артыстаў. Ярош. Так забаўляла ўсіх .. ігра [дзядка], што цяпер мала хто ўжо сачыў і за ходам дзеі, і за перажываннямі герояў. Краўчанка.

3. Тое, што і гульня (у 2 знач.). Спартыўныя ігры. Ігра ў шахматы. Ігра ў карты.

4. Хуткая змена, пералівы колераў, святла і пад. Ігра фарбаў. Ігра колераў. □ [Калгаснікі] стаялі і сачылі га дзіўнай ігрой хмар. Шамякін. Коцяцца воды ўдаль, Хваляў чаруе ігра. Лявонны. // Выразная зменлівасць (твару, вачэй і пад.). Ігра мускулаў твару.

5. Наўмысныя дзеянні, якія маюць пэўную мэту; тайныя задумы, інтрыгі. Біржавая ігра. □ Пачулія, зацікаўлены, моўчкі глядзеў на Сімонавы манеўры. Ён хацеў разгадаць ягоную ігру. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)