Малі́наўка 1 ’заранка, Erithacus rubecula L.’ (ТСБМ, БелСЭ, Мат. Гом.), рус. малиновка ’тс’. Да малі́на, малі́навы (гл.). Названа паводле чырвонага колеру брушка птушкі. Гэта значэнне і ў лац. rubecula.
Малі́наўка 2 ’летняя яблыня з буйнымі ружовымі кісла-салодкімі яблыкамі’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’гатунак бульбы’ (гом., Мат. Гом.) названа паводле чырвонага колеру. Да малі́на (гл.). Аналагічна малі́наўка, маліноўка ’малінавая хустка’ (староб., ДАБМ, к. 332; Касп., Сцяшк. Сл., Мат. Гом.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
рэкла́ма, ‑ы, ж.
1. Мерапрыемствы, якія праводзяцца для таго, каб стварыць шырокую вядомасць каму‑, чаму‑н., прыцягнуць спажыўцоў, пакупнікоў, гледачоў. Задумана гэта [набыць мядзведзяў] было ў камерцыйных мэтах, дзеля рэкламы, каб прыцягнуць у пушчу багатых і вяльможных паляўнічых. В. Вольскі. — Лепшая рэклама, — заявілі.. [работнікі прылаўка], — гэта тавары высокага класа. «Звязда». // Распаўсюджанне звестак пра каго‑, што‑н., каб стварыць папулярнасць. — Рэклама мне не трэба, Антон Ягоравіч, не дзеля яе я пайшоў у калгас, мяне турбуюць іншыя рэчы. Хадкевіч. Відаць, гэтым людзям была патрэбна гучная рэклама і доказы энергічнай дзейнасці для справаздачы перад сваімі гаспадарамі-філантропамі. Машара.
2. Аб’ява, паведамленне з мэтай прыцягнуць увагу да чаго‑н. Насупраць на другім баку вуліцы мігцела агнямі малінавая рэклама кафэ. Вышынскі. Рэкламы вогненнымі завуць рукамі, Б’юць па вачах, прыціскаюць як прэсам: «Лётайце самалётамі! Ездзіце цягнікамі, Хуткімі і экспрэсамі!» Кірэенка.
[Ад лац. reclamare — крычаць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памі́ж, прыназ. з Р і Т.
Спалучэнне з прыназоўнікам «паміж» выражае:
Прасторавыя адносіны
1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку між якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Граніца паміж двума светамі. Вагоны стаялі паміж акном і сталом. □ [Сашка] падаўся да стала, які стаяў пры сцяне паміж двух акон. Чорны. На плошчу паміж Домам Урада і домам насупраць увайшлі самаходкі. Мележ. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Паміж нізкіх цёмна-сініх хмар прабілася малінавая палоска. Грахоўскі. Па моры плывуць караблі, Плывуць паміж рыфаў і скал. Купала. // Ужываецца для ўказання на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Ў глыбі двара стаяла хата І выглядала зухавата Паміж запушчанай будовы. Колас. Вясна кругом, адгрукалі марозы, Ручай паміж палеткамі журчыць. Броўка.
Часавыя адносіны
2. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцовы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу. Паміж дзесяццю і дванаццаццю гадзінамі. Паміж захадам сонца і змярканнем. □ Высадка павінна была адбыцца паміж 28 і 29 сакавіка паблізу Палангена. Г. Кісялёў. // Ужываецца для ўказання на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку між якімі што‑н. адбываецца. Паміж гаворкаю дымок Віецца між сябрамі. Броўка. Інтэрвалы паміж бомбавымі разрывамі бадай што ўжо і не заўважаліся. Чорны.
Аб’ектныя адносіны
3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. [Шуфт:] Будзем лічыць, што ўмова паміж намі заключана. Крапіва. Цёпла, пранікнёна гаварыў Лазавенка аб ўмацаваны дружбы паміж калгасамі. Шамякін. Паміж старых прыяцеляў павеяў нядобры халадок. Зарэцкі.
4. з Т. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. Розніца паміж прыказкай і прымаўкай. □ З’езд [дэлегатаў арміі і тылу Заходняга фронту] з’явіўся арэнай жорсткай барацьбы паміж сіламі рэвалюцыі і контррэвалюцыі за армію. «Весці».
5. з Т. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, падзея чаго‑н. Падзяліць сшыткі паміж вучнямі.
•••
Паміж двух агнёў гл. агонь.
Паміж намі (кажучы) гл. мы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)