малы́, -а́я, -о́е.

1. Нязначны па велічыні, памерах; невялікі.

Малая зала.

2. Нязначны па колькасці, часе.

М. атрад.

Прайшоў яшчэ м. час.

3. Меншы, чым патрэбна.

Малыя боты.

4. Які не мае істотнага значэння; малаважны.

Малая справа, м. і клопат.

5. Які займае нязначнае службовае становішча.

6. Тое, што і малалетні.

Малыя дзеткі — малыя і бедкі (прыказка).

7. у знач. наз. малы́, -о́га, м., мала́я, -о́й, ж., мн. малы́я, -ы́х. Дзіця.

Падвезці малых у школу.

Ад малога да вялікага — усе да аднаго, абсалютна ўсе.

Без малога (разм.) — амаль (не), чуць (не).

З малых гадоў — з дзяцінства.

Самае малое — найменш.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ю́ны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі малады, у маладых гадах (пра чалавека). На маёўку ў бліжнія бары завуць сяброўку юныя сябры. А. Вольскі. // Малалетні (пра дзяцей, падлеткаў — удзельнікаў якіх‑н. гурткоў, аматараў якога‑н. віду мастацтва і пад.). Юны тэхнік. Юны натураліст. // перан. Які толькі што з’явіўся, нядаўна пачаў існаваць, дзейнічаць і пад. Вечарамі самы юны горад нашай рэспублікі заліты электрычнымі агнямі. Грахоўскі.

•••

Юны ленінец гл. ленінец.

Юны піянер — тое, што і піянер (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Малы́, малэ́й ’невялікі’, ’нязначны па колькасці’, ’меншы, чым патрэбна’, ’кароткі’, ’слабы’, ’неістотны, нязначны’, ’малалетні’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС; драг., КЭС), Малы Воз ’Малая Мядзведзіца’ (паст., Сл. ПЗБ), малое ’дзіця’ (Нас., Шат.). Ст.-бел. малъ, малый ’невялікі, дробны, невысокі’, ’малады, малалетні’, ’кароткачасовы’, ’малапрацяглы’, ’колькасна нязначны, небагаты’, ’нікуды не варты, нязначны’, ’ледзь прыкметы, слабы’. Укр. мали́й, рус. ма́лый, мало́й, польск. mały, палаб. molĕ, н.- і в.-луж. małki, в.-луж. mały, чэш., славац. malý, славен. mȃli, mál, серб.-харв. ма̏о, макед. мал, балг. малък, ст.-слав. малъ. Прасл. malъ ’малы, невялікі’. Самымі блізкімі і.-е. паралелямі з’яўляюцца ст.-в.-ням. small, ням. schmall ’вузкі’, ’тонкі’, ’бедны’, smalaz vihu ’дробная скаціна’, гоц. smals ’малы, нязначны’, ст.-грэч. μῆλον ’дробная скаціна, авечкі’, ірл. míl ’жывёла’, лац. malus ’дурны, благі’ (з ’малы, недастатковы’), а таксама франц. māla ’карова’, гал. maal ’цялушка’, ст.-ісл. smale ’дробная скаціна’, — і.-е. *(s)mōl‑/*(s)mēl ’дробная скаціна’ (Бернекер, 2, 13; Голуб-Копечны, 215; Брукнер, 320; Махэк₂, 349; Фасмер, 2, 564; Бязлай, 2, 163–164). Скок (2, 375) дапускае гукаперайманне як крыніцу разглядаемай лексемы. Мартынаў (Балто-слав.-итал. изогл., 30) мяркуе аб пранікненні іт. malos у зах.-балт. арэал.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзіця́ і дзіцё, дзіцяці, ДМ дзіцяці, Т дзіцем і дзіцём, н.; мн. дзеці, дзяцей.

1. Малалетні хлопчык або дзяўчынка (ад нараджэння да падлеткавага ўзросту). Выхоўваць дзяцей. Дзеці дашкольнага ўзросту. □ Між вялікіх лазяць дзеці, Так, як мышы між снапоў. Крапіва. Дзіця не заплача — матка не здагадаецца. Прыказка. Дзе многа нянек, там дзіця без носа. Прыказка. // Пра наіўнага, нявопытнага чалавека. — [Паўлік] папаўся ў лапы агіднага чалавека. Ён жа яшчэ дзіця тады быў. Чорны.

2. Сын або дачка (незалежна ад узросту). Матчына сэрца гатова ўсім ахвяраваць дзеля любага дзіцяці свайго. Бядуля. Як сыдземся ўсе на свята — Васьмёра дзяцей дарослых — Становіцца цеснай хата Ад падарункаў розных. Гілевіч. // Дзіцяня ў жывёл, птушак. Жалобна ціўкала нейкая маленькая птушка, мабыць шукала сваіх сябровак ці дзяцей. Шамякін. І сава хваліць сваё дзіця. Прымаўка.

3. чаго. Пра чалавека, які засвоіў характэрныя рысы свайго асяроддзя, эпохі і пад. Дзіця свайго часу. □ Гэтыя дзеці вады хоць і жывуць морам, але рыбакамі назваць іх нельга. Маўр. Мы дзеці рэвалюцыі, Кастрычніка сыны! Дудар.

•••

Горкае (зялёнае) дзіця — пра наіўнага, нявопытнага маладога чалавека.

Не дзяцей хрысціць каму з кім гл. хрысціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мале́нькі, ‑ая, ‑ае.

1. Нязначны па велічыні, памерах; невялічкі. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. На маленькім дворыку пахла вільгаццю. Асіпенка. // Невялічкі ростам. Суровасць ніяк не пасуе да гэтай маленькай і рухавай, як жывое срэбра, жанчыны. Лынькоў. // Кароткі, немнагаслоўны. У маленькай запісцы, якую разведчык падаў камандзіру, коратка гаварылася аб тым, што гэтай ноччу хлопцы, нарэшце, дабіліся выніку: ахова знята, мост спалены. Брыль. [Гарлахвацкі:] Напішыце маленькую заяўку, а я палажу рэвалюцыю, каб вам прыбавілі зарплаты. Крапіва.

2. Малалетні. Уцеха ёсць адна ў Марыны — Яе маленькі пестунок. Колас. [Багуцкі:] — Мы не маленькія з вамі, у жмуркі мы гуляць, відаць, не збіраемся. Лынькоў. // у знач. наз. мале́нькі, ‑ага, м.; мале́нькая, ‑ай, ж. Дзіця. Ніна Аляксееўна прыйшла [на вяселле] са сваім маленькім. Шамякін.

3. Невялікі па сіле праяўлення, нязначны. Маленькі марозік. □ Кожнай доменнай печы Маленькая ўспышка Для цябе асвятляе Паўзмрочны забой. Аўрамчык. / у знач. наз. ма́ленькае, ‑ага, н. [Дырэктар:] — Мне хацелася б цяпер хоць бы самага маленькага: прайсці па заводзе, і каб кожны рабочы з радасцю сустрэў цябе. Скрыган. // Які не мае істотнага значэння. Справа толькі тут была ў маленькай розніцы: раней грамадскае слова Мікалая выражалася сапраўды ў слове — у адным, у двух. .. А тут — прамову трэба было гаварыць. Якімовіч. // Які мае малую ступень чаго‑н. істотнага, важнага. Так хацелася Коху.. напасці хоць на маленькі след таемнага і няўлоўнага дзядзі Косці. Лынькоў.

4. Які займае невысокае службовае або грамадскае становішча. [Зося:] — Я маленькі чалавек, Антон Кузьміч. Прыёмшчыца арцелі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дро́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Невялікі па аб’ёму, велічыні. Дробнае каменне. Дробныя яблыкі. Разбіць на дробныя кускі. □ Ён нагатаваў дробных паленцаў, збіраючыся раскладаць агонь на прыпеку. Колас. Як чырвоныя пацеркі, рассыпаліся .. [суніцы] між дробных лісцікаў ягадніку на мяккім моху. Якімовіч. // Малога веку; малалетні. Не спіць гэтаксама і Марыля са сваімі дробнымі дзеткамі, прыслухоўваецца. Нікановіч. // Невялікі па колькасці. Разбіцца на дробныя групы.

2. Невялікай, нязначнай вартасці. Дробныя грошы.

3. Які складаецца з малых аднародных частачак. Дробны пясок. □ Пачынаў церусіць дробны дожджык. Гартны. Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся па небе, сеючы халодным дажджом і дробным градам. Колас. // Кароткі, з частым паўтарэннем аднолькавых кароткіх элементаў. Дробныя крокі. □ Ззаду па дарозе пачуўся дробны стукат колаў. Краўчанка. На гнуткіх дошках Колька адбіў дробную чачотку. Грахоўскі.

4. Шчуплы, нешырокай косці; маларослы. Лабановічу кінулася ў вочы, што людзі, з якімі ён тут сустракаўся, былі дробныя, худыя, замораныя. Колас.

5. З малымі матэрыяльнымі магчымасцямі; эканамічна слабы. Дробная буржуазія. Дробны ўласнік. Дробныя прадпрыемствы. □ Тым часам з-за ўзгорка выплыў хутарок, сядзіба дробнага арандатара. Колас. // Які рэалізуецца ў малых маштабах, звязаны з малакаштоўнымі рэчамі. Дробны гандаль.

6. Які займае невысокае грамадскае або службовае становішча. Дробны чыноўнік. Дробная шляхта. □ Гэта — вагон трэцяга класа, напоўнены дробным людам, салдатамі, сялянамі. Мікуліч.

7. Нязначны; неістотны. Дробныя справы. Дробныя крыўды. □ Тым часам па ўсёй гэтай мясцовасці не спыняліся то дробныя баявыя сутычкі, то рух машын. Чорны. // перан. Пазбаўлены ўнутранай значнасці; нікчэмны. Смяльчак не зробіць шкоды. На гэта здольна толькі дробная парода, — Мышыная душа. Корбан. Хто ўваходзіць у дачыненні з дробнымі людзьмі, сам не з буйных або неўзабаве здрабнее сэрцам. Лужанін.

•••

Рассыпацца дробным макам гл. рассыпацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малы́, ‑ая, ‑ое.

1. Нязначны па велічыні, памерах; невялікі. Наша школа здалася нам, помню, малой І малым здаўся сад, і малым — школьны двор... Куляшоў. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы. Шыцік. // Невялікі ростам, нізкі. І дуб-крапак і куст малы Стаяць у мудрым задуменні. Колас. // Не доўгі, кароткі. У момант праскочыць .. [хутаранец] з мястэчка на хутар. Аж шкода, што гэтакая малая дарога. Чорны.

2. Нязначны па колькасці. Малы атрад. // Нядоўгі (пра час). Праз малы час .. [Бумажкоў] назначаецца дырэктарам.. завода. Чорны.

3. Меншы, чым патрэбна. Малыя туфлі.

4. Які праяўляецца ў нязначнай ступені, слабы. Пагашаюць яны [вятры] аганёчак малы, А вялікі — крапчэй раздуваюць. Багдановіч. // Які не мае істотнага значэння; малаважны. І дзіўна стала: з гэтай малой справы, з гэтых гаворак пачалося штосьці большае. Чорны.

5. Які займае нязначнае службовае або грамадскае становішча. Нічым [мае знаёмыя] не слаўны і не значны, Усё людзі простыя, малыя. Колас.

6. Малалетні. Марта з двума малымі дзецьмі жыла на выгане ў старой хатцы. Бядуля. / у знач. наз. малы́, ‑ога, м.; мало́е, ‑ога, м.; мала́я, ‑ой, ж. Кастусь выязджаў ужо з двара, калі выбег з агарода Юзік і з плачам кінуўся наўздагон. Хлопец прыпыніў .. [каня] і ўзяў малога на воз. С. Александровіч.

7. У складзе некаторых назваў і ўласных імён. Малы тэатр. Малая канферэнц-зала.

•••

Малая калорыя гл. калорыя.

Малая Мядзведзіца гл. мядзведзіца.

Малая скорасць (спец.) гл. скорасць.

Малы ход гл. ход.

Малыя формы гл. форма.

Ад малога да вялікага — усе да аднаго, абсалютна ўсе.

Без малога — амаль (не), чуць (не).

Бяда малая гл. бяда.

З малых гадоў (год) гл. год.

І стары і малы гл. стары.

Самае малое — найменш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)