ПІЛА́Д,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Строфія, цара Факіды (у Сярэдняй Грэцыі), у доме якога выхоўваўся выратаваны пасля забойства Агамемнана яго малалетні сын Арэст. У стараж. афінскіх трагедыях (Эўрыпіда і інш.) П. выступае як верны, самаахвярны сябар і спадарожнік Арэста ў яго шматлікіх прыгодах і выпрабаваннях. Імя П. ў спалучэнні з імем Арэста стала сімвалам вернага, адданага сяброўства.

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІ́Н (Мікалай Васілевіч) (18.12.1890, г. Сярдобск Пензенскай вобл., Расія — 1987),

расійскі графік Нар. маст. Расіі (1972). Чл.-кар. АМ СССР (1967). Скончыў Рысавальную школу ў Пецярбургу (1914), вучыўся ў Петраградскай АМ (1922—24). Супрацоўнічаў з час. «Весы» (1909), «Аполлон» (1910), «Сатирикон» (1912—14). Свабодныя па манеры малюнкі, часам падфарбаваныя акварэллю, тонка перадаюць эмацыянальны лад літ. твораў: «Яўген Анегін» А.​Пушкіна (1933), «Тэатр» А.​Мюсэ (1934), «Маскарад» М.​Лермантава (1949), «Ляўша» М.​Ляскова (1955, 1961), «Думкі і афарызмы» Казьмы Пруткова (1962), «Малалетні Вітушышнікаў» Ю.​Тынянава (1966) і інш.

М.Кузьмін. Ілюстрацыя да рамана А.​Пушкіна «Яўген Анегін». 1933.

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1682,

«Хаваншчына» (ад прозвішча кіраўніка кн. І.​А.​Хаванскага). Выклікана злоўжываннямі баярска-дваранскай адміністрацыі і ўціскам стральцоў з боку начальнікаў. Пачалося пасля смерці цара Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682). Па патрабаванні стральцоў былі пакараны ненавісныя ім палкоўнікі. 25—27 мая стральцы, салдаты і гараджане, якіх падбухторвалі сваякі першай жонкі цара Аляксея Міхайлавіча баяры Міласлаўскія, расправіліся з прыхільнікамі Нарышкіных (сваякоў другой жонкі Аляксея Міхайлавіча — маці новага цара малалетняга Пятра I) і інш. асобамі, якіх лічылі віноўнікамі злоўжыванняў. Малалетні Іван V (сын Аляксея Міхайлавіча ад першага шлюбу) быў абвешчаны «першым царом», Пётр I — «другім царом», а іх сястра Соф я Аляксееўна — рэгенткай. Стральцы дамагліся ад ўрада значных прывілеяў, але працягвалі патрабаваць новых уступак. У 2-й пал. верасня Соф’я разам з абодвума царамі пакінула Маскву і накіравалася ва ўмацаваную Троіца-Сергіеву лаўру, дзе пачала збіраць дваранскае апалчэнне. Паўстанцы хацелі абвясціць царом кн. І.​А.​Хаванскага, але, пасля таго як той быў схоплены і пакараны смерцю (27 вер.), пагадзіліся на прапанаваную ўрадам амністыю і капітулявалі.

Літ.:

Восстание в Москве 1682 г.: Сб. док. М., 1976.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)