вы́лінялы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў першапачатковы колер; пабляклы. Вылінялае плацце. Вылінялая майка.
2. Які скончыў ліняць (пра жывёл, птушак). // Аблезлы. Вылінялы каўнер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Трайко́ ’трыко’ (пух., Сл. ПЗБ). Да трыко́ (гл.). Дыфтонг ‑ай‑ пры ад’ідэацыі лексемы ма́йка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
шара́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Загадка, у якой загаданае слова падзяляецца на часткі, кожная з якіх — самастойнае слова, якое трэба адгадаць, каб выйшла галоўнае слова (напрыклад: Я — майка: востраў Ямайка).
[Фр. charade.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Сако́лка 1 ’трыкатажная майка без рукавоў і каўняра’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Мат. Гом.), ’мужчынская безрукаўка, камізэлька’ (Янк.), сако́лачка ’майка’ (Сл. ПЗБ). Не вельмі ясна, у суседніх славянскіх мовах не адзначана. Назва ўтворана, відаць, ад назвы спартыўна-гімнастычнага таварыства “Сокал” у Чэхіі і іншых славянскіх краінах. Ва ўсялякім выпадку, адзначаны рускія со́кол, соко́льский ’сакольская гімнастыка’. Такім чынам, гэта магла быць майка з сакольскай сімволікай. Параўн. чэш. sokolka ’сакольская шапка, кепка’.
Сако́лка 2, сако́льчык ’мярэжка’, сакалі́ць ’вышываць мярэжкай’ (Мат. Гом.), ’рубіць з упрыгожваннем’ (сакаліць насавы платок) (Ян.). Не вельмі ясна. Суаднесенасць рус. мережка ’тып вышыўкі’, мярёжа ’рыбалоўная сетка’ наводзіць на думку, што слова ўзыходзіць да сак 1 (гл.), ад якога першапачаткова быў утвораны дзеяслоў саколіць, потым ад дзеяслова — назоўнік. Але сак ’рыбалоўная сетка’ у гаворках сустракаецца даволі рэдка, гл. ЛА, 2; таму слова хутчэй ўтворана ад кораня ‑кол‑ (гл. калоць), параўн. рус. ско́лок ’узор, зняты сколкаю, дакладны знімак іглою’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
узмакрэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які стаў мокрым (звычайна ад поту). Іван з Аляксеем ледзь паспявалі за .. [Сітай], моўчкі сапучы і выціраючы хусцінкамі ўзмакрэлыя твары. Б. Стральцоў. Пот засланяў вочы Змітраку, сцякаў з твару, .. да цела прыліпала ўзмакрэлая майка, хоць выціскай яе. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спі́саны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спісаць.
2. у знач. прым. Непатрэбны, нягодны. І трактар спісаны, стары Стаяў ля гаража, гатовы ў адпраўку На пераплаўку. Корбан.
3. у знач. прым. Запоўнены пісьмовымі знакамі. Майка перадала Васілю Іванавічу спісаны лісток паперы. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сако́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Разм. Сакаліха.
2. (звычайна ў звароце). Ласкавая назва жанчыны. Нешта падумаўшы, устала, пазбірала з зямлі ў гліняную міску курыныя галовы і падала іх Трыпіне: — Бяры, саколка... Юшку сабе зварыш... Капыловіч.
сако́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Трыкатажная майка без рукавоў і каўняра. Дзімін ахвотна скінуў кашулю, саколку і, фыркаючы, пачаў умывацца. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ско́са, прысл.
1. Скасіўшы вочы; збоку. Віктар увесь час скоса пазіраў на хлеб. Маўр. Чэмпіён, не зважаючы ні на кога і сам скоса любуючыся сваімі значкамі, ганарыста прайшоў да піянерважатага. Скрыпка. Майка не павярнулася на, крокі, а калі .. [Алесь] пазваў яе, скоса ўскінула на яго дзікаватыя і нібы разгневаныя вочы. Караткевіч.
2. перан. Недаверліва, падазрона, недружалюбна. Ходзячы па двары, па хаце, заўважыў Агей, што пазіраюць сыны [адзін на аднаго] скоса, не па-людскому. Галавач. Мне здалося, што гнеў старога трошачкі адпаў, хоць ён і скоса глянуў на мяне, як на якога злачынцу. Сабаленка.
3. Па дыяганалі, пад вуглом да прамога напрамку. Ад святла, што скоса падае ў акно на Валіны рукі, абгортка марожанага падобна на бліскучы і туманны кавалак лёду. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Хапаць, раніць зубамі. Сабака дужа злосны, усіх кусае. // Сціскаць, шчыпаць дзюбай (пра птушак). Гусак кусае. // Раніць джалам, хабатком (пра насякомых). Пчолы кусаюць. Мурашкі кусаюць. // Захопліваць, сціскаць зубамі, пакусваць (пры хваляванні і пад.). Алёша бліснуў позіркам у бок Раі, але яна не ўзнімала вачэй ад падручніка і кусала рог хусткі. Шамякін. Марцін сядзеў на драбінках калёс, звесіўшы ногі, і нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Мележ. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. І свой жа брат цябе кусае, Бо кожны выслужыцца хоча. Колас.
2. Захопліваць зубамі, аддзяляць, адкусваць невялікімі кускамі ад чаго‑н. Лукаш апетытна еў з чыгуна бульбяную кашу, кусаў хлеб і запіваў з вялікага белага кубка малаком. Ермаловіч. // Разм. Есці. [Скіба:] Ад учарашняга абеду не кусаў нічога. Крапіва. // Разгрызаць, раскусваць што‑н. цвёрдае. Кусаць арэхі. // Адразаць кавалачкамі. Кусаць дрот.
3. Разм. Моцна раздражняць скуру, пячы (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). У школу ідзе Майка, а мароз такі кусачы, кусае і падганяе. Лынькоў.
•••
Кусаць (сабе) локці — шкадаваць аб чым‑н. упушчаным, непапраўным.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассячы́ і рассе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. рассек, ‑ла; зак., каго-што.
1. Разбіць, раздзяліць на часткі, кавалкі ўдарам вострага прадмета. Рассячы калоду. Рассячы костку. □ Сякера яе глыбока сядзела ў сукаватым яловым палене, якое .. [цётка], відаць, марна старалася рассекчы папалам. Быкаў. // перан. Быстрым рухам, узмахам як бы разрэзаць, раздзяліць (паветра, ваду). — Аб чым гаворка, збяром дошак, — рассек рукою паветра дзед з шырокаю барадою. Гурскі. // перан. Рэзка прагучаўшы або засвяціўшы, парушыць цішыню, рассеяць змрок і пад.; разарваць. Раптам мірную цішыню лесу рассеклі кароткія стрэлы. Шамякін. Зарніца рассекла цемру, і ў палахліва-яркім святле Майка ўбачыла, як аднекуль, з зарыва, падаў проста на яе чалавек з распасцёртымі рукамі. Караткевіч.
2. Нанесці глыбокую рану, парэз чым‑н. вострым. — Чаму ты тупіцаю колеш? — Бо тата не дае вострае сякеры. Кажа, што я яшчэ калена рассяку сабе. Чорны.
3. Прайсці па паверхні чаго‑н., падзяліўшы на часткі. Граніца, якая рассекла Беларусь на дзве часткі пасля Рыжскага дагавору, стала на шляху [дадому] неадольнай перашкодай. Данілевіч. // Прарваўшы, раздзяліць (войска, фронт, армію праціўніка).
•••
Рассячы гордзіеў вузел — смела, рашуча вырашыць якія‑н. цяжкасці, супярэчнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)