Пасалюбава́цца ’палюбавацца’ (паст., Сл. ПЗБ). Да любавацца < любіць (гл.). Устаўка ‑са‑, якая, відаць, з ‑ся‑, ужыта тут накшталт (ці пад уплывам) літ. поўнага варыянта зваротнага фарманта ‑si‑ ў прэфіксальных дзеясловах, напр., pa‑ simyliti ’цешыцца каханнем’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

папі́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Час ад часу, зрэдку пісаць. Сюды, на ўлонне бароў і паляк, Калісь прыязджаў з-за паўсвета Красой любавацца вяльможнейшы пан і нават папісваў санеты. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аптымісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Прасякнуты аптымізмам, жыццярадасны. Але, нягледзячы на такое гарэнне і завіруху ў думках, пасля таго як убачыў таполі і раку, да.. [Шыковіча] вярнулася звычайная аптымістычная здольнасць любавацца навакольным: зімой, дрэвамі, жанчынамі, дзецьмі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палюбава́цца, ‑бу́юся, ‑бу́ешся, ‑бу́ецца; зак.

1. кім-чым і на каго-што. Любавацца некаторы час. І робіць крук [Міхал], бо як стрымацца, Каб не зайсці палюбавацца І ярыною і жытамі? Колас. Пад вечар мы пайшлі з Піліпам Тарасавічам палюбавацца на разліў рэчкі. Ермаловіч.

2. заг. палюбу́йся (палюбу́йцеся). Разм. Ужываецца ў значэнні: зірніце, як дрэнна, абуральна. [Інжынер:] — Вось палюбуйцеся: машыны пад адкрытым небам стаяць. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыро́да, ы, ДМ -дзе, ж.

1. Усё існае ў Сусвеце, арганічны і неарганічны свет.

Законы прыроды.

Жывая п. (арганічны свет). Мёртвая п. (неарганічны свет: не расліны, не жывёлы).

2. Мясцовасць паза гарадамі (палі, лясы, горы).

Любавацца прыродай.

На ўлонні прыроды.

Выехаць на прыроду (разм.).

3. перан., чаго. Асноўная ўласцівасць, сутнасць (кніжн.).

П. атама. П. сацыяльных адносін.

Ад прыроды або з прыроды — ад нараджэння, ад пачатку існавання.

З дрэнным зрокам ад прыроды.

Па прыродзе — па характары, па натуры.

Па прыродзе ён добры чалавек.

|| прым. прыро́дны, -ая, -ае.

Прыродныя багацці краю.

Прыродныя рэсурсы.

Прыродныя ўмовы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

фрэ́ска, ‑і, ДМ фрэсцы; Р мн. ‑сак; ж.

Роспіс сцен вадзянымі фарбамі, нанесенымі на свежаатынкаваную сцяну. Падарожнік зможа доўга любавацца роспісамі і фрэскамі сабора Спаса-Ефрасіньеўскага манастыра ў Полацку. Сачанка. Фрэскі на сценах грамадзянскія будынкаў дагэтуль не сустракаліся ні ў адным горадзе Старажытнай Русі. «Помнікі». // Жанр жывапісу, заснаваны на прымяненні вадзяных фарбаў. На блакітных мармуровых каланадах красаваліся фрэскі ў строгім ваенным стылі. Алешка.

[Іт. fresco — свежы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́зачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да казкі (у 1 знач.). Казачны сюжэт. Казачная канцоўка.

2. Які існуе толькі ў казках; нерэальны. Казачны горад. Казачныя асілкі. □ Верыцца [Ніне], што ў цемры над ёю, быццам казачны добры дух, заўсёды будзе бабуля — першая, найлепшая, адзіная... Брыль. // перан. Незвычайны, дзівосны, цудоўны. Вестка аб казачнай машыне... умомант абляцела ўсё наваколле. Дадзіёмаў. — Валі, напэўна, падабаецца слухаць казачную музыку Моцарта, Ліста, любавацца на карціны Гроггера і Матэйкі? Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узро́ст, ‑у, М ‑сце, м.

Колькасць часу, гадоў, пражытых ад нараджэння, пачатку росту; перыяд, ступень у развіцці, росце чалавека, жывёлы, расліны. Ва ўзросце трох год. Людзі аднаго ўзросту. Дзіцячы ўзрост. Сталы ўзрост. □ [Шайдак:] — Мне ішоў тады пятнаццаты год. Узрост, ведаеце які: усё хочацца ведаць, усюды паспець. Жычка. За купамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Колас. Толькі на Палессі можна яшчэ любавацца дубамі, узрост якіх дасягае добрых шасці стагоддзяў. В. Вольскі.

•••

Бальзакаўскі ўзрост — узрост ад 30 да 40 год, уласцівы гераіням бальзакаўскіх раманаў, якія ў гэты перыяд захавалі свежасць і маладосць пачуццяў.

Выйсці з узросту гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

красава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Тое, што і красаваць (у 1 знач.). Жыта красуецца.

2. Прыцягваць увагу, вылучацца сваёй прыгажосцю. Як красаваўся, красавацца Чырвоны сцяг над намі будзе. Купала. Ізноў, нібы кветка, красуецца Варвара, некалі самая прыгожая дзяўчына ў вёсцы, а зараз знатны брыгадзір. Васілевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца на відным месцы; вылучацца, віднецца. На стале красаваліся засмажаныя парасяты, скруткі каўбас, мяса розных гатункаў. Колас. Мікодыму гадоў пад пяцьдзесят. На яго шырокім твары красаваліся заліхвацкія рыжыя вусы. С. Александровіч.

4. Выстаўляць сябе напаказ, любавацца сваім выглядам. Разгладжваючы вусы, прыстаў кожны дзень красаваўся ў гарадку. Чорны. Верхам едзе паніч, перад любай красуецца. Лужанін.

5. перан. Быць у росквіце, паспяхова развівацца. Красуйся на векі вечныя, Палеская зямля, свяціце незгасальныя зоры! Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даль, ‑і, ж.

1. Далёкі прастор, бачны вокам; прасцяг, шыр. [Ірыне] падабалася быць увесь дзень пад сонцам і ветрам, любавацца неабсяжнымі палявымі далямі. Шахавец. За лясочкамі, за гаем Далі, лёгшы сінім морам, Вабяць душу мне прасторам. Колас. З узгоркаў перад Алаізаю на ўсе бакі раскрывалася даль. Арабей. // Вялікая прастора, адлегласць, якая раздзяляе каго‑, што‑н. Дружбакі жывуць не побач, Пралягла між імі даль, Палавіна ўсёй Еўропы Паміж хлопцамі амаль. Кірэенка. Але знаю — з табой, з родным краем Даль не зможа мяне разлучыць. Прыходзька.

2. (звычайна з азначэннем). Далёкае месца, вельмі аддаленая мясцовасць. Зайшоў у такую даль. □ З далёкай прыамурскай далі Хацеў я ўбачыць бераг свой. Гаўрусёў. Цаліну штурмаваць вёз цягнік нас імклівы, У далёкую даль, у нязведаны край, Вёз на подзвіг — і быў я бясконца шчаслівы... Гілевіч. Мы шляхі пракладаем У касмічныя далі, На ўвесь свет палымнее наш сцяг. Журба. // а таксама чаго. Аддалены ўчастак чаго‑н. Засланяючы даль краявіду, Ўзняліся ўгару тэрыконы. Аўрамчык. // Пра аддаленыя (у мінулае або ў будучае) часы. Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Мала заглядваючы ў паперы, Званец гаварыў пра захапляючую сямігадовую даль, якую расхінуў перад краінай з’езд партыі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)