Дру́злы ’друзлы’ (БРС), ’азызлы’ (Касп.). Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), відаць, прасл. лексічны дыялектызм бел. мовы. Зыходная форма *drǫzlъjь, якую Трубачоў (там жа) параўноўвае з літ. drumzlùs, drum̃zlinas, drumžlùs ’мутны’. Сюды ж з іншай формай вакалізму і крыху іншай суфіксацыяй адносяцца, паводле Трубачова, і ст.-слав. дрѧселъ, дрѧхлъ, рус. дря́хлый і г. д. Сюды адносіцца і бел. дру́знуць ’друзнуць’ (БРС). Параўн. яшчэ дра́хлы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даве́дацца ’даведацца’ (БРС). Рус. дове́даться, укр. дові́датися, польск. dowiedzieć się, чэш. dověděti se і г. д. Прасл. *dověděti sę ’даведацца’. Звязана з *vědati ’знаць, ведаць’, *věděti ’тс’ (параўн. бел. ве́даць, рус. ве́дать, укр. ві́дати, ст.-рус., ст.-слав. вѣдѣти, чэш. věděti, польск. wjedzieć, славен. védeti, в.-луж. wjedźeć, н.-луж. wjeźeś і г. д.). Параўн. ве́даць (гл. ЭСБМ, 2, 80). Вельмі дзіўна, што гэта слова (*dověděti sę) адсутнічае ў Трубачова, Эт. сл., 5. Калі нават не лічыць яго агульнаславянскім, то прынамсі, у якасці праславянскага дыялектызма яно ўваходзіла ў праславянскі лексічны фонд.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пласт, ‑а, М ‑сце, м.

1. Шчыльны слой чаго‑н. Тоўстым пластом лёг на саламяных стрэхах снег. Колас. Цёпла ўхутанае тоўстым пластом моху, гэтае балота замярзала як след толькі ў самыя суровыя зімы. Паслядовіч.

2. Гарызантальны слой асадачнай горнай пароды. Вось ужо ў другім ствале пачалі сустракацца пласты каштоўных выкапняў. Кулакоўскі.

3. перан.; чаго або які. Аднародная ў якіх‑н. адносінах частка чаго‑н. Лексічны пласт. Фразеалагічны пласт. □ Гістарычна апраўдана і сама спрэчка паміж Ліпскім і Пратасавіцкім: засцянковая шляхта, як дваранскі пласт, была невядома для Расіі. «Полымя».

•••

Ляжаць як пласт (пластом) гл. ляжаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пласт м.

1. пласт, род. пласта́ м.; (слой) слой, род. сло́я м.; (земли при пахоте) скі́ба, -бы ж.;

2. перен. пласт, род. пласта́ м., слой, род. сло́я м.;

лекси́ческий пласт лексі́чны пласт;

лежа́ть пласто́м (как пласт) ляжа́ць пласто́м (як пласт).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

склад 1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Спецыяльнае месца, памяшканне для захоўвання тавараў, матэрыялаў і пад. Для машын таксама быў зроблены спецыяльны будынак. Гэта быў і гараж для трактароў і склад для розных сельскагаспадарчых машын. Колас. Вечарам мы пайшлі пазнаёміцца бліжэй з портам Касабланкі. Гэта вялікі і добра абсталяваны порт з магутнымі кранамі і шматлікімі радамі складаў. В. Вольскі.

2. Вялікая колькасць якіх‑н. прадметаў, складзеных у адным месцы; запас чаго‑н. Склады бярвення на двары, на вуліцы перад селішчам раслі ўвачавідкі. Мележ. Пра свае склады зброі хлопцы маўчалі. Якімовіч.

склад 2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Сукупнасць частак, якія ўтвараюць адзінае цэлае; састаў. Лексічны склад мовы. □ Важнай крыніцай папаўнення фразеалагічнага складу сучаснай беларускай мовы Ўяўляецца мастацкая літаратура. Гіст. лекс. бел. мовы. [Полацкая зямля] ўваходзіла ў склад старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Хадкевіч. Полк уваходзіў у склад арміі, якая абараняла Севастопаль з 1 верасня 1854 г. «Помнікі».

2. чаго або які. Сукупнасць людзей, якія ўтвараюць які‑н. калектыў, арганізацыю (з колькаснага або якаснага боку). Склад прэзідыума. □ Выбралі праўленне. Першай у склад яго назвалі Шашу. Шамякін. [Суддзя:] — Падсудны.. вы не пярэчыце супроць складу суда? Дадзіёмаў.

3. (з азначэннем). Асобы, якія складаюць якую‑н. катэгорыю (па роду службы, прафесіі і пад.). Акцёрскі склад тэатра. □ Пад разложыстым дубам прытуліўся камандны склад батальёна: Шалёхін, тры ротных камандзіры і начальнік кулямётнай каманды. Колас.

4. Постаць, фізічны выгляд, будова (чалавека, жывёліны). Высокі, атлетычнага складу, у гэтым незвычайным адзенні .. [Кашын] выглядаў молада і нават малайцавата. Карпаў. Гэта быў высокі мужчына, чарнавусы, моцнага складу. Самуйлёнак.

5. Асаблівасці розуму, думак, характару і пад.; маральнае аблічча чалавека, яго звычкі і пад. Саханюк быў чалавек практычнага складу. Колас. Дырэктарам гімназіі быў сын вілейскага папа, нехта Мірановіч — чалавек старарэжымнага складу і манархічных поглядаў. С. Александровіч. Ёсць людзі, да якіх бруд не ліпне, бо склад іхняй душы, намеры, імкненні высокія. Карпаў. Вучоба маладога Казіміра ў Маскве .. вызначыла склад яго мышлення на ўсё яго жыццё. Пестрак.

6. Манера, спосаб выказваць думкі, гаварыць, пісаць; стыль. Колас — мастак эпічнага складу. □ Казка вызначаецца жывасцю народнага складу, яркімі дэталямі. Саламевіч. // Спосаб пабудовы чаго‑н. (песні, верша і пад.). Песенны склад паэмы. □ 1918 год прынёс публікацыю цыкла вершаў [Багдановіча] беларускага складу. Лойка.

7. Зладжанасць, складнасць; парадак, сэнс. І пайшоў стары Несцер гаварыць у склад, у лад. Пестрак. Я — ратай, і мо’ няўдала З сваёй думкай выйшаў першай. Можа, складу ў песнях мала, Мала досціпу ў вершы? Васілёк. І не хочаш, а думаеш усё і думаеш, — без ніякага складу... Пташнікаў.

8. Пласты зямлі, складзеныя адзін да аднаго. Ворыва ў склад. □ Мы прайшлі дзве баразны — зрабілі склад пасярэдзіне. Якімовіч.

•••

Асабовы склад (састаў) — рабочыя, служачыя якой‑н. установы, прадпрыемства, вайсковай часці і пад.

Ні складу, ні ладу — ніякага толку, парадку, ніякай сувязі.

У складзе — у колькасці. Мясцовы камітэт у складзе 7 чалавек.

склад 3, ‑а, М ‑дзе; мн. склады, ‑оў; м.

Гук або спалучэнне гукаў у слове, якія вымаўляюцца адным штуршком паветра. Андрэйка пачаў чытаць па складах: «За ду-бо-вым сталом пі-шу за-ла-тым пя-ром». Бядуля. Словы .. [пастух] расцягваў, робячы націск на кожным складзе. Асіпенка.

•••

Адкрыты склад — склад у слове, які заканчваецца на галосны гук.

Закрыты склад — склад у слове, які заканчваецца па зычны гук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)