Рудзяне́ц ’травяністая лекавая расліна з бледна-жоўтымі кветкамі, барадаўнік’ (ТСБМ, Кіс.). У якасці лекаў ужываюць карэнне, лісце і насенне расліны, так што назва можа быць матываваная рудым колерам адвару. Не выключана таксама, што Lapsana, якая ў народзе яшчэ называецца бародаўнік, утрымлівае аранжава-жоўты сок, як і падтыннік Chelidonium majus.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лячы́ць, лячу, лечыш, лечыць; незак., каго-што.

Імкнуцца паправіць, вярнуць здароўе пры дапамозе лекаў і іншых медыцынскіх сродкаў. Лячыць хворага. □ Цэлы год лечаць .. [Сасакі] дактары і ніяк не могуць вылечыць, не могуць перамагчы лютай, няўмольнай хваробы. Арабей. // Прымяняць лекі і іншыя медыцынскія сродкі для вылечвання якога‑н. хворага органа. Лячыць сэрца. Лячыць лёгкія. // Прымаць захады для спынення якой‑н. хваробы. Лячыць грып. // перан. Разм. Адбудоўваць, аднаўляць. Край ажывае, Лечыць свае раны, Будуе дбайна Свой шчаслівы лёс. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лячы́ць, зах.-палес. лі́чытэ ’спыніць развіццё хваробы пры дапамозе лекаў ці іншых медыцынскіх сродкаў’ (Яруш., ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр. лі́чити, рус. лечи́ть; польск. leczyć, каш. lečëc, палаб. lecĕ, чэш. léčiti, славац. liečiť; славен. lèčiti, серб.-харв. ле́чити, макед. лечи, лекува, балг. леча́, ц.-слав. лѣчити, ст.-слав. лѣчити. Прасл. lěčiti ’лячыць’, утворанае ад lěkъ > лек (гл.). Слаўскі (4, 104–105) супраць прыняцця тлумачэння Стэндэр–Петэрсена (Slav.-germ., 330), які лічыў прасл. lěčiti запазычаннем з прагерм. lēkjan ’тс’. Агляд л-ры гл. Фасмер (2, 477–478).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ле́кі, ‑аў; адз. няма.

Разм.

1. Лякарства. Прыехаў у маёнтак новы доктар з поўным сундуком усякіх лекаў. Якімовіч. Дзеда ўлажылі ў пасцель, паставілі на тумбачку бутэлечкі з лекамі, шклянку з вадой. Хомчанка. // перан. Пра сродак, які дапамагае перажыць што‑н. непрыемнае. Хто мае права залазіць у чужую душу? Асабліва, калі няўпэўнена, што словы твае будуць лекамі. Чорны.

2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. лячыць і лячыцца; лячэнне. Доктар больш не гаварыў і, назваўшы настаўніка, перадаў яму, што хворы павінен застацца на лекі ў бальніцы. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пля́ша, пля́шка, пле́шка, пля́жка, пля́ўшка, ’шкляная пасудзіна, бутэлька’, ’паходная бутэлька, фляшка’, пляшачка, пле́шэчка, ’бутэлечка для лекаў’ (ТСБМ, Нас., Дразд., Сцяшк. Сл., Мік., Мядзв., Шпіл., Гарэц., Бір., Федар. 6, Чуд., Мал., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Растарг., Ян.; мін., КЭС; драг., Сл. Брэс.; ЛА, 5; Мат. Гом.; ТС); ’шкло ад лямпы’ (Ян.), ’шкляная ці гліняная пасудзіна, у якой захоўваліся алей і інш. вадкія рэчывы’ (палес., З нар. сл.), ’паўлітровая бутэлька’ (Сцяшк. МГ). Ст.-бел. пляша, фляша, фляжка, хвляша ’пляшка, бутэлька’ (1538 г.) запазычаны са ст.-польск. flasza ’тс’, якое з с.-в.-ням. vlasche, ст.-в.-ням. flasca, сучаснае ням. Flasche (Булыка, Лекс. запазыч., 1102; Фасмер, 4, 200), што выводзяць з ням. flechten ’плесці’, на думку Банькоўскага (1, 374), непераканаўча. Параўн. таксама пля́га6 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нака́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. чаго. Наліць па каплі нейкую колькасць чаго‑н. Вольга Усцінаўна дрыготкімі рукамі накапала лекаў. Шамякін.

2. перан. Разм. Нагаварыць на каго‑н., данесці аб чым‑н. [Зіна:] — Брыгадзір накапаў. Падліза. У чалавека жонка хворая, спазніўся, ну я і не адзначыла ў табелі. Шыцік.

накапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што і чаго.

1. Капаючы, нарабіць паглыбленняў. Накапаць ям. Накапаць канаў. □ Уздоўж.. [тракту].. калгаснікі накапалі траншэяў, акопаў, і наша камандаванне сцягвала туды войскі. Чыгрынаў. // Капаючы, зрабіць што‑н. У цемры ночы невыразна чарнеў высокім хрыбтом ладны бруствер, які накапаў гэты баец. Быкаў.

2. Капаючы, здабыць нейкую колькасць чаго‑н. Накапаць мех бульбы. Накапаць пяску. □ [Лабановіч:] — Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Па́трыць ’шукаць, выглядаць’ (браг., Шатал.). Укр. патраты ’ачышчаць птушак ад пер’яў, свіней ад шэрсці’, рус. кастр. патрать ’даражыць, берагчы’, польск. patrzeć ’глядзець, звяртаць увагу, выглядаць, сачыць, клапаціцца’, чэш. patřiti ’належыць’, opatrovati ’ахоўваць, пільнаваць’, славац. patriť ’тс’, patrať ’сачыць, вышукваць’, серб.-харв. патраты ’тс’, ’быць карысным’, patriti ’выпадаць на долю’, opatriti ’забяспечыць чым-н.’, балг. патры’, ’варажыць, загаворваць ад уроку’. Прасл. patriti ’глядзець, ’клапаціцца, берагчы’, роднаснае са ст.-інд. pūti ’ахоўвае, сцеражэ’, patar ’захавальнік’ (Лекаў, SOc, 1933, 12, 138–140; Фасмер, 3, 217), з’яўляецца раннім скіфа-сармацкім запазычаннем, параўн. ст.-іран. pairai ’ахоўваць, сцерагчы, валодаць’ (Трубачоў, Этимология–1965, 47–50; Мартынаў, Язык., 47). Гэты іранізм пашырыўся ў асноўным у зах.-слав. мовах, уступіўшы ва ўзаемадзеянне з тагачасным абсалютным сінонімам прасл. blʼusti, пашыраным на ўсходзе і поўдні Славіў параўн. бел. блюдкі ’беражлівы’, ’які заўсёды можа і мае чым пачаставаць госця’. Можна згадзіцца з Булыкам (Лекс. запазыч., 127) у тым, што ст.-бел. патраты ’глядзець’ (1501 г.) было запазычана са ст.-польск. patrzyć ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спако́й, ‑ю, м.

1. Адсутнасць шуму і руху; цішыня. Цішыня і спакой панавалі ў заснежаным лесе. В. Вольскі. Пасля рабочага дня, што заканчваўся звычайна ў гадзіну ночы, наступаў спакой. Шахавец. У перадвячэрнім спакоі рэзка вылучаецца маркотнае курлыканне жораваў. Крапіва. Вазы адскрыпелі ў нізіне І стаў аглушальны спакой. Панчанка. // Парадак; адсутнасць грамадскіх хваляванняў. Грамадскі спакой. // Лагода; мірнае жыццё. Вайна іх разлучыла, Разбіла іх спакой. Бялевіч. І елкі ў неба ўзнялі пікі, Абараняюць наш спакой. Астрэйка. Хто вам сказаў, што на зямлі зацішша, Што на зямлі пасля вайны спакой? Аўрамчык.

2. Ураўнаважанасць, фізічнае і душэўнае супакаенне. Нуда скончылася, уперадзе, зусім блізка была доўгачаканая мэта — канец усіх трывог і час прыемнага спакою. Мележ. // Поўны адпачынак, бяздзеянне. Хвораму, акрамя лекаў, патрэбен яшчэ і спакой. Чарнышэвіч.

•••

Вечны спакой — смерць.

Мёртвы спакой — абсалютная цішыня, нерухомасць.

На спакой — а) на заслужаны адпачынак, на пенсію па ўзросту (ісці, адпраўляцца і пад.); б) паміраць (пара, трэба і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Назола ’дакука, прыкрасць, журба’, ’надакучлівая асоба’ (Нас., Яруш., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), назол, назольнік ’надакучлівая асоба’ (Юрч. СНС), рус. назола ’нуда, журба, смутак’, ’шкода’, ’надакучлівы чалавек’, укр. назола ’хто робіць многа турбот’. Сюды ж назаля́ць ’надаядаць, дакучаць’ (Нас., Яруш., Шн., Сл. ПЗБ, ТС), назале́лы ’надакучлівы’ (Сцяшк. Сл.), назольный ’тс’ (Яруш.), назо́йны ’надакучлівы’ (Бяльк.), а таксама выразы: у назо́лу ’на зло’ (Булг.), даваць назолу ’назаляць’ (Шн.), назоля́ць на се́рцэ (на душу) ’трывожыць у непадыходзячы час’ (ТС). Прыведзены матэрыял, асабліва апошні фразеалагічны выраз, у аснове якога ляжыць нейкае канкрэтнае значэнне, аб чым сведчыць прыназоўнікавая канструкцыя з на, дае падставы для пошукаў архаічных адпаведнікаў у іншых славянскіх мовах, параўн. макед. назољам ’пасаліць, пасыпаць нечым’ у народнай песні, запісанай Міладзінавым: «Му донесе билки чемерики / И назоли нему бело сӑрце», дзе бело сӑрце ’страўнік’ (Тошев, Струшкиот говор. Скопје, 1979, 38, 103). Параўн. іншыя дыялектныя формы: макед. zolit ’пырскаць; пасыпаць; накрапваць’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani dialect of Macedonian. Lisse, 1976, 301), зоља, зола ’пасыпаць соллю, цукрам, парашком’ (Белић, Галички дијалекат. Београд, 1935, 213), золте (< зол те, літаральна ’золь цябе’, ужываецца як дакор, Поповски, Македонски јазик, 1959, 10, 133), балг. назоля́вам і назолвам ’пасыпаць’ (Гераў), назоля́ва ’адкладвае яйкі на прадуктах, у якіх заводзяцца чарвякі (пра муху)’ (БЕР, 1, 652), серб.-харв. наѕоје ’пра нападзенне мух’: наѕоје̏ле му̏е месо (Елезовић, Речник косовско-метохиског дијлекта, 1. Београд, 1932, 435), зоља, ѕоља ’камары’ (Павловић, Говор Јањева. Нови Сад, 1970, 179). Такім чынам, першапачатковае значэнне дзеяслова рэканструюецца як ’пасыпаць ці пакрапіць нечым з мэтай лячэння’ і фармальна звязана з прасл. *zola ’попел’ (гл. зала́), параўн.: да ми гьи позолите ръцето со пепелта, кье ми оздравеат (Младенов: Сб. Солун. София, 1934, 62); развіццё значэння да ’надаядаць, дакучаць, дапякаць’ на падставе ’раздражняць рану, уздзейнічаючы на яе пры дапамозе лекаў, зёлак’, параўн. народны выраз надаеў, як горкае зелле, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *zoliti ’пасыпаць (попелам, парашком і інш.)’. Агляд іншых версій: Гаўлава (Etymologica Brunencia. Praha, 1978, 34–35) рэканструюе прасл. *zoliti ’шкодзіць, мучыць’ на падставе ўсходнеславянскіх слоў і і.-е. паралеляў. Скок (3, 664): зоља ’мушка’ < zujati (гукапераймальнае). Фасмер (3, 39) аддзяляе рус. назойливый ’надаедлівы’ ад назола, выводзячы яго з зой ’шум’, падрабязны разбор гэтай версіі і спробу фармальнай і семантычнай рэканструкцыі развіцця слова гл. Шалепіна: Русские говоры Сибири. Томск, 1981, 67–69; Шустар-Шэўц указвае на паралель в.-луж. zelić (⩽ zolić) ’голасна клясці, праклінаць’ і славен. zoliti ’крычаць, шумець’, што можа сведчыць аб старажытнасці такой семантыкі (ВЯ, 1983, 46), параўн. яшчэ бел. зяліць ’тлуміць’: Зеліш ты сваімі песьнімі усю хату (Яўс.). Не выключана, што ў развіцці асобных славянскіх моў назіралася змяшэнне розных дзеясловаў, блізкіх па форме, у прыватнасці са значэннем ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і ’крычаць, шумець’. Дарэчы, прыгатаванне лекаў у выглядзе парашкоў ці раствораў, атрыманых шляхам спальвання зёлак і іншых матэрыялаў, а таксама разбаўлення атрыманага попелу ў вадзе, з’яўляецца старажытнай практыкай народнай медыцыны (у прыватнасці, знахарства). Тым самым магчыма звязаць значэнне ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і значэнне ’заліць лугам (бялізну і інш.)’. Што датычыць зяліць ’тлуміць’, звычайна азяліць галаву, то не выключана, што тут асноўнае значэнне не ’шумець’, а ’выклікаць стан ачмурэння, выпіўшы настоенага зелля’, пра што сведчыць і другое значэнне азяліцца ’напіцца гарэлкі’ (параўн. чортава зелле = гарэлка), азелены ’затлумлены, п’яны’ (Яўс.). Гл. зала́, зелле, заліць1, зяліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ліст 1, ‑а і ‑у, М ‑сце; мн. лісты, ‑оў і (разм.) лісці, ‑яў; м.

1. ‑а. Орган паветранага жыўлення і газаабмену раслін у выглядзе тонкай, звычайна зялёнай пласцінкі на чаранку. Золь асенняя, туман. Шэпчуць жоўклыя лісты. Крапіва. Усё відаць, як на далоні .. Нават бачыш, як трапечацца зжаўцелы ліст на бліжняй бярозе. Лынькоў. Асенніх лісцяў плаўленая медзь кладзецца, астываючы, пад ногі. А. Вольскі.

2. ‑у; у знач. зб. Лісце. Ачнецца гай І з песнямі У зялёны ліст Адзенецца. Колас. // Засушанае лісце некаторых раслін, якое ужываецца як прыправа, а таксама для прыгатавання настояў, лекаў. Лаўровы ліст. Эўкаліптавы ліст. Александрыйскі ліст.

•••

Лістам слацца гл. слацца.

ліст 2, ‑а, М ‑сце; мн. лісты, ‑оў; м.

1. Тонкі пласт якога‑н. матэрыялу (паперы, металу, фанеры і пад.). У дашчанай майстэрні Ігнась з грукатам і лёскатам выпростваў на холадзе вялікія лісты бляхі. Мурашка. Вулай скамечыў ліст ватману, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.

2. Пісьмо. Як шкада мне, Што паштовы голуб Ад цябе ліста не прынясе. Аўрамчык. Ліст ад геолага-сына Маці чытае старая — Аб сваіх справах хлапчына Піша з далёкага краю. Смагаровіч.

3. (звычайна з азначэннем). Дакумент, якім што‑н. пацвярджаецца або загадваецца. Абходны ліст. Маршрутны ліст. Бальнічны ліст. // Бланк для занясення якіх‑н. звестак. Падпісны ліст.

•••

Акладны ліст — афіцыйнае паведамленне аб аблажэнні падаткам, страхоўкай і пад.

Выканаўчы ліст — юрыдычны дакумент на права спагнання паводле рашэння суда.

Тытульны ліст — старонка ў пачатку кнігі, дзе надрукавана яе назва.

З ліста — адразу, без папярэдняй падрыхтоўкі (іграць, чытаць і інш.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)