шка́лік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і кілішак. Сунуўшы скрыпку пад паху, хукае [Герасім Іванавіч] на пальцы, нібы толькі што з марозу, і бацька разумее гэты жэст беспамылкова: налівае яшчэ адзін шкалік гарэлкі. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарка, кілішак, стопка

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

фаты́га, ‑і, ДМ ‑тызе, ж.

Абл. Турботы, клопат. — А мо б наўперад, пан Хадыка, Калі фатыга невяліка, Нам паказаў бы сваё поле? — Сказаў Міхал. Колас. Да Вайтовіча падышоў каваль і напомніў: — Не расквіталіся, пане. За фатыгу абяцалі на кілішак гарэлкі. Пальчэўскі.

•••

Не варта за фатыгу — аб справе, якая не заслугоўвае клопату.

[Польск. fatyga з фр. fatique — стомленасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спірт, ‑у, М ‑рце; мн. спірты, ‑оў; м.

1. толькі адз. Гаручая, з высокім працэнтам алкаголю вадкасць, якая атрымліваецца перагонкай некаторых прадуктаў, што змяшчаюць у сабе крухмал і цукар. Бацюня расклаў інструмент, выцер спіртам рукі і пінцэт і агледзеў рану. Мележ. // Адзін з відаў такой вадкасці, які ўжываецца як алкагольны напітак. У часе вячэры любіў [Гендарсан] прапусціць кілішак спірту, заесці смачнай кілбасой, паслухаць грамафон. Чарнышэвіч.

2. Арганічнае злучэнне, вуглевадарод, у якім атам вадароду замешчаны водным астаткам. Метылавы спірт. Этылавы спірт. // Лятучае рэчыва, якое ўжываецца ў медыцыне і тэхніцы. Камфорны спірт. Борны спірт.

•••

Вінны спірт — бясколерная вадкасць, якая атрымліваецца пры браджэнні вугляводаў; этылавы спірт.

Дэнатурацыя спірту гл. дэнатурацыя.

Мурашыны спірт — сумесь вады, мурашынай кіслаты і спірту (выкарыстоўваецца ў медыцыне).

Нашатырны спірт — водны раствор аміяку, празрыстая, бясколерная вадкасць з вострым пахам (выкарыстоўваецца ў медыцыне).

Саліцылавы спірт — спіртавы раствор саліцылавай кіслаты, які выкарыстоўваецца як антысептычны сродак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зае́сці, ‑ем, ‑ясі, ‑есць; ‑ядзім, ‑ясце, ‑ядуць; пр. заеў, ‑ела; зак., каго-што.

1. Кусаючы, грызучы, давесці да смерці; загрызці. Воўк заеў каня. // Даняць, замучыць укусамі (пра насякомых). Камары чуць не заелі.

2. чым. З’есці што‑н., каб заглушыць непрыемны смак ад з’едзенага ці выпітага раней. Заесці лякарства цукрам. □ У часе вячэры любіў [Гендарсан] прапусціць кілішак спірту, заесці смачнай кілбасой. Чарнышэвіч.

3. перан. Разм. Замучыць, дапячы папрокамі, прыдзіркамі і пад. — А не паступлю [у інстытут], дык цяпер паеду! Каб вы мяне тут не заелі да смерці! Мехаў. // перан. Аказаць згубны ўплыў на каго‑н. Нуда заела. □ — Не, брат Янка, нельга доўга заставацца на адным месцы, бо яно цябе заесць і ашальмуе. Колас.

4. безас. Зашчаміць, перакасіць, перашкаджаючы руху. Руль заела. □ У кулямёце, відаць, нешта заела, партызан злосна стукаў кулаком па дыску. Жычка.

5. безас. Разм. Балюча крануць, глыбока ўсхваляваць. Яшчэ Валодзьку заела, што Надзя за два дні столькі грошай растранжырыш. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярдзі́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны сердаваць, злавацца; злосны (пра чалавека). Маці ў .. [Івана] была сярдзітая, набожная жанчына. Машара. На маё дзіва, звычайна сярдзіты і строгі, бацька нават не накрычаў. Скрыган. Сярдзіты стораж выганяў нас з саду, З шырокай барадой, як памяло. Гаўрусёў. // Уласцівы такому чалавеку. Сярдзіты нораў. // Люты, злы (пра жывёл). У дзядзькі Антона надта сярдзітыя сабакі, ды затое разумныя, умелі пільна сцерагчы двор. Грамовіч.

2. Які сярдуе, злуецца на каго‑, што‑н., перажывае гнеў. [Аптэкар:] — Нешта дзядзька Галілей дужа сярдзіты сягоння? Зарэцкі. Базыль дадому вярнуўся стомлены, сярдзіты. Бажко. [Кіру] пад локаць падтрымліваў Пракоп Свірын — нахмураны, нават сярдзіты. Карпаў. // Які мае гнеўны, злы выраз (пра вочы, твар і пад.). Поглядам сярдзітым, нездаволеным [жонка] абмерала [Базыля]. Нікановіч. // Прасякнуты, выкліканы гневам, злосцю. Сіваваронкі з сярдзітым краканнем кружылі над дуплістымі дзеравякамі. Колас.

3. перан. Разм. Моцны ў сваім праяўленні, люты (пра мароз, вецер і пад.). Сярдзітая нахлынула зіма. Танк.

4. Які моцна дзейнічае (пра віно, табаку, гарчыцу і пад.). Бацька .. перакуліў кілішак, крэкнуў і занюхаў мякішам хлеба. — Сярдзітая, халера, спірытус з панскага бровара. Грахоўскі. // Залішне высокі, недаступны (пра цану). Сярдзітая цана.

5. Разм. Старанны, заўзяты. Хлопец страх сярдзіты да работы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расквіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Расплаціцца за што‑н., аддаць доўг каму‑н. Расквітацца за дапамогу. □ Да Вайтовіча падышоў каваль і напомніў: — Не развіталіся, пане. За фатыгу абяцалі на кілішак гарэлкі. Пальчэўскі. — Які яшчэ доўг? Я ўсё аддала вашай цётцы, расквіталася з вамі назаўсёды. Дубоўка. — Вялікую віну ўзяў я на сябе перад чыгункай, як расквітацца з ёй, і не ведаю... Шынклер. // Адпомсціць за ўчыненую крыўду, зло. Расквітацца мне з.. [фашыстамі] вельмі хацелася і за тое, што ў хляве сядзеў, і што галодны бадзяўся па лясах. Навуменка. — На фоне аснежаных палеткаў прыкмеціў сілуэты двух «фокераў». Думаў, што яны крадуцца да нашага аэрадрома, каб атакаваць нас на пасадцы і такім чынам расквітацца. Алешка.

2. Расстацца з кім‑, чым‑н. назаўсёды, пакінуць каго‑, што‑н., вызваліцца ад каго‑, чаго‑н., пазбавіцца ад чаго‑н. Вейс даўно расквітаўся з чыгункаю, выйшаў на пенсію, але па-ранейшаму не можа жыць без яе. Арабей. — Мне так і відаць, што хоча мая Тэкля жыць са мной у адно, расквітацца са сваім аднаасобніцтвам. Рылько. — Ды ты ж яшчэ з ім не расквіталася зусім, — намякнуў Некраш на тое, што Вікторыя яшчэ не развялося з Кругловым. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)