шчэ́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
1. Скаліць, аскальваць. Гаспадар спачувальна шчэрыць рот. Савіцкі. Аўчарка гыркала, шчэрыла зубы, рвалася да дрэва. Шыловіч. / у перан. ужыв. Стаю І на мяне падлога шчэрыць Крывыя, праржавелыя цвікі. Бураўкін.
•••
Шчэрыць зубы — тое, што і скаліць зубы (гл. скаліць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
так-ся́к, прысл.
Разм.
1. Нейкім чынам; з пэўнымі намаганнямі. Калёсы так-сяк сабралі, крывыя, скрыпучыя, аднабокія, а хамутоў няма. Ермаловіч. Хто так-сяк трымаўся на нагах, кінуліся куды каторы. Лынькоў.
2. у знач. вык. Абы-як; без асаблівага жадання. На работу так-сяк, а на ежу мастак. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парка́н, ‑а, м.
Агароджа з бярвёнаў, штыкецін або мураваная. Усе будынкі новыя, са стрыжнёвай сасны, крытыя гонтай, агароджаныя не плотам, а парканам з такіх [бярвёнаў], з якіх у Малінаўцы будавалі хаты. Чарнышэвіч. Са снегу мясцінамі выглядаюць канцы жэрдак ды яшчэ няроўныя крывыя колікі парканаў. Галавач. Кругом бальніцы высокі мураваны паркан. Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прага́ліна, ‑ы, ж.
1. Незарослае дрэвамі месца ў лесе; палянка. На палянках, на прагалінах.. гэтага лесу мы пасвілі кароў або коней. Ермаловіч. // Голае, пазбаўленае покрыву месца на якой‑н. паверхні. Ад белай выкашанай прагаліны аж сюды на ржышча цягнуліся крывыя свежыя зялёныя пракосы. Пташнікаў.
2. Вольнае месца паміж чым‑н. Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. папоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.
Пачаць паўзці. Праз момант танк стаў, адскочыла вечка люка, і адтуль, спрытна куляючыся, выскачылі танкісты, пападалі на зямлю і папаўзлі ўбок. Марціновіч. Па вуліцы, рыпаючы палазамі, папаўзлі вазы. Грахоўскі. Чырвань хутка папаўзла па шчоках, пераноссі, скронях. Б. Стральцоў. Па горадзе папаўзлі чуткі: партызаны напалі на фашыстаў. Новікаў. Размяклы, працяты вадою снег гурбінамі папоўз з саламяных стрэх. Колас. Заімжыў дробны веснавы дождж, папаўзлі па шыбах доўгія крывыя пісягі. Грахоўскі. Ярка-сіняя маса папаўзла з цыліндрыка, на вачах мяняючы свой колер, павялічваючыся ў памерах. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расця́гнуты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад расцягнуць.
2. у знач. прым. Які падоўжылі, расцягнулі. На расцягнутых калёсах валаклі дубы. Мележ. // Рэдкі, з прамежкамі. Расцягнутая вёска. Расцягнутая шарэнга. □ Я выцягнуў адтуль добры дзесятак лістоў са знаёмым мне дробненькім расцягнутым почыркам Валерыі Андрэеўны. Дуброўскі. // Пашкоджавы моцным напружаннем, ударам. Цела азябла, баліць расцягнутая нага. Навуменка. // Які стаў вельмі вялікім ці шырокім, свабодным у выніку нацягвання. Расцягнутая сукенка. □ Крывыя, пагнутыя жалезныя пруткі былі падобны на расцягнутую старую вяроўку. Пташнікаў.
3. перан.; у знач. прым. Залішне працяглы, доўгі. [Міхасёвы] тлумачэнні былі расцягнутыя і незразумелыя. Краўчанка. У «Звяздзе» — поспех для пачаткоўца — была надрукавана мая паэмка, праўда, сырая, расцягнутая. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Раскара́ка — пра чалавека з шырока пастаўленымі нагамі (ТСБМ, Сл. ПЗБ), роскора́ка ’нешта раздвоенае, растапыранае’: роскорака ў граблях (ТС). Сюды ж роскараку́н ’крываногі чалавек’, ро́скарач ’расставіўшы ногі’ (там жа). Параўн. таксама раскірэ́ка ’той, што мае крывыя ногі’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), раскіра́ка ’тс’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), разгіра́ка ’тс’ (карэліц., Нар. сл.; ваўк., Сл. ПЗБ). Укр. роскаря́ка ’дрэва з раздвоеным ствалом; чалавек, што ходзіць расставіўшы ногі’, раскоряка ’тс’. Відаць, аддзеяслоўнае ўтварэнне ад раскара́чыць ’шырока расставіць ногі’, параўн. таксама укр. роскаря́чити ’тс’, славен. razkoračiti ’раскарачыцца’, razkorak ’шырока пастаўленыя ногі’, што ўзыходзяць да прасл. *korakъ, параўн. кора́к ’крывы корань, корч’ (ТС), роднаснага да *korkъ, гл. крок (параўн. Сной₂, 308). Формы з коранем ‑кір‑ (варыянт ‑ґір‑, гл. Карскі 2-3, 39) маглі ўзнікнуць пад уплывам літ. kereti, keróti ’разрастацца ўшыркі, разгаліноўвацца’, параўн., аднак, і польск. kierz ’куст’, чэш. keř ’тс’, славен. razkrečiti ’стаць уразкрок, пашырыць, расставіць ногі’, што сведчаць пра чаргаванне *kor‑/*ker‑/*kъr‑. Параўн. падобныя адносіны: кірна́ч ’крываногі мужчына’ (Скарбы), гл. кірнаты, літ. kìrna ’корч’. Сюды ж раскара́кі мн. л. ’штаны (у загадцы)’, што ўяўляе дэвербатыў ад раскара́чыць са спецыялізаваным звужэннем семантыкі, абумоўленым энігматычным ужываннем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
скрыві́ць, скрыўлю, скрывіш, скрывіць; зак., каго-што.
Зрабіць крывым; перакасіць, выгнуць. — Падбіў бы хлопцу боты, а то зусім скрывіць ногі, — не раз гаварыла бацьку маці. «ЛіМ». [Маша] ставіць на паперцы тры крыжыкі, ды і то нейкія крывыя. І сама галаву неяк скрывіць. Брыль. / у безас. ужыв. Яго скрывіла ад скразняку. // Збіць набок, стаптаць. Скрывіць туфлі. // Адхіліць ад пэўнага кірунку; пайсці не прама. Навёў [Платон] .. [паркан] ад хлявоў, як ён і стаяў, цэлячыся на дзічку. Вёў, вёў яго і раптам — хваць! — скрывіў. Укапаў шулку так, што груша апынулася на яго баку. Ракітны. І, як на злосць, яму [Мікіту] адну Валы скрывілі баразну. Купала. // Надаць ненатуральны выраз (рысам твару); перакасіць. Дзяўчына нездаволена скрывіла губкі. Зарэцкі. Вакула паціснуў плячамі і скрывіў рот: што, маўляў, чэпішся да мяне брыгадзір. Радкевіч. Тут д’ябальская ўсмешка скрывіла Ясеў твар. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. У спраўніка твар аж скрывіла ад злосці. Лобан. // Пачаць дзейнічаць насуперак устаноўкам, рашэнням, дырэктывам. Скрывіць лінію партыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́заць, мажу, мажаш, мажа; заг. маж; незак.
1. што. Пакрываць тонкім слоем чаго‑н. тлустага або вадкага. Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч. // Змазваць. Сяляне круцяцца туды і сюды з торбачкамі ў руках, пояць коней, мажуць калёсы. Бядуля. Усе хлопцы ўзяліся за апошняе, што было неабходным перад паходам — чысціць і мазаць зброю. Кулакоўскі. // Абмазваць для ўцяплення. Мазаць хату глінай.
2. што. Разм. Рабіць брудным, пэцкаць, пляміць. Мазаць стол чарнілам. □ Парадку дзеці не трымалі, І іх ніколі не сціскалі.. Так, Юзік пальцам поркаў страву І верашчакай мазаў лаву. Колас. // Пэцкаць пры дотыку (аб прадметах). Фарба мажа рукі.
3. што і без дап. Разм. Няўмела, непрыгожа маляваць або пісаць. Закарузлыя, крывыя пальцы, папаленыя ў кузні, лягчэй малатком па жалезу б’юць, [чым] пяром па паперы мажуць. Бядуля.
4. Разм. Рабіць промахі (у гульні, стрэльбе і пад.). Мы гулялі [у мяч] без ранейшага імпэту, неяк вяла, часта «мазалі». Васілёнак.
5. перан. Разм. Даваць хабар. [Грышка Верас:] — Эх мілы мой ты! за панамі Няма прадыху. Хто з грашамі І мажа збоку, — той і едзе, Так вось і робіцца, суседзе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. насеў, ‑села; заг. насядзь; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сесці куды‑н., на што‑н. у вялікай колькасці. У вагон насела многа народу. На плот населі птушкі.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асядаючы на чым‑н., пакрыць сабою. На мэблю насеў пыл. // Прычапіцца да чаго‑н. На адзежу населі асцюкі.
3. Націснуць сваім цяжарам, наваліцца з сілай. Злуецца прымус на вялікі чыгун, што насеў, цісне яго крывыя ножкі. Баранавых. // Насунуцца, навіснуць. Выехалі [людзі] падвечар. Ледзь толькі мінулі бярэзнічак за мястэчкам, насеў поцемак. Мележ. Неба .. насела на самыя верхавіны дрэў. Быкаў.
4. перан. Разм. Настойліва патрабаваць ад каго‑н. чаго‑н. Клічка была зацверджана большасцю галасоў. — Лена, а як мы будзем цябе зваць? — населі дзяўчаты. — У мяне ўжо ёсць імя. Можаце зваць Алёшкам. Няхай.
5. Накінуцца на непрыяцеля. На гэты раз нам часта даводзілася вылазіць з машыны, бо нямецкі знішчальнік як насеў на нас у пачатку дарогі, дык не даваў спакою аж да самай вёскі. Казлоў. І населі тут на лебедзя Птахі дробныя. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)