убялі́ць, убялю, убеліш, убеліць; зак., што.

1. Добра выбеліць. Убяліць палотны.

2. Зрабіць усё белым, накрыць чым‑н. белым. Снег убяліў зямлю. Квецень убяліла сад.

3. Запэцкаць чым‑н. белым. Убяліць касцюм у мел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Закро́п ’прынада з пахучай травы для пчол’ (Сл. паўн.-зах.). Паколькі крапі́ць (гл.) азначае ’абпырскваць вулей рэдкай прынадай’ (Анох., 337), закроп трэба разглядаць як бязафіксны назоўнік ад дзеяслова закрапіць. Параўн. рус. дыял. окроп, укр. окріпквецень, вар’ (гл. Фасмер, 3, 130–131).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

та́машні, ‑яя, ‑яе.

Разм. Які знаходзіцца, ёсць там, у тым месцы, у той мясцовасці, пра якую ідзе гаворка. У тамашніх следчых была думка шукаць грабежнікаў дзе-небудзь пад Двума Хатамі. Чорны. Як жа буду я спаць, Калі квецень духмяную, белую, На букеты ламаць Хлопцам тамашнім можна насмелую! Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзе́цца, адзенуся, адзенешся, адзенецца; зак.

1. Надзець на сябе вопратку. [Лабановіч] кінуў скрыпку на стол.. і, момант падумаўшы, адзеўся, узяў палку і пайшоў. Колас. Гушка прыйшоў у хату, сеў, радасна адчуваючы спачын, пасля вымыўся, адзеўся ў лепшую адзежыну. Чорны. // Апрануцца кім‑н. Адзецца дзедам-марозам.

2. Набыць сабе неабходнае адзенне. Хто ж адзецца, пракарміцца Паможа? Дзе падзецца, прытуліцца, Мой божа? Купала.

3. перан. Пакрыцца чым‑н. (звычайна — лісцем, травой і пад.). Лес з раніцы адзеўся ў казачную квецень інею. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гусці́, гуду, гудзеш, гудзе; гудзём, гудзяце, гудуць; пр. гуў, гула, ‑ло; заг. гудзі; незак.

1. Утвараць роўны, густы, працяжны гук, гул. Усю ноч гула за вёскай малатарня. Брыль. Маторы гулі роўна, манатонна, штурмуючы тоўшчу воблакаў. Новікаў. // Завываць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Не змаўкаючы, гула завіруха. Мележ. Часам вецер наганяў хмары, і тады гула мяцеліца. Арабей. // Звінець крыламі (пра пчалу, чмяля і пад.). Гудуць, бзыкаюць, перавальваючыся з гронкі на гронку грэчкавага цвету, пчолы. Ермаловіч. // безас. Пра адчуванне шуму, гулу. Галава хілілася да стала, нібы налітая свінцом. У вушах цяжка гуло. Лынькоў. // Поўніцца мноствам галасоў. Школа, паўнютка набітая людзьмі, гула, як пчольнік. Сабаленка. А клуб аж гудзе, — у ім столькі людзей, Спраўляе свой слаўны Ігнат юбілей. Хведаровіч. // Манатонна гаварыць, расказваць. [Салдат] гуў сабе пад нос павольна, з одумам, слова за словам. Чорны. // Крыкам, галасамі выказваць не задавальненне (пра ўсіх, многіх). Мікуцічане гудуць. Выплываюць розныя крыўды, непаразуменні, успамінаюцца старыя прарэхі сялянскага жыцця, аб грэблі перастаюць зусім гаварыць. Колас. // перан. Пашырацца, распаўсюджвацца. Вялікая, радасная вестка гула, перакатвалася. М. Ткачоў. // перан. Бурна працякаць, інтэнсіўна праяўляцца. Работа ў калгасе кіпіць і гудзе. // перан. Хутка, спорна расці. Гудзе, буяе ў садзе квецень У звонкім ззянні кропель-рос. Кляўко.

2. Утвараць працяжны, рэзкі гук (пра сігнал, гудок). Гудзе завадскі гудок. □ Гулі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Васілёнак.

3. Разм. Бесперапынна ныць, ламаць (пра болі ў касцях, у целе). Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль. Скроні гулі і балелі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Кідаючы, размясціць у розных месцах па паверхні. Раскідаць гной. □ — Я некалі не паверыў, што Талаш раскідаў пяцёх легіянераў, вырваўся ад іх і ўцёк. Лужанін. І вецер, надзьмуўшы, як ветразь, шторы, Праз фортку ўварваўся, раскідаў лісты... Гілевіч. // Пакласці ў беспарадку, не на месца. Абуўся дзядзька, штось шукае І раптам голасна пытае: — А во! хто ж кнігі так раскідаў?! Колас.

2. звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр. Размясціць на адлегласці адзін ад аднаго. Да вайны вакол вёсак было раскідана яшчэ некалькі меншых хутароў. Залескі. На гэтых бяскрайніх абшарах балот, як астраўкі ў акіяне, былі раскіданы прыгожыя, асабліва ўлетку, выспы. Шчарбатаў. // Прымусіць разысціся, раз’ехацца ў розных напрамках; размясціць у розных месцах. Усіх падсудных раскідала, каго куды, па ўсіх астрогах Польшчы. Машара. / у безас. ужыв. Цвіў сіні бэз, была вясна. І па палях праходзіў квецень, Калі ўсхадзілася вайна. І нас раскідала па свеце. Астрэйка.

3. Разбурыць, разваліць. Першымі часамі пасля рэвалюцыі [Банадысь] .. раскідаў старую цесную хату і на яе месцы паставіў дом. Чорны. // перан. Разладзіць, расстроіць, прымусіць распасціся. У Таццяны Восіпаўны была надзея, што, скончыўшы школу, Марылька паможа даць адукацыю Янюце і Сашы, але яе ранні замуж раскідаў гэтыя планы. «Полымя». [Анэта:] — Цераз гэты гандаль і тады сям’ю раскідаў і цяпер моцнай не зробіш! Чорны.

4. Дарэмна патраціць. — Не просіць нічога [сястра], а я ведаю: трэба памагчы. А я ўсе грошы раскідала на дробязі. Савіцкі. «І чужога не вазьму, і свайго не раскідаю» — такое цётчына правіла. Лось.

5. Праараць уроскідку. [Яўген] раскідаў запар дзве палосы: сваю і Анісеву. Баранавых.

раскіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да раскі́даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)