напла́каць, ‑плачу, ‑плачаш, ‑плача; зак.

1. што і чаго. Разм. Праліць нейкую колькасць слёз. Ад прыгону-гора, ад паноў, ад катаў слёз стаяла мора, што мужык наплакаў. Машара.

2. што. Плачучы, давесці да чырвані, прыпухласці (вочы).

•••

(Як) кот наплакаў гл. кот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да прыгаварыць.

2. Гаварыць, суправаджаючы якое‑н. дзеянне. Не зважаючы ні на што і ні на каго, .. [Алік] катаў па вуліцы малога і прыгаворваў яму розныя суцяшальныя словы. Кулакоўскі. — Не бойся, не бойся, дурненькі мой, — гладзячы ката, прыгаворваў хлопчык. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кіпцю́р і капцю́р, ‑а, м.

1. Востры загнуты рагавы прыдатак на пальцах птушак, многіх паўзуноў і млекакормячых. Варона перакулілася дагары, выставіла ногі з сагнутыхі кіпцюрамі і падрыхтавалася да абароны. Якімовіч. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе капцюрамі. Колас.

2. Разм. Ногаць. Апамяталася Рыва, кінулася да бацькі, кіпцюрамі ўчапілася ў твар аднаму з катаў. Лынькоў.

•••

Паказаць кіпцюры гл. паказаць.

Трапіць у кіпцюры каму гл. трапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заадно́, прысл.

1. Сумесна, у згодзе з кім‑н. (быць, дзейнічаць і пад.). Быць з сябрамі заадно. □ Бізун, штык і куля царскіх катаў пераконвалі сялян, што памешчыкі і чыноўнікі дзейнічаюць заадно. Лушчыцкі.

2. Разам з тым, адначасова, мімаходам. [Міхась] зноў і зноў дакараў у думках сястру, а заадно і Толю, што яны згадзіліся пусціцца ў.. далёкую і небяспечную дарогу. Якімовіч. Настаўнік вырашыў завітаць да пісара. Цікава зірнуць, што на дварэ робіцца, а заадно і клопат пазбыць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расцвісці́, ‑цвіту, ‑цвіцеш, ‑цвіце; ‑цвіцём, ‑цвіцяце, ‑цвітуць; пр. расцвіў, ‑ла, ‑ло; зак.

1. Пакрыцца цветам, кветкамі; распусціцца. Расцвіў перад акном духмяны белы бэз. Брыль. Краска свеціцца, нібыта Толькі расцвіла. Прыходзька. / у перан. ужыв. Панурая выспа ўраз ажыла. Раней халодная і насцярожаная, яна зазвінела цёплым дзявочым смехам, расцвіла задорнымі ўсмешкамі хлопцаў. Паслядовіч.

2. перан. Дасягнуць пары росквіту фізічных і духоўных сіл. Лабановіч бачыў мілую дзяўчынку-падлетка і ўспрымаў яе такою, як яна ёсць — маладзенькая, гатовая расцвісці ў поўнай сваёй красе. Колас. // Стаць радасным, ажыўленым. Жанкі аж расцвілі ад задавальнення. Васілевіч. Каля інтэрната .. [студэнты] спаткалі Ганчарова.. Умомант .. вочы [Маі] загарэліся, уся яна ажывілася, расцвіла. Карпюк.

3. перан. Дасягнуць высокага развіцця, працвітання. Талент расцвіў. □ Беларусь, мая радзіма, Як жа расцвіла ты За час гэты, за кароткі, Як выгнала катаў! Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упра́ва 1, прысл.

У правы бок; проціл. улева. Дарога паварочвала то ўправа, то ўлева. Краўчанка. Стрэлка манометра пасоўвалася ўправа, набліжаючыся да чырвонай рыскі. Васілёнак.

упра́ва 2, ‑ы, ж.

1. Установа, якая ведала грамадскімі, саслоўнымі і адміністрацыйнымі справамі ў дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама будынак, дзе яна размяшчалася. Земская ўправа. Валасная ўправа. Гарадская ўправа.

2. Сіла, якая абмяжоўвае чыё‑н. самавольства, дэспатызм; мера ўздзеяння на каго‑н. Людзі голасам галасілі ад панскай ласкі. Шукалі дзе якую ўправу на яснавяльможнага. Сабаленка. Нашто зямля іх, катаў, носіць? Ой, хто ж ад іх не загалосіць? А дзе на іх шукаць управы, Бо суд «праўдзівы», суд «ласкавы» Паноў за здзекі не карае? Колас. — На п’янства, нябось, ёсць управа, а чаму ж гэтых курцоў не караюць, — сказала .. [жанчына] з нейкай крыўдай і змоўкла. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штык 1, ‑а, м.

1. Халодная колючая зброя ў выглядзе вялікага нажа, якая насаджваецца на канец ствала вінтоўкі, карабіна, аўтамата. Дзям’ян яшчэ раз нырнуў штыком.. [ворага] ў грудзі і, забраўшы зброю, выйшаў на ганак. Кавалёў. Напарнік тым часам вырваў штык з кудзелі, адступіўся ў сенцы, завярнуў вінтоўку штыком наперад і рынуўся ў хату. Лецка. // перан. Ужываецца для абазначэння ваеннай сілы як сімвал яе. Браты, мы ведаем — Няроўнае змаганне: Супроць вас штык, Астрогі, катаванне. Колас. Бізун, штык і куля царскіх катаў пераконвалі сялян, што памешчыкі і чыноўнікі дзейнічаюць заадно. Лушчыцкі. // У спорце — плоская сталёвая пласцінка з шляпкай ці цыліндрам на тонкім канцы, якая надзяецца на ствол стрэльбы, карабіна. Фехтаванне на штыках.

2. Спец. Узброены баец, салдат (ужываецца як адзінка падліку пяхоты). Як атрад партызанскі ішоў з баёў, Небагата ў атрадзе было штыкоў: Хто скалечаны, Хто паранены... Лужанін.

•••

Прымкнуць штык гл. прымкнуць.

Падняць (узняць) на штыкі гл. падняць.

Сустрэць (прыняць) у штыкі гл. сустрэць.

Як штык — поўнасцю, зусім (гатовы да чаго‑н., здаровы і пад.).

[Ад польск. sztych.]

штык 2, ‑а, м.

Спец. Асобы марскі вузел пры звязванні тоўстых вяровак, канатаў.

штык 3, ‑а, м.

Пласт зямлі на глыбіню палатна рыдлёўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)