уто́ркнуцца, -нуся, -нешся, -нецца; -ні́ся; зак., у што.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і уткнуцца (у 1 знач.).
Кап’ё ўторкнулася ў зямлю.
2. Уперціся, уткнуцца ў што-н.
Лодка ўторкнулася носам у пясок.
У. тварам у падушку.
3. Тое, што і уткнуцца (у 3 знач.).
У. ў газету.
|| незак. уто́рквацца, -аюся, -аешся, -аецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
*Суліца ’кап’ё’ (1228 г., Гандлёвая дамова смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай, Готландам і нямецкімі гарадамі), укр. старое су́ла ’піка’, дыял. суло́ ’драўляны чаранок жалезных вілаў; жардзіна вясла’, сули́ця ’дзіда’, рус. сула́ ’клюшка, якую дзеці кідаюць па лёдзе’, старое су́лица ’кідальны дроцік’, ст.-польск. sulica ’кап’ё, дзіда’, чэш. sudlice ’рагаціна’, славен. súlica, серб.-харв. су̏лица, балг. старое су́лица, макед. сулица ’від дзіды’. Прасл. *sudlica ’кароткае кідальнае кап’ё’, звязана з суляць ’соваць, піхаць, кідаць’, соваць, сунуць, гл. (Адзінцоў, Этимология–1976, 106–111). Гл. таксама Фасмер, 3, 801; ЕСУМ, 5, 471; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 348. Параўн. сула́ 2, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дзі́да ’кап’ё, піка’ (БРС). Першакрыніцай з’яўляецца тур. džida ’тс’. У бел. мове з польск. dzida (< тур.). Гл. Слаўскі, 1, 192.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
уткну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся; зак., у што.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Убіцца вострым канцом у што-н.
Кап’ё ўткнулася ў зямлю.
2. Ткнуўшыся, уперціся, зарыцца ў што-н.
У. галавой у падушку.
3. перан. Паглыбіцца ў які-н. занятак, уважліва разглядаючы што-н., займаючыся чым-н. (неадабр.).
У. ў кнігу.
4. перан. Умяшацца, прыняць удзел у чым-н. (разм., неадабр.).
Усюды ты ўткнешся.
|| незак. утыка́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
уто́ркнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Уткнуцца вострым канцом у што‑н. Кап’ё ўторкнулася ў зямлю.
2. Уперціся, уткнуцца ў што‑н. У бераг носам пад кустом Уторкнулася лодка. Скарынкін. Мой, вораг ляжаў нерухома, уторкнуўшыся тварам у снег. Шамякін.
3. перан. Не ўзнімаючы вачэй, паглыбіцца ў якую‑н. справу. Уторкнуўшыся ў газету,.. [афіцэр] ужо думае аб дарозе. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Капе́йка ’адна сотая рубля і манета гэтай вартасці’, капейкі ’дробныя разменныя манеты’, ’грашовыя сродкі’ (ТСБМ). З рус. копейка, якое з копейная деньга (XV ст.) — на манеце была выява князя на кані з дзідай у руцэ (съ копиемъ) < копьё (Фасмер, 2, 317; Шанскі, 2 (К), 303). Да кап’ё (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дро́цік ’від зброі’ (БРС). Запазычанне з рус. дро́тик ’тс’ (у рус. мове слова вядома з 1682 г.). Паходжанне рус. слова не вельмі яснае. Лічыцца запазычаннем з грэч. δόρυ ’кап’ё’. Іншыя шукаюць іранскую крыніцу; агляд версій у Фасмера, 1, 542. Трубачоў (Дополн., 1, 542) тлумачыць рус. слова з *гротик < грот ’дроцік’. Параўн. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 195.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
збро́я, ‑і, ж.
1. Прылада, рэч для нападу ці абароны. Адама зачынілі ў зямлянцы разведчыкаў, цішком забраўшы адтуль усё, што магло быць зброяй. Брыль. [Юнакі] і зброю падрыхтавалі сабе: знайшлі пяць вінтовак і ўкралі ў немцаў два аўтаматы і скрыню гранат. Шамякін. / у знач. зб. Супроцьтанкавая зброя. Ядзерная зброя. / Пра чыю‑н. армію, ваенную сілу. Сіла савецкай зброі.
2. перан. Сродак, спосаб для дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Марксізм-ленінізм — вялікая ідэйная зброя, якая мабілізуе і арганізуе мільёны людзей для руху наперад, для новых перамог. «Полымя». Мастацтва павінна служыць зброяй для замацавання і ўглыблення новага ладу жыцця. Бядуля.
•••
Агнястрэльная зброя — зброя, якая страляе пры дапамозе пораху ці іншых выбуховых рэчываў.
Халодная зброя — зброя для рукапашнага бою, якой сякуць і колюць (кап’ё, меч, шабля, штык і інш.).
Бразгат, зброяй гл. бразгаць.
Скласці зброю гл. скласці.
Узняць зброю гл. узняць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Жэ́рдка, жэрдзь ’ачышчаны ад галля ствол або галіна дрэва’. Рус. жердь, жердка ’тс’, укр. же́рдка ’гарызантальная галінка’, польск. żerdź, żerdka ’жэрдка’, в.-луж. žerdź ’жэрдка; штанга’, н.-луж. žerdka, žerź ’тс’, чэш. žerď, žerďka, славац. žrď, žŕdka, славен. žr̂d, žr̂dka, серб.-харв. дыял. жр̏т, балг. дыял. жерд, жърд, жъ́рда ’жэрдка’. Ст.-слав. жръдь ’кій, кап’ё’, ст.-рус. жердь (XI ст. у копіі XV ст.). Прасл. *žьrdь звязана чаргаваннем галоснага з *gordъ (гл. горад, азярод); параўн. ст.-в.-ням. gerta ’прут’. Фасмер, 2, 47; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 285–286; Аткупшчыкоў, Из истории, 121; Геаргіеў, Introduction to the History of the I. E. Languages, 1981, 44–45; БЕР, 1, 557; Скок, 602–604; Голуб-Копечны, 444; Покарны, 1, 444. І.‑е. корань *gherdh‑ ’ахватваць, гарадзіць’. Іначай Махэк₂, 726: *žьrd звязана з града, рус. гряда, грядка, што менш верагодна, паколькі не тлумачыць адсутнасці насавога. Гл. яшчэ жэрасць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аске́пак, аскёпак ’асколак, шчэпка, трэска’. Параўн. яшчэ атськёпык ’адшчэпак’ (Бяльк.). Рус. дыял. паўдн. оскепок ’аскепак’, укр. оскипище ’ручка грабляў’. Ст.-рус. оскѣпъ ’кап’ё’. Паводле значэння, рускае і беларускае словы тлумачацца як суфіксальныя ўтварэнні ад дзеяслова, засведчанага ў Даля: оскепать ’ашчэпяць’; параўн. абрывак, адломак. Іншае магчымае тлумачэнне: памяншальнае ад аскеп (ст.-рус. оскѣпъ) семантычна менш верагодна. Дзеяслоў оскѣпати (> назоўнік оскѣпъ) утвораны ад дзеяслова скѣпати > скяпаць (гл.). Захаванне ў націскным складзе ў бел. аскепак е (пры пераходзе яго ў ё ў некаторых магілёўскіх гаворках) можна лічыць як сведчанне ў карысць гіпотэзы Якабсона (IJSLP, 1/2, 270) пра тое, што ск захоўвалася тут перад оі, з якога ўтварыўся ѣ. Аскепак і шчэпка словы аднакарэнныя. Малаверагодная думка Даля (IV, 195), падтрыманая Когенам (Запіскі, 1, 236–237) і Сцяцком (Нар. 27), пра роднаснасць аскепак і скіба ’луста’, якое запазычана праз польскую з нямецкай мовы. Семантычна скіба, скібка не ўжываюцца, калі справа ідзе пра дрэва, фанетычна кепска тлумачыцца б і не найлепшым чынам і. Гл. скіба.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)