канды́тарскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да вытворчасці прысмакаў, салодкіх мучных вырабаў або да гандлю імі. Кандытарская фабрыка. Кандытарскі магазін.

2. у знач. наз. канды́тарская, ‑ай, ж. Магазін, які прадае кандытарскія вырабы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пячэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пячы (у 1 знач.).

2. Кандытарскія вырабы ў выглядзе тонкіх кавалачкаў рознай формы, прыгатаваныя са здобнага, звычайна салодкага цеста. На маленькім круглым століку .. быў пастаўлен чайны прыбор, на сподачку ляжаў цукар і пячэнне. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ласу́нак, ‑нку, м.

1. Што‑н. вельмі смачнае; улюбёная страва. Хатнія ласункі. □ Грыбы [госці], вядома, хвалілі, дый удаваліся яны такія, што маглі лічыцца ласункам. Лужанін. [Чайкі] то стралой узнімаюцца ўгору, то куляй ляцяць уніз за ласункамі, якія пасажыры кідаюць за борт. Філімонаў.

2. звычайна мн. (ласу́нкі, ‑аў). Салодкія кандытарскія вырабы і наогул усё смачнае; прысмакі. Танкісты пачалі дзецям соваць ласункі, хто галеты, хто цукар. Няхай. У парк рэдка хто заглядваў, і мядзведзям ужо не прыносілі ніякіх ласункаў. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Марцыпа́н, ‑ны (мн.) ’кандытарскія вырабы з цеста, прыгатаванага з працёртага міндалю або арэхаў з цукрам’, ’што-небудзь вельмі смачнае, адмыслова прыгатаванае’, ’страва, якая не існуе — нешта накшталт птушынага малака’ (ТСБМ; шчуч., З нар. сл.), ’вараныя буракі’ (ТС), ст.-бел. марципанъ ’тс’ (XVII ст.), якое запазычана са ст.-польск. marcypan < італ. marzapane ’пернік’ (Булыка, Лекс. запазыч., 119; Кохман, 84). Першапачаткова італ. marzipane — венецыянская манета, пасля мера: 10 марцыпанаў = 1 чацвярыку; у скрыні памерам у 1 марцыпан перавозіўся з Кіпра салодкі пірог, які пазней і стаў называцца марцыпанам. Італ. marzapane ўзыходзіць да араб. mauthabān ’кароль, які сядзіць на троне’. Не выключана другаснае запазычанне бел. лексемы з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сало́дкі ’які мае прыемны смак, уласцівы цукру, мёду і пад.’, ’смачны, багаты (пра яду)’, ’поўны дастатку, задаволенасці, шчасця, радасці (пра жыццё, лёс)’, сало́дкае ў знач. наз. ’страва, прыгатавала з цукрам, варэннем, мёдам і пад., а таксама цукеркі, кандытарскія вырабы’. Агульнаславянскае; рус. дыял., укр. соло́дкий, ст.-слав. сладъкъ ’салодкі’, польск. słodki, в.-луж. słódki, н.-луж. słodki, чэш., славац. sladký, серб.-харв. сла̏дак, славен. sládk, балг. слáдък, макед. сладок. Прасл. *solъbkъ — дэрыват з суф. *‑ък ад *soldъ ’солад’. Адпаведнікі ў літ. saldùs, лат. salds ’салодкі’, літ. sálti, sąlù ’рабіцца салодкім’, далей звязана з соль (гл.). Першаснае значэнне ’салёны, смачны, востры’. Гл. Траўтман, 248 і наст., Мейе, RÉS, 6, 172 і наст., Фасмер, 3, 713, Брукнер, 499). Махэк₂, 551 не прымае роднасць з слав. *solь і прапаноўвае першапачатковую форму *svādus ’салодкі, мілы’, якая была б роднаснай ст.-інд. svadúh, лац. suāvis, ням. Süss ’салодкі’, дзе ‑va‑ было заменена на ‑ol‑ пад уплывам *solь, што лічыцца неверагодным; гл. Шустар-Шэўц, 2, 1303. Да таго ж соль у некаторых рэгіёнах у старажытнасці была сапраўды каштоўнай прыправай. Гл. Борысь, 558; БЕР, 6, 841–844. Параўн. солад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сало́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае прыемны смак, уласцівы цукру, мёду і пад. Салодкія яблыкі. □ То была пара, калі маладыя бярозкі брынялі салодкім сокам. Гартны. Мёд быў надзвычай салодкі. Ён быў яшчэ саладзейшым ад таго, што самі ж [Піліпчык і Васілька] яго дасталі, самі знайшлі. Лынькоў. // У назвах некаторых раслін. Салодкі перац. Салодкі лубін. // Свежы, не кіслы, не кансерваваны. Салодкія агуркі. □ Елі [мужчыны] салодкае малако з хлебам поўнымі конаўкамі. Пташнікаў. // Прыгатаваны з цукрам або з мёдам. Салодкі пірог.

2. у знач. наз. сало́дкае, ‑ага, н. Страва, црыгатаваная з цукрам, варэннем, мёдам і пад., а таксама цукеркі, кандытарскія вырабы. Знае лес І знае сад, Што салодкаму ён [Паўлуша] рад. Муравейка. — Я думаў — можа ты любіш салодкае? — намагаючыся знайсці сваю струнку паводзін, сказаў Бягун. Кулакоўскі. // Страва, якая падаецца на дэсерт. [Граноўская] пачаставала Надзейку салодкім, а мужчынам прапанавала яшчэ выпіць. Гурскі.

3. Разм. Смачны, багаты (пра яду). У чужых руках пірог і з хрэнам салодкі, — ужо больш, нервова сказала Ірына. Новікаў.

4. перан. Разм. Поўны дастатку, задаволення, шчасця, радасці (пра жыццё, лёс). [Алесь:] — Ці гэта.. [сыны] такімі ўрадзіліся, ці гэта што іншае? [Павал:] — Яны ўрадзіліся такімі, якім ім трэба было. А што не ладзяць з сабою і са мною, дык з салодкага жыцця сварыцца ні з кім чалавек не будзе. Чорны. Брыль пражыў цяжкое дзяцінства, не салодкія маладыя гады, але захаваў добрае сэрца. «ЛіМ».

5. перан. Прыемны, які прыносіць задавальненне, асалоду. Салодкі сон. □ Прыемна і мякка цікае гадзіннік, і ў салодкай дрымоце мрояцца розныя сны. Дуброўскі. Красавік — Абуджэнне салодкіх трывог, Прадчуванне грымот, Навальніц і маланак. Звонак. Там [у горадзе] панавалі агонь і дым. Яны як бы паглыналі ўсё.. жыццё Васіля: і летнія вечары над вадою, і салодкія пацалункі Агаты, і тое, што было збудавана яго рукамі... Няхай. // Прыемны на ўспрыманне (пра голас, гукі, пах і пад.). Голас, [«кавалера»] быў вельмі прыемны, пранізваў салодкім агнём усю.. істоту [Ядвігі]. Бядуля. Дык гэта ж унучак ужо ў мяне! Бачыш, Карн? Радасць якая! — сыпала.. [Палагея] салодкімі словамі. Шамякін.

6. перан. Празмерна далікатны, занадта ласкавы. [Казік:] — Куды падзелася яго [Віктара] ранейшая салодкая манера, ліслівасць, ветлівы аптымізм. Машара. // Які выражае ліслівасць, карыслівую дагодлівасць. Салодкія абяцанні. □ Лепш горкая праўда, чым салодкая мана. Новікаў. Салодкай песні век не вер, Пакуль не разбярэшся — хто спявае. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)