Пераво́ратнік (пэрэво́ротнік) ’бурачок камяністы, Alyssum saxatile L. Desv.’ (лельч., Бейл.). Расліна выкарыстоўваецца як лякарства “ад жывата”, магчыма, ад завароту кішак, параўн. пераварот кішок (Сл. ПЗБ). Да пера- і варочацьвярце́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каменяло́мнік ’расліна Saxifraga’ (ТСБМ; маг., Кіс.; Дэмб. 1; б.-каш., Мат. Гом.), лексема з’яўляецца перакладам лац. назвы saxifragus ’той, хто разбівае каменне’. Расліна называлася так, бо выкарыстоўвалася старажытнымі грэкамі (Макак, Jména, 97–98) пры лячэнні ўнутраных органаў ад утварэння камянёў або паводле таго, што калі расла з каменя, расколвала яго. Аналагічна стол. каменны цвіток ’бурачок камяністы’ ∼лац. saxātilis ’той, хто жыве сярод скал’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ска́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да скалы. // Скалісты, са скаламі. Не відно мора, але грукат яго не аддаліўся, хвалі б’юць у скальны бераг недзе зусім блізка — здаецца пад ім. Шамякін. Сібір, Сібір, суровы край, багаты, Разлівы рэк, вышыні скальных гор. Буйло.

2. Спец. Які складаецца з цвёрдых горных парод; камяністы. Скальны грунт. □ Яны [шукальнікі] пяскі па рэчышчах капалі, у г[а]рах скальныя крышылі пліты. Дубоўка. // Які робіцца ў камяністым грунце; які служыць для работ у камяністым грунце. Скальныя работы. Скальны экскаватар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́г, -а, Мо́зе, мн. -і, -аў, м.

1. Бервяно або брус у ніжняй частцы дзвярнога праёма.

Пераступіць цераз п.

На п. не пускаць каго-н. (не пускаць каго-н. у дом). Не выходзіць за п. (не выходзіць з дому). Ад парога хату не мятуць (прыказка).

2. перан., чаго. Пярэдадзень, мяжа чаго-н. (кніжн.).

На парозе гібелі.

3. Камяністы папярочны выступ на дне ракі, які паскарае цячэнне і абцяжарвае суднаходства.

Пеняцца хвалі на парогах.

4. Найменшая магчымая велічыня, ступень праяўлення чаго-н. (спец.).

П. адчуванняў.

П. чутнасці.

З парога (адхіліць, не прыняць і пад.; разм., неадабр.) — адразу, не ўваходзячы ў сутнасць справы.

|| памянш. паро́жак, -жка, мн. -жкі, -жкаў, м. (да 1 і 3 знач.).

|| прым. паро́гавы, -ая, -ае (да 4 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тыйкамяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́патакамяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Парог ’бервяно або брус, прымацаваныя пад дзвярамі паміж вушакамі; камяністы папярочны выступ на дне ракі, які нарушае плаўнасць цячэння’ (ТСБМ, Інстр. I, Шат., Сл. ПЗБ), поро́г ’парог, прыступкі; сядзенне ў выдзеўбаным чоўне’ (ТС), ’парог; бэлька над дзвярыма’ (Мат. Гом.). Агульнаслав.: рус. поро́г, укр. порі́г, поро́гу, ст.-рус. порогъ, ст.-слав. прагь, польск. próg, в.-луж. proh, н.-луж. prog, чэш. práh, славац. prah, серб.-харв. пра̏г, славен. prág, балг. праг(ът). Прасл. porgъ. Роднасныя ў і.-е. мовах: літ. pérgas ’рыбачы човен’, ст.-ісл. forkr ’дубіна’, ст.-сакс. ferkal ’засаўка’, лац. pergula ’прыбудова ў доме, выступ у сцяне, вінаграднік, хаціна, гарышча’, магчыма, і арм. harkanem ’б’ю’ (гл. Траўтман, РВВ, 32, 151 і наст.; Вальдэ-Гофман, 288; Фасмер, 3, 329; там жа і інш. літ-pa). Адносна семантыкі бел. слова параўн. серб.-харв. prag (на востраве Пату), якое абазначае любое з чатырох бэлек дзвярной рамы, і лац. limen ’парог; верхняя бэлька над дзвярыма’ (гл. Махэк₂, 478).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апо́ка1 ’гатунак вапняка’, ’рама для ліцейнай формы’ (БРС). Рус., укр. опока ’тс’, польск. opoka ’скала, камень, камяністы грунт; фундамент’, чэш., славац. opuka ’вапняк’, славен. opǫ̑ka ’вапняк, камяністая глеба’, ц.-слав. опока ’скала, камень’; гэта значэнне адзначаецца ў старабеларускім помніку XV ст. (Карскі, Труды, 313), зафіксавана ва ўкраінскай мове ў XIX ст. Першаснае значэнне ’вапняк’, хаця зарэгістравана яно на ўсходнеславянскай тэрыторыі толькі ў XVI ст. (Сразн.), ад гэтага значэння, паводле матэрыялу, апокай стала называцца ліцейная форма (рэгіструецца ва ўсходнеславянскіх мовах з XVII ст.), а пазней — рама для ліцейнай формы. Іншае разгалінаванне значэння ’вапняк’ > ’скала з вапняка (крэйды)’ > ’скала’ > ’камень’ > ’камяністы грунт’, ’фундамент’. Пашырэнне значэння ’скала’ ў старабеларускай і ўкраінскай, магчыма, адбылося шляхам запазычання з польскай ці царкоўнаславянскай. Этымалогія — перагаласоўка e/o да дзеяслоўнага кораня *pek‑ (параўн. пяку, пячора), прынятая Міклашычаім, 235, і Бернекерам IF, 13, 214, выклікае сумненні з боку семантыкі (Праабражэнскі, 1, 653). Чэш. форма з u замест o тлумачыцца кантамінацыяй з коранем *puk ’трэскацца’ ў сувязі з тым, што апокавыя пароды часта трэскаюцца на пласты; у сувязі з гэтым Махэк₂ (416) лічыў чэшскую форму першаснай, а ‑o‑ ў іншых мовах паясняў вынікам асіміляцыі з першым o; апошняе малаверагодна. Прымаючы семантычны бок тлумачэння Махэка, Супрун (Веснік БДУ, 1970, 2, 83–84) звязвае корань слова апока з беларускім дзеясловам покацца ’трэскацца, расколвацца, расшчапляцца’ (гл.), звязаным, магчыма, з выклічнікам пок гукапераймальнага характару. Корань пок‑ адвечна быў варыянтам кораня пук‑ з блізкім значэннем (гл. апука2) ці быў пазней ім выцеснены.

Апока2 ’цяжкі прадмет, напр. бервяно’ (Крывіцкі ў Бяльк.), апо́чча, апо́чына ’палена, што кепска колецца’. Гэта далейшае развіццё значэння апока1: ’скала’ > ’камень’ > ’цяжкі камень’ > ’цяжкі прадмет’. Праз выраз ляжаць апокай гэта значэнне пераносіцца і на чалавека: апока ’абібок, гультай, лодар’ (Касп., Юрч., Бяльк., Серб., Мядзв.), апочына ’гультаіна’ (Бяльк.). Супрун, Веснік БДУ, 1970, 2, 84.

Апо́ка3 ’аб’ядала, п’яніца’ (Нас.). Рус. смал. опока ’тс’ (Дабр.). Параўн. покала ’абжора’ (Нас.). Утворана ад дзеяслова по́каць ’жэрці’ (Нас.) паводле мадэлі, блізкай да той, што ляжыць у аснове слова абʼядала; магчыма, усечана з *апокала пад уплывам апока ’гультай’, кантамінацыя з якім, напэўна, адбывалася (гл. апока2). Супрун, Веснік БДУ, 1970, 2, 84.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паро́г, ‑а, М ‑розе, м.

1. Бервяно або брус, прымацаваныя пад дзвярамі паміж вушакамі. Люда стаяла на парозе, — яшчэ ўсё малая, не згінаючыся ў нізкіх дзвярах. Брыль. Міхал націснуў клямку і пераступіў парог сянец. Васілевіч.

2. перан. Перашкода, перапона. Ой, многа, як многа Для думак дарогі Не спыніць іх лёту Ніякі парог. Колас.

3. Камяністы папярочны выступ на дне ракі, які парушае плаўнасць цячэння. Равуць на парогах ды пеняцца хвалі... Вялюгін.

4. Спец. Найменшая велічыня, ступень праяўлення чаго‑н. Парог адчуванняў.

5. перан. Як сімвал роднага дома, сям’і, радзімы. [Маці] толькі раз у жыцці пакідала вёску родную, родны парог. Вярцінскі. І я гэтым шляхам вярнуўся З ваенных далёкіх дарог На гоні сваёй Беларусі, На бацькаўскі родны парог. Астрэйка.

•••

Абіваць парогі гл. абіваць.

З парога — адразу ж пасля прыходу куды‑н. — Андрэй! — проста з парога пачала .. [Зіна]. — Тату патрэбна неадкладная аперацыя. Ваданосаў.

Не пусціць на парог гл. пусціць.

На парозе — а) аб тым, што вельмі хутка павінна наступіць. Бяліла зіма на палетках радно, І снежань суровы стаяў на парозе. Звонак; б) чаго; напярэдадні чаго‑н.; на грані чаго‑н. [Андрэй:] — Мы стаімо на парозе таго, што тэхніка зрастаецца з кібернетыкай, што машына робіцца нечым падобнай на жывы арганізм. Скрыган.

У парозе — каля дзвярэй, каля ўваходу. Прамоўца паварочваецца да тых, якія стаяць у парозе, аконнае святло падае яму на шчаку і серабрыць скроню. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сала́, со́лка ’востраў сярод ракі, пакрыты лазой і кустамі’, ’камяністы выступ сярод рэчкі’ (іўеў., Арашонкава і інш., БЛ, 3, 45), сала́ ’водмель, востраў’, ’узвышанае месца сярод балота’ (іўеў., віл., швянч., Сл. ПЗБ). З літ. salá ’востраў’; гл. Арашонкава і інш. у названай крыніцы; Сл. ПЗБ, 4, 350.

Са́ла1 ’тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., ТС, Нар. сл.), ’сала, здор’ (Сл. ПЗБ), ’курыны тлушч’ (Жд. 1), ’гусіны тлушч’ (Мат. Гом.), ’мясістая абалонка ў гарбузе’ (навагр., З нар. сл.), ’белая сарцавіна камыша’ (жлоб., Кошчанка, вусн. паведамл.), салны́ця ’унутранае сала’ (Сл. Брэс.). Агульнаславянскае; рус. са́ло ’сала, нутранае сала’, укр. са́ло ’сала; здор’, стараж.-рус. сало, польск. sadło ’нутраны тлушч наогул’, в.-луж. sadło ’топленае сала, тлушч’, н.-луж. sadło ’нутраны тлушч, сала’, чэш. sádlo ’від жывёльнага тлушчу’, славац. sadlo ’тс’, серб.-харв. са̏ло ’нутраны тлушч, свіны тлушч’, славен. sál̥o ’нутраны тлушч’, балг. са́ло ’нутраны тлушч’, ’мяккая тканка вакол насення ў гарбузе, перцы і г. д.’, макед. са́ло ’свіны тлушч; нутраны тлушч’. Прасл. *sadlo. Дэрыват ад кораня *sad‑ (які ў *saditi ’садзіць’), г. зн. ’тое, што садзіцца на мяса або на нейкія часткі цела’; гл. Міклашыч, 287; Мацэнауэр, LF, 19, 244; Младэнаў, 567; Брандт, РФВ 24, 145; Фасмер, 3, 550; Шустар-Шэўц, 2, 1263; Борысь, 537. Сумненні адносна словаўтварэння ў Махэка₂ (535), які праславянскай лічыць форму *sadidlo, і Рэйзака (558); апошні лічыць магчымым утварэнне слав. слова ад і.-е. sa‑ ’сыціць’. Аналагічна Сной₁, 552. Мартынаў (Этимология–1982, 9) параўноўвае з прус. saltan ’сала’, літ. lašiniai ’сала’, марфалагічна тоесных слав. *sadlo, але фанетыку кораня цяжка давесці.

Са́ла2 ’бома для прыціскання бервяна на козлах’ (дзісн., КЭС), ’рычаг (цяжкае бервяно)’ (нараўл., Сл. ПЗБ), ’груз на калодзежным жураўлі’ (Сл. Брэс.). Да сала1. Калька літ. lašinai ’сала’, ’палка або чурбан для прыціскання дошак’.

Сала3 ’«жалезныя свечы» на аржавенні-вадзе, дзе шмат жалезных спалучэнняў’ (Нік. Очерки). Да сала1 (гл.).

Са́ла4 ’ледаход’ (Байк. і Некр.). Да сала1, параўн. рус. са́ло ’першая корка лёду’; гл. Фасмер, 3, 550.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)