пе́сня, ‑і, ж.

1. Невялікі паэтычны твор для спеваў. Харавая песня. Песня-калыханка. Лірычная песня. □ Дзяўчаты спявалі старую жніўную песню. Асіпенка. // Гучанне такога твора, яго мелодыя, гукі. Песня была дружнай, зладжанай і лілася з нашых грудзей магутнай хваляй бадзёрасці, адвагі, мужнасці. Анісаў. // Пра спевы птушак. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім небе жаўранак. Мурашка. // Пра меладычныя гукі, якія нагадваюць песню. Куй, каваль! Няхай прачнецца, Хто шчэ спіць чароўным сном, — Да іх хутка данясецца Песня молата: «дзін», «бом!..» Чарот.

2. Невялікі верш, напісаны ў стылі музычна-паэтычнага твора. Песні Кальцова. // Паэтычная творчасць, паэзія. — Баюся, што песня возьме верх над прозаю ў творчасці Саўкі! — сказаў студэнт не то жартам, не то сур’ёзна. Бядуля.

3. Назва некаторых інструментальных напеўных твораў.

•••

Варажбітная песня — абрадавая песня, якая выконваецца пры святочнай варажбе.

Доўгая (вялікая) песня (гісторыя) — тое, што не скора можа быць зроблена, расказана і пад., што патрабуе працяглага часу для свайго завяршэння.

Лебядзіная песня — апошні, звычайна найбольш значны, чый‑н. твор; апошняе праяўленне таленту, здольнасці і пад. (ад народнага падання, што лебедзь пяе адзін раз у жыцці — перад сваёй смерцю).

Песня чыя спета — тое, што і песенька чыя спета (гл. песенька).

Старая песня — што‑н. даўно вядомае.

Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калыха́ць ’рухаць з боку ў бок, гайдаць, хістаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; Нік. Напаў.; Сержп. Прымхі, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш.), ’гушкаць дзіця’ (БРС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., ТС; колухаць), калыхацца ’гушкацца (на арэлях)’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Яруш.), да апошняга яшчэ і калыханка ’гушкалка, арэлі’ (Жд. 3, КЭС, лаг.) без геаграфіі (ТС; колуханка). Укр. колихати ’хістаць, гайдаць, гушкаць дзіця; гайдаць (па арэлях)’, рус. колыхать ’гайдаць, хістаць, гушкаць дзіця’, пск., асташк., цвяр. ’біць’; колыхаться ’гушкацца (на арэлях)’ адзначана на пагранічнай з беларускай тэрыторыі; польск. дыял. kolychać ’гушкаць дзіця’, якое прыводзіцца Трубачовым, Эт. сл., 10, 165, відавочны беларусізм у польскім перыферыйным дыялекце і пагранічных гаворках, гл. Карловіч, 2, 409–410; Слаўскі, 2, 376 (адносна kolychać, засведчанага ў Сыракомлі і ў любельскіх гаворках) ставіць пад сумненне архаічнасць слова. Славен. koléhati Плятэршнік (1, 424) параўноўвае з рус. колыхать, нягледзячы на фанетычную недакладнасць і значэнні славенкай лексемы (’трэсці, качацца на зямлі’). Статус гэтага слова не вельмі ясны, як і славен. дыял. koléhati se ’вылятаць (з вулея)’, тое ж датычыць і серб.-харв. kolihati, якое ў RHSJ, V, 191, тлумачыцца як ’калыхаць’ да таго ж з паметай «ненадзейнае». У любым выпадку, калі нават пагадзіцца з дакладнасцю паўдн.-слав. фактаў, нельга выключыць магчымасці, што гэта незалежныя параўнальна познія ўтварэнні; на карысць гэтага меркавання — экспрэсіўны характар лексемы. Такім чынам, тут хутчэй усх.-слав. інавацыя (+ магчымыя на поўдні). Лічыцца другаснай, больш экспрэсіўнай формай ад *kolysati, а гэта, у сваю чаргу, інтэнсіў ад *kolybati (гл. калываць), так Трубачоў, Эт. сл., 10, 166. Паводле Слаўскага, 2, 376, тут паўн.-слав. інтэнсівы (з ‑ys‑, ‑ych‑), якія ўзнаўляюцца на базе ст.-польск. kolić ’кружыць, круціцца і да т. п.’ і серб.-харв. око̀лити ’акружыць’, < прасл. kolo (Слаўскі прыцягвае яшчэ макед. дыял. коле ’(ён) гушкае’). На думку Слаўскага, там жа, лексемы *kolysai, *kolychati адносяцца да *koliti, як рус. дыял. ломыхать ’ламаць з трэскам’ да ломить ’ламаць’. Калі з фармальнага боку ў прапанове Слаўскага як быццам усё добра, семантычна аспект выклікае сумненне, на што слушна звяртае ўвагу Трубачоў, Эт. сл., 10, 166, маецца на ўвазе сур’ёзнае адрозненне маятнікавага руху ад кругавога вярчэння, а таксама тое, што форма *kolysati неправамерна аддзяляецца ад *kolybati.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)