са́жань, -жня, мн. -жні, -жняў, м.

1. Старая беларуская і руская мера даўжыні, роўная 3 аршынам (2,13 м).

2. Колькасць чаго-н., роўная гэтай меры.

Тры сажні дроў.

3. Прылада для абмервання зямельных участкаў.

Памераць прысядзібны надзел сажнем.

Касы сажань у плячах — пра шырокага ў плячах, высокага чалавека.

|| прым. сажнёвы, -ая, -ае.

Сажнёвыя крокі (вельмі вялікія).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

камо́рнік, ‑а, м.

Спецыяліст па межаванню зямельных надзелаў. Стары Чапскі, а потым і яго сыны не хацелі аддаць луг сялу, падкупілі каморнікаў і тыя пераправілі планы. Якімовіч. Панскія каморнікі перамервалі зямлю так, каб селяніну прыпала паменш і самае горшае. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камаса́цыя, ‑і, ж.

Гіст. Аб’яднаяне некалькіх дробных зямельных надзелаў сялян у адно цэлае з мэтай ліквідацыі цераспалосіцы. На гэтай роўнядзі сям-там тырчалі, як дулі на талерцы, хутары, каторыя яшчэ з часоў сталыпіншчыны, а каторыя — вынік камасацыі. Сабаленка. Пачалася камасацыя, перадзел зямлі. Дуброўскі.

[Ням. Kommassation.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каза́, -ы́, мн. ко́зы і (з ліч. 2, 3, 4) казы́, коз, ж.

1. Невялікая парнакапытная жвачная жывёліна (свойская, дзікая) сямейства пустарогіх; самка казла.

Даіць казу.

2. Двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў (разм.).

3. Заплечныя насілкі для пераносу цэглы на будоўлі (уст.).

4. Беларускі калядны абрад.

|| памянш. ко́зачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 знач.).

|| прым. казі́ны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Казінае малако.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

межавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які ўстанаўлівае, абазначае мяжу паміж чым‑н. Межавы знак. Межавы капец. □ Паўз дарогу бялелі каморніцкія тычкі і межавыя слупы. Чорны. // Такі, у якім вызначаны межы, граніцы якіх‑н. зямельных ўчасткаў. Межавыя кнігі.

2. Які мае адносіны да межавання, прызначаны для межавання. Межавая інструкцыя. Межавы ланцуг.

3. у знач. наз. межавы́, ‑ога, м. Спецыяліст па межаванню; межавік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Камо́рнік, кымо́рнік ’спецыяліст па межаванню зямельных надзелаў, землямер’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Мядзв., Гарэц., Др.-Падб., Бяльк.; Сл. паўн.-зах.), каморніцтва ’землямерная справа’ (Гарэц., ТСБМ). Ст.-бел. коморникъ ’загадчык каморы, памочнік, падкаморы’, ’феадальна залежны селянін у Вялікім княстве Літоўскім (XVII–XIX стст.), які не меў зямлі і ўласнага дома, бабыль’. Значэнне ’землямер’ уласнабеларускае. Узнікла яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага (Падкаморы ў судова-арбітражным органе XVI–XIX стст. аглядаў спрэчныя землі, заслухоўваў сведчанні суседзяў, выносіў рашэнне і вызначаў межы; яму памагалі каморнік ’памочнік падкаморыя’ і пісар (БелСЭ, 8, 7), да камора (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бунт 1, ‑у, М ‑нце, м.

Стыхійнае паўстанне, мяцеж. Стралецкі бунт. Кулацкі бунт. □ Грозны вагар зямельных бунтаў пакаціўся па неабсяжных прасторах царскай Расіі, скутай астрогамі і ланцугамі няволі, пакаціўся бляскам пажараў, клубамі дыму, афарбоўваючы ў крывавы колер халоднае асенняе неба. Колас. // Спрэчка, сварка. [Гаспадыня:] — Ды яна [наймічка], разбойніца, бунт узняла. Не пайду, кажа, у Граева служыць. Бажко. // перан. Пратэст, абурэнне. У грудзях яе [Мікалаеўны] пачаўся сапраўдны бунт зняважаных пачуццяў. Гамолка.

бунт 2, ‑а, М ‑нце, м.

Звязак, кіпа; стос.

[Ад ням. Bund — звязак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

казна́, ‑ы, ж.

Уст.

1. Сукупнасць грашовых, зямельных і іншых матэрыяльных каштоўнасцей дзяржавы. — Пад казну зямля пайсці не можа, гэта ўласнасць пана міністра. Чорны.

2. Дзяржава як уладальнік гэтых каштоўнасцей, а таксама ўрадавая ўстанова, якая распараджаецца маёмасцю дзяржавы. — Далася вам гэтая казка. Самі на сябе рабіць будзеце, а не на казну, свая ж гаспадарка будзе. Галавач. // Дзяржаўная ўстанова, прадпрыемства. А хлеба ўсё ж такі не хапала; узімку наймаліся ў казну рэзаць дровы, вазілі кароўкі, наймаліся ў гарадах... Каваль.

3. Грашовыя сродкі, маёмасць. Паднятыя апоўначы ў пошуках заработку бедныя дзеці так і паехалі, не багата сабраўшы для папаўнення казны сіроцкага дома. Філімонаў.

[Цюрк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Са́жань ’старая адзінка меры даўжыні, роўная 3 аршынам, або 2,134 м, якая ўжывалася ў Расіі і Беларусі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер’, ’прылада да абмервання зямельных участкаў’ (ТСБМ, Др.-Падб., Сцяшк., Янк., Мат. Гом.), ’старая мера дроў’ (Скарбы, Колас), са́жэнь ’сажань’ (ТС). Ст.-бел. сажень ’адзінка вымярэння даўжыні’. Рус. са́жень ж. р., укр. са́жень м. р., ст.-рус. сажень, сѧжень, сербск.-ц.-слав. сѧжень, польск. sążeń, в.-луж. sažeń, н.-луж. sežań, sćežań, ст.-чэш. sažež, чэш. sáh, славац. siaha, серб.-харв. се̏жа̑њ, славен. sé̻ženj ’сажань’. Прасл. *sęženь утворана ад прасл. *sęgati (гл. сягаць), дыял. прасл. *sęžanь (*sęg‑ěnь), гл. SP, 1, 125, з першасным значэннем ’мера даўжыні ад пальцаў адной да пальцаў другой распрасцёртых рук’ (Міклашыч, 291; Брукнер, KZ, 46, 234; Праабражэнскі, 2, 244; Махэк₂, 535). Фасмер, 3, 545 адхіляе рэканструкцыю Міккалы (LF, 8, 302) прасл. *sogeni‑ і параўнанне з літ. síeksnis ’сажань’, улічваючы ст.-рус. і інш. слав. формы. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 2, 1271; Борысь, 540.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

клін, -а, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Завостраны ўнізе і расшыраны ўверсе кусок дрэва або металу, якім расколваюць або заціскаюць што-н.

Дубовы к.

Забіць к. у палена.

2. Вузкая трохвугольная ўстаўка ў сукенцы і іншым адзенні.

Уставіць к. у сарочку.

3. перан. Частка войск, якая, расколваючы фронт праціўніка, паглыбляецца ў яго размяшчэнне вузкім трохвугольнікам.

4. чаго або які. Пра ўсё, што мае трохвугольную, завостраную з аднаго боку форму.

Жураўліны к.

5. Частка зямельных угоддзяў, якая вылучаецца па якой-н. прымеце (па відзе пасеваў, мясцовасці і пад.; спец.).

Яравы к.

Азімы к.

К. сенакосу.

Забіць (загнаць) клін — раз’яднаць, зрабіць варожым.

Куды ні кінь — усюды клін — за што ні вазьміся, чаго-н. не хапае, усё не ладзіцца.

Свет клінам (не) сышоўся на кім-чым (разм.) — хто-н. або што-н. не з’яўляецца адзіным, ёсць і іншыя.

|| памянш. кліно́к, -нка́, мн. -нкі́, -нко́ў, м. (да 1, 2, 4 і 5 знач.).

|| прым. клінавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.; спец.).

Клінавое злучэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)