шму́ляць, -яю, -яеш, -яе; незак., што.

1. Выціраць, зношваць, пашкоджваць ад частага ўжытку.

Ш. адзенне.

2. Сціраць, націраць (скуру).

Цвёрды хамут шмуляе шыю.

|| зак. вы́шмуляць, -яю, -яеш, -яе; -яны (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

иста́скивать несов., разг. зно́шваць; заця́гваць; (об обуви — ещё) сто́птваць; трапа́ць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

тапта́ць, тапчу́, то́пчаш, то́пча; тапчы́; тапта́ны; незак.

1. каго-што. Прымінаць нагамі, ходзячы па чым-н.

Т. траву.

2. каго. Наязджаючы канём, збіваць з ног, душыць, калечыць.

3. што. Ступаючы, пэцкаць нагамі (разм.).

Т. падлогу.

4. што. Збіваць, зношваць абутак.

Т. боты.

5. перан., што. Пагарджаючы, груба зневажаць, абражаць.

Т. чалавечую годнасць.

|| зак. патапта́ць, -тапчу́, -то́пчаш, -то́пча; -тапчы́; -тапта́ны (да 1—3 знач.) і стапта́ць, стапчу́, сто́пчаш, сто́пча; стапчы́; стапта́ны (да 4 знач.).

|| наз. тапта́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Во́трыны, вотрана ’адходы пры ачыстцы зерня’ (Яруш., Касп., Бяльк., Мядзв., Шн., Жд., 1, Шатал.), во́трына ’пустыя каласы і дробная салома, якія застаюцца пасля малацьбы’ (Нік., Оч., 102), Рус. во́тря, во́трина ’тс’, укр. три́ни ’перацёртая салома’, польск. trzyny ’апілкі’, чэш. oteřiný, tříny (sena) ’дробныя рэшткі сена, якія рассыпаліся’, славац. oteriny ’апілкі’, серб.-харв. три̏не ’мякіна’, славен. trica ’адходы пры ачыстцы льну’, балг. три́ци ’мякіна’. Прасл. trina, trini (параўн. літ. trinù, trìnti ’праціраць, пілаваць, зношваць адзежу’, лат. trinu, trît ’тс’. Да terti (гл. цярэць) (Праабражэнскі, 2, 167; Фасмер, 3, 172; Брукнер, 579; Махэк₂, 658 і наст.). Семантыка і словаўтварэнне іншаславянскіх адпаведнікаў сведчаць супраць гіпотэзы Тапарова (Прус., 174) аб магчымасці аднясення рус. і бел. слоў да кораня *vě(ja)ti (г. зн. вотрыны ’тое, што адвеяна’; параўн. рус. отве́й, отве́в ’дробнае шалупінне, якое атрымліваецца пры веянні’) і выдзялення тут суф. ‑tr‑. Да кораня ter‑, як мяркуе Кошалеў, адносіцца рус. трын-трава (ЕіЛ, 19, 4, 105). Адносна форм без ‑ін‑ гл. атора.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паха́бны ’непрыстойны, бессаромны’ (ТСБМ). З і рус. поха́бный ’тс’, пск., цвяр. ’дрэнны, мізэрны’ (параўн. рус. ха́бить, рус.-ц.-слав. хабити, укр. оха́бити ’жаваць’, ц.-слав. похабъ ’вар’ят, дзікі’, польск. chaba ’кляча’, chaby ’косці, што вытыркаюцца з-пад скуры’, чэш. ochabiti ’знясіліць’, ochabnouti ’зрабіцца вялым’, паўд.-чэш. vochabnout ’змізарнець’, мар. ochápalý ’хворы’, ’напалоханы’, чэш. і славац. chabý ’вялы, млявы’, ’малы’, ’баязлівы’, славен. hábiti, серб.-харв. ха̏бити ’пашкоджваць, зношваць’, балг. хабя, изхабя ’псую’, ц.-слав. охабьнъ ’кепскі’. Прасл. xabъ, роднаснае да ст.-грэч. κωφός ’млявы, бездапаможны, нямоцны (пра стралу кепскага стралка)’, ’бязгучны, тупы на слых’ > ’глухі’, ’упалы духам’ > ’неразважлівы’, да літ. kàpti ’рабіцца млявым’ < і.-е. *kōphos (Махэк₂, 194–195), у якім k > x, а ‑b‑ з семантычна блізкага slabъ ’слабы’. Пры гэтым ён указвае на нерэгулярнае і.-е. *ph. Младэнаў (664) і Петарсан (KZ, 47, 286) таксама звязваюць іх з і.-е. адпаведнікамі, якія абазначаюць цялесную слабасць: лац. hebes, арм. xul ’глухі’, але рэканструююць і.-е. *khābh‑/*qhōbl‑ ’знямоглы, абыякавы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сму́ніць ‘пацерці звітую вяроўку, каб зрабіць яе больш мяккай’, ‘трапаць абутак, адзежу; зношваць збрую’ (Нік. Очерки), сьму́ніць ‘церці, выціраць’, сюды ж асму́ніць ‘абсмыгаць, абцерці, абтрапаць’ (Ласт.). Параўн. рус.-ц.-слав. присмѧнѫти ‘прывянуць’, присмѧдитисѧ ‘прыгараць’. Вытворнае ад прасл. дыял. *smǫditi ‘паліць, капціць, вэндзіць’, якое лічыцца фанетычным варыянтам *svǫditi ‘тс’, суадноснага з svęděti ‘быць высушаным, знаходзіцца ў гарачыні’, што ўзыходзіць да і.-е. *(s)u̯endh‑ ‘памяншацца, убываць, вянуць’. Змена sv > sm пад уплывам слоў тыпу смала, смага (гл.). Параўн. укр. дыял. сму́дитися ‘смажыцца, пражыцца’, польск. smądzić ‘вэндзіць’, swędzić ‘свярбець’, smędzić się ‘ледзве гарэць’, в.-луж. smudźić ‘смаліць’, н.-луж. smuźiś ‘абпальваць, смаліць’, чэш. smouditi ‘паліць, капціць’, славац. smudiť ‘чадзіць, капціць’, серб.-харв. сму́дити ‘смаліць; абпальваць’, славен. smoditi ‘паліць, прыпальваць’, балг. смъдя́ ‘свярбець’, макед. смади ‘абпальваць’, роднасныя ст.-англ. swindan ‘знікаць, прападаць’, ням. schwinden ‘тс’. Гл. Глухак, 567; SEK, 4, 330; Бярнар, Бълг. изсл., 265–266; Шустар-Шэўц, 1324; ЕСУМ, 5, 330–331. Параўн. смурыжыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

драць, дзяру́, дзярэ́ш, дзярэ́; дзяро́м, дзераце́, дзяру́ць; драў, дра́ла; дзяры́; дра́ны; незак.

1. што. Раздзіраць на часткі, на шматкі.

Д. паперу.

2. што. Зношваць (адзенне, абутак) да дзірак.

Д. вопратку.

3. што. Аддзяляць, знімаць.

Д. скуру з авечкі.

Д. лыка.

4. што. Выдзіраць з карэннем, адрываць.

Д. мох.

5. што. Драпаць (аб прыладах, інструментах).

Брытва дзярэ.

Сухая лыжка рот дзярэ (з нар.).

6. каго (што). Забіваць, разрываць каго-н. (аб драпежніках).

Каршун дзярэ кураня.

7. што. Раздрабняць таркай.

Д. бульбу.

8. што. Раздражняць, выклікаць непрыемнае адчуванне (разм.).

Перац дзярэ горла.

9. што. Ачышчаць зерне ад шалупіння, рабіць з зерня крупы.

10. Дорага прасіць, браць за што-н. (разм.).

Драць горла (глотку) (разм., груб.) — моцна гаварыць, крычаць, спяваць.

Драць казлы (разм.) — ванітаваць.

Драць (задзіраць) нос (разм., неадабр.) — задавацца, трымаць сябе высакамерна.

|| зак. задра́ць, -дзяру́, -дзярэ́ш, -дзярэ́; -дзяро́м, -дзераце́, -дзяру́ць; -дра́ў, -ра́ла; -дзяры́; -дра́ны (да 6 знач.), задзе́рці, -дзяру́, -дзярэ́ш, -дзярэ́, -дзяро́м, -дзераце́, -дзяру́ць; -дзёр, -дзе́рла; -дзяры́; -дзёрты (да 6 знач.), садра́ць, здзяру́, здзярэ́ш, здзярэ́; здзяро́м, здзераце́, здзяру́ць; садра́ў, -ра́ла; здзяры́; садра́ны (да 3, 7, 9 і 10 знач.) і здзе́рці, здзяру́, здзярэ́ш, здзярэ́; здзяро́м, здзераце́, здзяру́ць; здзёр, здзе́рла, здзяры́; здзёрты (да 3, 7, 9 і 10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Тапта́ць1 ’прымінаць нагамі, дратаваць’, ’зношваць абутак’, ’груба зневажаць, прыніжаць’, ’наспех упіхваць, складваць’ (ТСБМ, Ласт.), ’тупаць, мясіць’ (Некр. і Байк.), ’уціскаць, ушчыльняць нагамі’, ’драць абутак’ (Варл.), ’утрамбоўваць, націскаць’, ’выконваць хатнюю працу’ (Сл. ПЗБ), ’есці ўсухамятку’ (Марц.), ’есці’ (Сл. рэг. лекс.), ’выціскаць мёд з сотаў’ (ст.-дар., ЛА, 1), ’заганяць рыбу ў сетку, боўтаючы нагамі’ (полац., З нар. сл.), топта́ць ’утрамбоўваць, ушчыльняць’, экспр. ’есці’ (ТС), ст.-бел. топтати ’наступаць нагой’ (Сл. Скар.), ’нацягваць, націскаць’ (Альтбаўэр). Укр. топта́ти, рус. топта́ть, польск. deptać, чэш. deptati, славац. deptať, в.-луж. teptać, н.-луж. teptaś, славен. teptáti ’наступаць нагамі’, балг. тъптя́, тъ́пча ’тс’, ’пічкаць, есці’, ст.-слав. тъпътати ’ступаць, гнясці’. З прасл. *tъpъtati ’тс’, праз чаргаванне галосных звязана з *tupati ’тупаць’. Гукапераймальны дзеяслоў, паралельны да *topati ’топаць, тупаць’. Далей супастаўляюць са ст.-інд. tupáti, tópati, túmpati, tumpáti ’раніць’, з грэч. τΰπτω ’б’ю, сяку’, лат. staũpe ’сляды конскіх капытоў’ (Фасмер, 4, 80; Брукнер, 87; Махэк₂, 115; ЕСУМ, 5, 601).

Тапта́ць2 ’апладняць (пра птушак)’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), тапта́цца ’блуднічаць, тварыць пералюбы’ (Ласт.), сюды ж топту́н ’певень’ (Мат. Маг.). Параўн. польск. дыял. deptać ’тс’, каш. deptać, dejptać ’апладняць (пра птушак)’. Эўфемізм, утвораны праз звужэнне або канкрэтызацыю значэння дзеяслова тапта́ць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

драць, дзяру, дзярэш, дзярэ; дзяром, дзераце, дзяруць; незак., каго-што.

1. Раздзяляць на часткі, на кавалкі; раздзіраць. Драць на шматкі. Драць паперу. □ [Марыся] білася ў знямозе, драла на сабе вопратку. Баранавых. // Зношваць да дзірак (адзенне, абутак).

2. Выдзіраць, адрываць. Драць мох. Драць мёд. □ [Нямка] я ведаў з самага маленства, колькі гадоў жыў з ім побач, пасвіў коні, драў карэнне на кашы. Кулакоўскі. // Знімаць, аддзяляць тонкімі пласцінамі. Драць дранку. Драць лыка. Драць кару.

3. Драпаць, рабіць драпіны чым‑н. вострым; уздзіраць. Добра, калі зямля трапіцца мяккая, — тады работа ідзе хутка. А сустрэнецца цвёрдая — дзяруць .. [ластаўкі] па чарзе кіпцюрамі, дзяруць і нічога не выходзіць. Пальчэўскі. Сухая лыжка рот дзярэ. З нар. Новая мятла чыста мяце, ды падлогу дзярэ. З нар. // Разм. З сілаю церці, націраць што‑н. Потым гэтак жа, не шкадуючы сілы, дзярэ [Ганька] ліпавым луццем ногі. Васілевіч. / без дап. Пра тупыя інструмент. Брытва дзярэ.

4. Ірваць, забіваць (пра драпежных звяроў, птушак). Каршун дзярэ кураня. □ Сава лятала па начы, З сабою птушкам смерць насіла, Хаўтурны спеў ім пеючы, — Сама там драла іх, сама ж і галасіла. Крапіва.

5. Раздрабняць, церці на тарцы. Драць бульбу на бліны.

6. Ачышчаючы ад шалупіння, рабіць з зерня крупы. Драць ячмень на крупы. // Размолваць буйна зерне, робячы крупы. Драць крупы.

7. і без дап. Разм. Раздражняць, выклікаць непрыемнае адчуванне. Перац дзярэ ў горле. □ Тытунь быў свой, а не куплёны, І драў ён горла, як шалёны. Колас.

8. перан.; і без дап. Разм. Браць за што‑н. празмерную плату, назначаць высокую цану. — Не, ты адказвай, — загарачыўся раптам Міця. — Зацягнуў нас сюды, каб мы па дваццаць капеек з людзей нізавошта дралі. Курто.

•••

Вочы драць — нападаць, зласліва накідвацца на каго‑н.

Вуха (вушы) дзярэ — тое, што і вуха (вушы) рэжа (гл. рэзаць).

Драць (ірваць, надрываць) горла (глотку) — моцна гаварыць, крычаць, пець.

Драць нос — важнічаць, задавацца.

Драць шкуру (дзве шкуры, па дзве шкуры, сем шкур) — браць высокую цану, абіраць, эксплуатаваць.

Казлы драць — ванітаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапта́ць, тапчу, топчаш, топча; незак.

1. што. Прымінаць нагамі, ходзячы, бегаючы па чым‑н. Толя крадком, міжвольна зірнуў ёй [Людзе] услед, — на светлы плашчык, што разлятаўся над загарам быстрых ног у басаножках, якія тапталі густую, нізкую траву. Брыль. А колькі травінак і кветак тапталі .. [хлопцы] за лета, не ведаючы, як яны называюцца. Чарнышэвіч. // Псаваць, глуміць; знішчаць, дратаваць. Таптаць пасевы. Таптаць грады. □ Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў. [Мужчына:] — Ты што гэта, Андрэй, траву топчаш, а не ідзеш касіць! Чарот. // Заціраць, раўнаваць, рабіць непрыкметным. Андрэй пераступаў з нагі на нагу — таптаў па пяску сляды ад веласіпеда. Пташнікаў. // каго. Катаваць, біць нагамі. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым. Колас. // Разм. Ступаючы, пэцкаць нагамі. Таптаць падлогу.

2. перан.; што. Наўмысна знішчаць, разбураць, часова заняўшы, акупіраваўшы тэрыторыю. Люты вораг топча нашы палі, паліць гарады і сёлы, забівае савецкіх людзей, знішчае наша дабро, здабытае ў працы. Сяргейчык. [Алешын:] А сёння вораг топча край шчаслівы, Зямля ў пажарах нішчыцца мая. Бачыла. // Топчучы, тушыць, затоптваць. Мядзведзь наступіў нагамі на агонь, атросся і пачаў таптаць вогнішча. Бядуля.

3. што. Збіваць, зношваць абутак. [Полька Корзун:] — Я хадзіў бы дадому па суботах, але тата сварыцца, нашто, кажа, боты таптаць. Чарнышэвіч.

4. што. Пракладваць хадзьбою, пратоптваць; хадзіць. Таптаць сцежку. □ Тапчу я на ўсходзе дарогі Уздоўж, нацянькі, папярок. Астрэйка. Зарастаюць дарожкі імхом, што тапталі калісь партызаны. Машара.

5. перан.; што. Пагарджаючы, груба зневажаць, уніжаць. Мабыць, і .. [жанчына] звязана, як і Зіна, з тым снапом жыта, з жнівом, якое не дае спакою, калі вораг дратуе зямлю, топча чалавечую годнасць... Скрыган.

6. што. Шчыльна ўтоптваць нагамі. — Трэба добра пад сцяну ды пад страху запіхаць, — кажа бацька і, учапіўшыся аберуч за лаціну, топча сена, глыбока лезучы нагамі пад застрэшша. Брыль. Прыйшоў [Маеўскі] туды [у адрыну] і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць. Караткевіч. // Топчучы, складаць сена, салому (у стог, сцірту). — Цябе, Халімон, не паставяць. Гаворыць чалавек... — Дык яго, — ківае на мяне тата. — А ты, калі ўпраўны, стог пойдзеш таптаць. Мыслівец.

7. што. Разм. Неакуратна, наспех упіхваць, складваць што‑н. Таптаць рэчы ў чамадан.

8. каго. Разм. Апладняць самку (пра птушак).

•••

Таптаць у гразь каго — уніжаць чыю‑н. годнасць; узводзіць паклёп на каго‑н., знеслаўляць каго‑н.

Таптаць чые сцежкі — ісці па чыіх‑н. слядах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)