натхня́льны, ‑ая, ‑ае.

Які абуджае, выклікае натхненне. Падцягнуўся калектыў, вялікі давер натхняў, бадзёрыў. Узялі абавязацельствы працаваць яшчэ лепш, каб яшчэ больш было надзеі неўзабаве звацца ўдарнікамі камуністычнай працы. А тут яшчэ адзін натхняльны стымул: полацкія калегі выклікалі на спаборніцтва. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прозыва́ться прост.

1. празыва́цца, мець мяну́шку; см. прозва́ться;

2. зва́цца, празыва́цца;

он прозыва́ется Влади́миром Никола́евичем ён заве́цца (празыва́ецца) Уладзі́мірам Мікала́евічам.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ло́зунг, ‑а, м.

1. Заклік, які выражае ў кароткай форме кіруючую ідэю, задачу, патрабаванне. Выставіць лозунг. □ Рабочыя пачынаюць пераходзіць ад эканамічных стачак да стачак палітычных, да арганізацыі палітычных дэманстрацый пад баявым лозунгам «Далоў самадзяржаўе!». «Полымя». // Вядучы, галоўны прынцып чаго‑н. Праз усю дакастрычніцкую творчасць .. [Купала] пранёс, як сцяг, свой гуманістычны лозунг «людзьмі звацца». Івашын.

2. Плакат з такім заклікам. Прыбраная сцягамі, лозунгамі на шырокіх чырвоных палотнішчах .. электрастанцыя стаяла, нібы ў казцы. Шамякін.

[Ням. Losyng.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назва́ние ср. на́зва, -вы ж.;

носи́ть назва́ние насі́ць на́зву (зва́цца);

одно́о́лько) назва́ние адна́о́лькі) на́зва;

по назва́нью як заву́ць (клі́чуць);

под назва́нием пад на́звай.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

называ́ться несов.

1. называ́цца; (зваться) зва́цца; (называть себя) называ́ць сябе́;

2. (представляться, рекомендоваться) называ́ць сябе́;

3. страд. называ́цца; паведамля́цца; см. называ́тьI;

что называ́ется (как говорится) што называ́ецца.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

рэ́ха, ‑а, н.

1. Адбіццё гукавога сігналу ці радыёімпульсу ад пэўнай перашкоды. Некалькі разоў [сябры] гукнулі разам і слухалі, як разлягалася рэха. Колас. У Лаўскі лес ішлі ў арэхі, Шукалі там лісіных нор. Гукнём: — Агу!.. — Адкажа рэхам: — Агу! — цяністы, спелы бор. Бялевіч.

2. перан.; чаго. Водгалас, водгук. Рэха «Дудкі» кацілася па шырокіх абшарах беларускай, зямлі, яно абуджала народ ад векавечнага сну, уздымала на барацьбу за шчасце і права «людзьмі звацца». С. Александровіч. [Песня] сцвярджае народнасць героя, з’яўляючыся народным рэхам тых ідэй, якія сеяў у масах Каліноўскі. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Слыць ‘быць вядомым; лічыцца знаным, славіцца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. смути ‘лічыцца, называцца’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. сли́ти ‘славіцца’, рус. слыть ‘тс’, стараж.-рус. слутизвацца’, ст.-польск. słuć, чэш. slouti, славац. sluť ‘тс’, славен. slúti ‘славіцца’, серб.-харв. слу́тити ‘прадчуваць, здагадвацца’, макед. слути ‘тс’, ст.-слав. слоути ‘выразна гаварыць, агалашаць’. Прасл. *sluti роднаснае лат. sluvêt ‘слыць’, slūt ‘зрабіцца вядомым’, ст.-в.-ням. hlût ‘гучны’, ірл. clunim ‘чую’, лац. clueō, cluēre ‘называцца; быць слаўным’, грэч. λκέω ‘слаўлю, усхваляю’, ст.-інд. śrų́tḥ ‘слых, вуха, слуханне’, да і.-е. kʼléu̯ ‘чуць’; гл. Траўтман, 307; Мюленбах-Эндзелін, 3, 942–943; Майргофер, 3, 372–374; Фасмер, 3, 680 з іншай літ-рай; Махэк₂, 557; Скок, 3, 289–290; Глухак, 564 (лічаць сербска-харвацкае слова вытворным ад *slutъ ‘хто слухае’); Бязлай, 3, 267–268; Борысь, 557–558; ЕСУМ, 5, 301. Далей гл. слава, слова, з якімі яно звязана чаргаваннем галосных.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

змага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. з кім. Біцца, ваяваць са зброяй у руках. — Я прыйшла сюды не для таго, каб ратавацца ад смерці. Я прыйшла змагацца, помсціць ворагу, а не берагчы сябе для мужа. Шамякін. Той, хто сынам можа звацца Беларускай стараны, Будзе да канца змагацца На крутых франтах вайны. Астрэйка. // Спаборнічаць у чым‑н. [Сухавараў] лічыў сябе вельмі цікавым кавалерам, з якім такому настаўніку змагацца ніякім чынам немагчыма. Колас. // перан. Уступаць у сутыкненне (пра пачуцці, імкненні і пад.). Толя маўчаў, і ў душы яго змагаліся тры пачуцці: прыкрая злосць на старога .., нейкі сорам і боязь, што .. ён, дзед партызанскі, бачыць і ведае ўсё. Брыль.

2. з чым, супраць чаго. Супраціўляцца чаму‑н., імкнуцца перамагчы або знішчыць што‑н. Змагацца супраць вайны. □ — Яшчэ пяць хвілін я паляжу, і тады буду будзіць Скабакова, — думаю я і змагаюся з цяжкай дрымотай. Чорны.

3. за што. Адстойваць, абараняць што‑н., дамагацца чаго‑н. Змагацца за мір. Змагацца за тэхнічны прагрэс. □ [Фёдар Мікалаевіч:] Вадзіцелі з экскаватаршчыкамі змагаюцца за перавыкананне тэхнічных норм. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тре́боваться

1. (быть нужным, необходимым) быць патрэ́бным, патрабава́цца;

заво́ду тре́буются рабо́чие заво́ду патрэ́бны (патрабу́юцца) рабо́чыя;

для э́того де́ла тре́бовались больши́е зна́ния для гэ́тай спра́вы патрэ́бны былі́ (патрабава́ліся) вялі́кія ве́ды;

2. безл. (необходимо, нужно) трэ́ба, патрэ́бна;

что и тре́бовалось доказа́ть што і трэ́ба было́ даказа́ць (даве́сці);

на э́то тре́буется мно́го вре́мени на гэ́та трэ́ба (патрэ́бна) шмат ча́су; см. потре́боваться;

3. страд. патрабава́цца; вымага́цца; выкліка́цца; зва́цца; клі́кацца; см. тре́бовать 1, 3.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

спазна́ць, ‑знаю, ‑знаеш, ‑знае; зак., каго-што і з дадан. сказам.

1. Ахапіць розумам, асэнсаваць з’явы рэчаіснасці. Левін на працягу твора імкнецца спазнаць логіку і законы класавай барацьбы, і жыццё паўстае перад ім у зусім іншых абрысах. Кучар. А спазнаць бы, чым неба падсінена. Кавалюк.

2. Даведацца пра што‑н. Памёр [Паўлюк] І не спазнаў, Што на чужых араў Ўвесь век чужое поле. Купала. На трэці дзень Галя адчула, што яна сёе-тое ўжо разумее. Падумала: тое, што зрабіў адзін чалавек, другі абавязкова спазнае. Сабаленка.

3. Набыць веды ў чым‑н., пазнаць што‑н. Люба спазнала тайну граматы. Чытаць — гэта было таксама вялікай асалодай. Кудраўцаў. Кузьма, прыгнуўшыся, прыглядаўся, нібы імкнучыся адразу спазнаць усю хітрасць складанай машыны. Броўка. // Атрымаць сапраўднае ўяўленне пра каго‑, што‑н. Можа, потым, як пажыву, больш спазнаю людзей... Кулакоўскі. Ён спазнаў ужо прыхільную лагоднасць яе душы, да якой міжвольна памкнуўся і сам. Быкаў.

4. Адчуць, зазнаць што‑н. на ўласным вопыце, перанесці, перажыць што‑н. Хто не змог эвакуіравацца і застаўся ў Мінску, адразу спазнаў, што такое акупацыя. Рамановіч. І нічога, што ў нейкім там годзе Гора шмат давялося спазнаць, — Не скарыцца ні ў якім паходзе Нам ні ў трыццаць, Ні ў семдзесят пяць. Прыходзька.

5. Апазнаць каго‑н. або што‑н. знаёмае. — Ды гэта ж Марына, нябожчыка Антона дачка, — першая спазнала прыйшоўшую і загаварыла ў маўклівым доме Нупрэева жонка Агрыпіна. Кавалёў. — За два тыдні, бацька, не спазнала свае Бярозаўкі. Васілевіч.

6. Усвядоміць, зразумець, пераканацца. Народ спазнаў, кім мусіць звацца. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)