канюшы́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канюшыны. Канюшыннае насенне. Канюшынная атава. // Засеяны канюшынай. Канюшыннае поле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пале́так, ‑тка, м.

Участак поля, які выкарыстоўваецца пад пасевы. Адразу ад лесу пачынаўся вялікі палетак, засеяны жытам. Шахавец. Перад вачыма паўстала чорная аблога леташніх кукурузных палеткаў. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канапля́нік, ‑а, м.

1. Участак зямлі, засеяны каноплямі. Непадалёк ад сядзібы канчалася паласа канапляніку. Галавач.

2. Абл. Верабей. Пырхаюць чародкі канаплянікаў. Сачанка. Мікола маўчаў, паглядаючы, як за акном на плоце падскоквалі нахохленыя ў прадчуванні зімы канаплянікі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перапаляві́ца ’пажарніца наземная, Calamagrostis epigeios (L.) Roth.’ (маг., Кіс.). Да пераполы ’пусты, дзікі, не засеяны’, параўн. ст.-рус. переполье ’дзікае поле’, переполянье ’палянка, вакол якой лес’ (XVII ст.) < пера- і полы (гл.); тады перапалішʼца — ’пажарніца, якая расце на неапрацоўваемым полі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́ўка1 ’памянш. ад ніва’ (Нас., Бяльк., ТС), ’агароджвае месца для жывёлы ў полі’ (ДАБМ, камент. 785). Гл. ніва.

Ні́ўка2 ’пырнік паўзучы, Agropyron repens’ (маг., Кіс.). Відаць, да ніва; матывацыя тлумачыцца, магчыма, тым, што праросшы на полі пырнік прыпамінае засеяны ўчастак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

яравы́, ‑ая, ‑ое.

1. Вясенні, які праводзіцца вясной (пра палявыя работы). Правая сяўба.

2. Які высяваецца і прарастае вясной і дае ўраджай восенню таго ж года; аднагадовы (пра сельскагаспадарчыя культуры). / у знач. наз. яраво́е, ‑ога, н. І азіміна, і яравое раслі на вачах. Мележ.

3. Прызначаны для пасеву аднагадовых культур, засеяны такімі культурамі. Дарога вяла праз яравы палетак. Чарнышэвіч. За яравымі палеткамі пачыналіся лясы. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́зна,

1. прысл. Пад канец якога‑н. часу, калі прайшла большая частка яго. Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Краўчанка.

2. безас. у знач. вык. Пра позні час. Было ўжо і сапраўды позна, і Салаўёў не стаў затрымліваў сябра. Шахавец.

3. прысл. Пасля звычайнага, устаноўленага часу. Участак быў засеяны позна, у чэрвені, і цяпер авёс толькі пачаў выходзіць у трубку. Асіпенка. Міхалка ўстаў позна, ніхто яго не турбаваў. Чорны.

4. безас. у знач. вык. Аб прапушчаным зручным моманце. Толя з Міхасём убачылі .. [салдат] зусім блізка — метраў за трыста, на дарозе. Уцякаць было позна. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ле, -я, мн. палі́ і (з ліч. 2, 3, 4) по́лі, палёў, н.

1. Бязлесная раўніна.

Гуляць па полі.

2. Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі.

Кукурузнае п.

Рыхтаваць п. пад бульбу.

3. Вялікая роўная пляцоўка, спецыяльна абсталяваная, прызначаная для чаго-н.

Футбольнае п.

4. Работа, даследчая дзейнасць у прыродных умовах (спец.).

Геолагі летам у полі.

5. Прастора дзеяння якіх-н. сіл (спец.).

Магнітнае п.

Сілавое п.

6. перан., чаго і для чаго. Галіна, сфера дзейнасці, ніва.

Вялікае п. дзейнасці.

7. Асноўны колер, фон пад узорам.

Паркаль у белы гарошак на чырвоным полі.

8. звычайна мн. Чыстая палоса ўздоўж краю ліста ў кнізе, сшытку і пад.

Паметкі на палях сшытка.

9. звычайна мн. Шырокі бераг капелюша.

Капялюш з загнутымі палямі.

Поле бітвы (высок.) — месца, дзе адбываецца бой.

Поле зроку — прастора, якую бачыць вока.

|| прым. палявы́, -а́я, -о́е (да 1—5 знач.).

Палявыя далі.

П. ігрок.

Палявая практыка.

Выплаціць палявыя (наз.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ля́ха1 ’рэха, пошчак’ (слонім., Жыв. сл., Арх. Бяльк.; Бір. Дзярж.; лях., Сл. ПЗБ), ля́хат ’тс’ (навагр., Нар. сл.). Да я́ха, яхаць (гл.). Аб пераходзе лʼ‑ > й‑ гл. лыві́рка.

Ля́ха2 ’нізіна’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, звязана з ляха́1 (гл.).

Ляха́1, ліха́, ле́ха́, ле́шка ’частка поля ад баразны да баразны, градка’ (Жд. 1, Сцяшк., Мат. Маг., Янк. Мат., Др.-Падб., Касп.; в.-дзв. Шатал.; гродз., КЭС; Выг. дыс.), ’невялікая градка, вузкі загончык ворыва’ (КЭС, лаг.; полац., Нар. лекс., ТСБМ), ’бульбяная градка’ (Мат. Гом.), ’лапінка льну на загоне’ (слонім., Нар. лекс.), пруж. ’загон, засеяны льном’ (Выг.), ’баразна’ (Яўс.), ’шырокая баразна’ (полац., Нар. лекс.), ’падоўжанае ўзвышша’ (слаўг., Яшк.), ’агрэх пры ворыве’ (чэрык., Мат. Гом.), ’палоска, якая займаецца адным праходам пры ручной сяўбе’ (Бяльк., Юрч., Шн., Гарэц.), ’равок на градзе, дзе сеюць агуркі, моркву’ (ігн., Сл. ПЗБ). Укр. ліха́, рус. леха́, ле́ха, польск. lecha, licha, lifa, н- і в.-луж. lěcha, чэш. lícha, ходск. líha, славен. lę́ha, серб.-харв. ле́ха, ле́ја, макед. леа, lʼächa, балг. леха́, ст.-слав. лѣха. Прасл. lěxa ’выараны раўчак, баразна паміж загонамі; рад; мяжа падзення збожжа пры сяўбе’. І.‑е. *loisā (ст.-в.-ням. wagan‑leisa ’каляіна ад драбін’, лац. līra ’баразна’ (< *leisā); літ. lýsia, lysvė, lýsė ’градка’, ст.-прус. lyso ’клумба’ (< *līsā). Сюды ж і гоц. lais ’я ведаю’, ’я выйшаў на след’, laists ’след’, ст.-ісл. leistr ’нага’ (Бернекер, 1, 708–709; Брукнер, 292; Фасмер, 2, 490; Махэк₂, 332; Слаўскі, 4, 93–95; Скок, 2, 295–296; Бязлай, 2, 131–132; БЕР, 3, 378; Шустар-Шэўц, 11, 821–822); Абрэмбска–Яблонска (Рус. и слав. языкозн., 1972, 201); Мартынаў (Лекс. взаим., 49).

Ляха́2 ’знак, які робяць, каб не было агрэхаў пры сяўбе’ (Нас., Касп.; паўн.-усх., КЭС; слаўг., Яшк.), ’насечка, знак на станчым дрэве, якія абазначаюць мяжу’ (Гарб.). Да вяха́1. Параўн. і ве́шыць ’пры сяўбе абазначаць саломай месца, дзе ўпала апошняе зерне, каб другі раз не кідаць зярнят на тое ж месца’. Аб мене в > л гл. лывірка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

по́ле, ‑я, н.

1. Абшар зямлі, прызначаны, прыгодны для ворыва. Балеслаў стаяў у самым лесе, на мяжы з полем. Чорны. Па той бок Нёмана лугі ідуць, а за лугамі — лес і поле. Колас. // Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі. За садам разгортвалася вялікае поле канюшыны. Бядуля. Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем, рыхтуючы поле пад кукурузу. Ермаловіч. // чаго або якое. Вялікі абшар, прастора, накрытая чым‑н. [Маечка] потым доўга расказвала бацьку, як яны хутка імчаліся па дарозе, як з-пад капытоў каня ляцеў іскрысты снег, як прыгожа блішчыць за вёскай снежнае поле. Краўчанка. // чаго або якое. Прастора, прызначаная для чаго‑н.; пляцоўка. Лётнае поле. Футбольнае поле.

2. Спец. Прастора дзеяння якіх‑н. сіл. Электрычнае поле. Магнітнае поле.

3. перан.; чаго або якое. Галіна, сфера (якой‑н. дзейнасці, заняткаў і пад.). З гадамі ж увогуле поле дзейнасці для будаўніка ў вёсцы стане неабмежаваным. Хадкевіч. «Вось дзе багатае поле для гераічных учынкаў», — думаў ён. Шамякін.

4. Фон, на якім нанесены ўзоры. Тканіна з узорам на атласным полі. Паркаль у белыя гарохі на чырвоным полі.

5. звычайна мн. (палі́, ‑ёў). Вузкія чыстыя палоскі па краях аркуша, кнігі, сшытка, рукапісу і пад. Потым сеў і стаў чытаць кнігу.., робячы на палях нейкія паметкі. Гурскі. На вялікіх палях з нядбайна абарванымі краямі.. [Валя] піша папраўкі мікраскапічнымі літарамі. Асіпенка.

6. толькі мн. (палі́, ‑ёў). Шырокі бераг капелюша. [Мінгрэл] быў невялікага росту, і першае, што кідалася ў вочы, — гэта яго шырокі чорны капялюш з абвіслымі палямі. Самуйлёнак.

•••

Аперацыйнае поле — участак цела, на якім робіцца аперацыя. Коўбец прыняў з рук другой памочніцы вузкі нож і, нахіліўшыся над аперацыйным полем, спакойным рухам зрабіў разрэз. М. Ткачоў.

Аднаго поля ягады гл. ягада.

Поле зроку — а) прастора, якую бачыць вока; б) перан. круг інтарэсаў, кругагляд.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)