шумаві́нне, ‑я, н.

1. Пена, накіп, шум на супе і пад. пры кіпенні. Пачала закіпаць на трынозе бульба, гонячы шумавінне цераз край і заліваючы агонь. М. Стральцоў. // Пена, якая ўтвараецца пры хваляванні вады на моры, возеры і пад. І зноў чакала [Ірма], пакуль белае шумавінне не выкінула Яругіна зноў на бераг. Карамазаў. // Рознае смецце. Трэба было ўсюды пападграбаць шумавінне, пазвозіць яго на ферму, утаптаць у гной. Сачанка.

2. перан. Разм. Падонкі грамадства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кіпе́ць, -плю́, -пі́ш, -піць; -пім, -піце́, -пя́ць; -пі́; незак.

1. Даходзіць да стану кіпення; закіпаць.

Вада кіпіць пры 100° па Цэльсію.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Булькаць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні (пра вадкасці).

Малако кіпіць.

Чайнік кіпіць.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., ад чаго і без дап. Віраваць, клекатаць (пра вадкасці ў халодным стане).

Возера кіпела ад рыбы.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Развівацца, праяўляцца з сілай, бурна.

Работа кіпіць.

Нянавісць кіпела ў сэрцы.

5. перан., чым і без дап. Быць узрушаным, ахопленым якім-н. пачуццём.

Так і кіпіць чалавек злосцю.

Кіпела (безас.) у той час у душы.

|| зак. закіпе́ць, -плю́, -пі́ш, -пі́ць; -пі́м, -піце́, -пя́ць; -пі́ (да 1, 2 і 4 знач.) і ускіпе́ць, -плю́, -пі́ш, -пі́ць; -пі́м, -піце́, -пя́ць; -пі́, (да 4 знач.).

|| наз. кіпе́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кі́пець, ‑пця, м.

Разм. Тое, што і кіпцюр.

кіпе́ць, ‑плю́, ‑пі́ш, ‑пі́ць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні (пра вадкасці). У адным катле варыўся абед, у другім цэлы дзень кіпела вада. Чорны. / Пра пасудзіну, у якой кіпіць вадкасць. Чайнік кіпіць. Кіпіць самавар. // Даходзіць да стану кіпення; закіпаць. Вада кіпіць пры 100° па Цэльсію.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; ад чаго і без дап. Бурліць, віраваць, клекатаць (пра вадкасці ў халодным стане). Вада аж кіпела ад рыбы. Хомчанка. Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. // Іскрыцца, пеніцца (пра віно, піва).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Мітусліва рухацца, кішэць (пра мноства жывёл, насякомых і пад.). У рэчцы і лужынах рыба кіпела, як у катле. Бядуля. / у безас. ужыв. Чаек навокал аж кіпела. Карпаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Праяўляцца, развівацца бурна, з сілай (пра пачуцці, перажыванні, думкі і пад.). Злосць кіпела. □ Думкі кіпяць, блытаюцца. Пянкрат. // Адбывацца, працякаць ажыўлена, імкліва, бурна (пра якую‑н. дзейнасць, падзею). Вой кіпеў. □ Работа цяпер кіпела: малоў млын, бровар гнаў спірытус, у гумнах ішла малацьба. Чарнышэвіч. Пасля мітынгу настаўнікі едуць прыгарадным цягніком у горад, дзе яшчэ кіпіць, бушуе вясновае сонечнае свята. Няхай.

5. перан.; чым і без дап. Быць узбуджаным, ахопленым якім‑н. пачуццём. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У Максіма кіпела на душы. Шамякін. // Працаваць многа, напружана, энергічна. — Іншы раз думаеш: кінь ты, Тарас, усё, пажыві спакойна. Не магу. Прывык кіпець. Асіпенка.

•••

Кроў (у жылах) кіпіць гл. кроў.

Як у катле (гаршку) кіпець — пра мітуслівы бесперапынны рух каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)