Ста́нцыя ‘месца прыпынку транспартных сродкаў, вакзал’ (ТСБМ, Бяльк.), ‘кватэра, часовае жыллё, станцыя, заезны дом’ (Нас.), ста́нца ‘станцыя’ (Сл. Брэс.), ста́нцыя ‘тс’ (гродз., Сл. ПЗБ), ста́нцая ‘пакой, памяшканне’ (Сержп.), ста́нця ‘тс’ (Сл. рэг. лекс.). Ст.-бел. станция, станцыя ‘кватэра, месца пастою’, ‘абавязак утрымання праезджых службовых асоб’ (1545 г.) з ст.-польск. stancyja (Булыка, Лекс. запазыч., 190). Сучаснае слова таксама з польск. stancja ‘станцыя’, якое, па адной версіі, узыходзіць да італ. stanza ‘пакой, жыллё’, нар.-лац. stanzia (Мацэнаўэр, Cizí sl., 312; Брукнер, 513; Булыка, там жа), а па другой — з больш ранняга stacja ‘кватэра, заезны дом’ з назалізацыяй у выніку ўплыву слова стан (Слаўскі, JP, 38, 1958, 229; Дзікенман, RS, 21, 196, 139). Польск. Stacja < лац. statiõ стаянка, прыпынак’ (Брукнер, 512; SWO, 699). Гл. ЕСУМ, 5, 396.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
падво́р’е, ‑я, н.
1. Падворак. Кузня ўжо была замкнёная, вакол на падвор’і валяліся старыя колы, бараны, кавалкі ржавага жалеза. Марціновіч.
2. Заезны двор.
3. Уст. Дом, які належыць загараднаму манастыру або архірэю. [Дзяўчына:] — Я не магу, я хачу на Дняпро... у Ліпецк, у Кіеў, на манастырскае падвор’е, дзе заўсёды спыняецца маці, і дзе грэцкія арэхі падаюць з дрэў!.. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зае́зд, ‑у і ‑а, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. заязджаць — заехаць (у 1, 4 і 5 знач.).
2. ‑у. Адзін з тураў спаборніцтва ў скачках, гонках. Паўфінальны заезд. У першыя заездзе ўдзельнічала пяць коней. Атрымаць перамогу ў апошнім заездзе.
3. ‑у. Разм. Новая змена, кантынгент (у доме адпачынку, санаторыі і пад.). Новы заезд.
4. ‑а. Уст. Заезны дом. [Хурс] часта бываў у местачковых заездах, у карчомных стадолах. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Пагост ’магільнік’ (ТСБМ). Рус. пого́ст ’царкоўная абшчына, прыход, царква з жылымі дамамі, службы’, дыял. ’магільнік’, ст.-рус. погостъ ’жылое падвор’е князя і яго світы пры падаткаабкладанні’ (X ст.). Першапачатковае значэнне ’заезны дом, у якім затрымліваліся князь і духоўныя асобы’. Ад госць, гасціць (гл. Фасмер, 3, 295). Як мяркуе Зяленін (Табу, 2, 150), значэнне ’магільнік’ узнікла на базе першапачатковага ў выніку табу. У бел., відаць, кніжнае запазычанне з рус.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
двор¹, двара́, мн. двары́, дваро́ў, м.
1. Участак зямлі пры доме, хаце паміж гаспадарчымі будынкамі.
Выйсці з хаты на д.
2. Сялянскі дом з усімі будынкамі каля яго; асобная сялянская гаспадарка.
Вёска на сорак двароў.
3. Маёнтак (гіст.).
Панскі д.
4. Гаспадарчы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства.
Жывёльны д.
Птушыны д.
○
Манетны двор — дзяржаўнае прадпрыемства, дзе адбываецца чаканка манет і вырабляюцца ордэны, медалі і інш.
Заезны двор — памяшканне пры дарозе для начлегу з месцам для коней.
◊
На дварэ — на адкрытым паветры, не ў хаце.
Ні кала ні двара ў каго (разм.) — няма нічога.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
дом, -а і -у, мн. дамы́, дамо́ў, м.
1. -а. Будынак для жылля або для размяшчэння ўстаноў.
Цагляны д.
2. -у. Кватэра, памяшканне, а таксама сям’я, людзі, што жывуць разам, іх гаспадарка.
Званілі з дому.
Збегся ўвесь д.
3. -а. Установа, што абслугоўвае якія-н. грамадскія патрэбы, а таксама памяшканне, дзе яна знаходзіцца.
Д. адпачынку.
Д. мадэлей.
Д. кнігі.
4. -у. Дынастыя, род.
Д.
Раманавых.
○
Жоўты дом (уст.) — бальніца для душэўнахворых.
Заезны дом — памяшканне для начлегу з дваром для коней.
|| памянш. до́мік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 знач.) і дамо́к, -мка́, мн. -мкі́, -мко́ў, м. (да 1 знач.).
|| прым. дамавы́, -а́я, -о́е.
Д. камітэт.
○
Дамавая кніга — кніга для рэгістрацыі жыхароў якога-н. дома.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
дом, ‑а і ‑у; мн. дамы, ‑оў; м.
1. ‑а. Будынак для жылля, размяшчэння устаноў і прадпрыемстваў. Цагляны дом. Будаўніцтва жылых дамоў. □ Дом стаіць воддаль і розніцца ад вясковых хат. Бядуля. Неяк у нядзелю ў Беражках адбылося радаснае гулянне — адразу пятнаццаць калгасных сем’яў спраўлялі ўваходзіны ў новыя дамы. Краўчанка. // перан. Пра ўсё, што можа служыць прытулкам, сховішчам для каго‑, чаго‑н. Гэта звычайная сям’я ў звычайных умовах. Нікуды яны не спяшаюцца: яны ў сваім доме — на лодцы. Маўр.
2. ‑у. Чыё‑н. жылое памяшканне разам з гаспадаркай. Бацькоўскі дом. □ Хто яна і адкуль, Таня сама не ведала. Падабралі яе малую чужыя людзі на вялікай дарозе і далі прытулак у сваім доме. Новікаў. Змарылася... Цяжка старой Тупаць дзень каля дому. Гілевіч. Не спала маці, крактаў на печы бацька. Увесь клопат па дому лёг на яго. Паўлаў. // Сям’я; людзі, якія жывуць у адным памяшканні. Выйсці на суботнік усім домам. □ Пасля такой доўгай разлукі з домам Аленка адчувала сябе шчаслівай. Колас. // перан. Родныя мясціны, родны край. І успомнім былое Народа-героя, Што ў бітвах суровых уславіў свой дом. Колас.
3. ‑а; каго-чаго або які. Як назва дзяржаўнай, грамадскай, культурнай установы, а таксама памяшкання, дзе яна знаходзіцца. Дом калгасніка. Дом мадэлей. Дом культуры. Гандлёвы дом.
4. ‑у. Дынастыя, род. Дом Раманавых.
•••
Дзіцячы дом — вучэбна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей, якія не маюць бацькоў.
Жоўты дом (уст.) — бальніца для душэўнахворых.
Заезны дом — тое, што і заезны двор (гл. двор 1).
Казённы дом (уст.) — а) афіцыйная дзяржаўная ўстанова або служба ў ёй; б) турма.
Публічны дом — у капіталістычным грамадстве: памяшканне, у якім жывуць і прымаюць наведвальнікаў прастытуткі.
Выносіць смецце з дому гл. выносіць.
На дом — дамоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Карчма́ ’піцейны дом, шынок, заезны дом’, укр. корчма (корчми робити ’праводзіць пацехі, гульні з музыкам’), рус. корчма, чэш. krčma, славац. krčma, в.-луж. korčma, польск. karczma, рус.-ц.-слав. кърчма ’карчма’, ’моцны напітак’, ’сасуд для віна’, серб.-харв. кр̀чма ’карчма, пачастунак, частаванне’, славен. kȓčma, балг. кръчма ’частаванне, пачастунак’, прасл. kъrčma. У гэтай лексемы відавочна выдзяляецца суфікс ‑ьma. Суфікс мала прадуктыўны, найбольш надзейны прыклад vědъma, якое, аднак, да Nomāna agentis, чаго нельга сказаць пра kъrčma. Ва ўсякім разе іншы падзел на марфемы наўрад ці магчымы. Каранёвая марфема kъrč‑ прадстаўлена, як здаецца, у серб.-харв. кр̀чити ’частаваць або прадаваць алкагольныя напіткі’. Апошні прыклад вельмі няпэўны (адзіная фіксацыя ў песні). Да таго ж гэты дзеяслоў вядомы і шырока распаўсюджаны ў іншым значэнні (прасл. kъrčiti ’карчаваць’), таму, калі ісці ад чыстай формы, мы атрымліваем досыць нечаканы рэзультат: kъrčiti ’карчаваць’ + ‑ьma = kъrčma ’выкарчаванае месца’. Семантычна гэта амаль што немагчыма вытлумачыць. Найбольш верагоднай версіяй з’яўляецца ўзвядзенне kъrčma да kъrkati ’прагна есці, жэрці’ (параўн. серб.-харв. кр́кати і балг. къркам у гэтым значэнні). Іншыя версіі зусім неверагодныя (Агляд версій у Слаўскага, 2, 73–74).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
дом м.
1. (род. до́ма) (здание, учреждение) дом;
но́вы д. — но́вый дом;
цагля́ны д. — кирпи́чный дом;
д. адпачы́нку — дом о́тдыха;
Д. кні́гі — Дом кни́ги;
гандлёвы д. — торго́вый дом;
2. (род. до́му) (жильё) дом;
звані́лі з до́му — звони́ли и́з дому;
вы́гнаць з до́му — вы́гнать и́з дому;
3. (род. до́му) (династия, род) дом;
○ дзіця́чы д. — де́тский дом;
жо́ўты д. — жёлтый дом;
зае́зны д. — зае́зжий дом;
казённы д. — казённый дом;
◊ друг до́ма — друг до́ма;
д. — по́ўная ча́ша — дом — по́лная ча́ша;
ад до́му адбі́цца — от до́ма отби́ться
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
дворI м.
1. двор, род. двара́ м.; (возле дома — ещё) панадво́рак, -рка м.; (большой) дзядзі́нец, -нца м.;
на дворе́ на двары́;
вход со двора́ увахо́д з двара́;
моне́тный двор мане́тны двор;
постоя́лый двор зае́зны дом;
скотоприго́нный двор жывёлапрыго́нны двор;
пти́чий двор пту́шнік, птушы́ны двор;
2. (отдельное крестьянское хозяйство) двор, род. двара́ м.; ха́та, -ты ж.;
в дере́вне сто дворо́в у вёсцы сто дваро́ў (хат);
◊
быть не ко двору́ быць не да кампа́ніі;
ни кола́ ни двора́ ні кала́ ні двара́.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)