ГРЫГАРЭ́СКУ ((Grigorescu) Нікалае Іон) (15.5.1838, с. Пітару, пав. Дымбавіца, Румынія — 21.7.1907),
румынскі жывапісец. Вучыўся ў Бухарэсце (да 1885) і ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. У 1861—87 (з перапынкамі) жыў і працаваў у Францыі; прыхільнік барбізонскай школы жывапісу. З 1887 пераважна ў Бухарэсце. Пісаў пейзажы, партрэты, гіст., батальныя і жанравыя кампазіцыі. Яго творы («Сялянка з Мусчэла», 1877; «Штурм Смырдана», 1885; «Воз, запрэжаны валамі», каля 1890, і інш.) вызначаюцца рэаліст. формай, свабоднай маст. манерай, свежым каларытам і стрыманасцю светлай колеравай гамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТЭ́РЫЯ (італьян. osteria),
заезны дом; тып карчмы. Вядома ў Польшчы і на Беларусі з 16 ст., найб. пашырана з 18 ст. Размяшчаліся аўстэрыі звычайна на гандл. плошчах або гал. вуліцах гарадоў і мястэчак. Будавалі іх з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру». У плане пераважала форма прамавугольніка. Уключалі стайні, вазоўні, гасціныя пакоі, каморы. Гасціныя пакоі абсталёўваліся лавамі, сталамі, мелі кафляную грубку для ацяплення памяшкання і мураваную печ для гатавання ежы. Некаторыя аўстэрыі былі складанымі комплексамі, якія ўключалі жылыя, гасп., гандлёвыя і інш. будынкі, згрупаваныя вакол агульнага двара. Аўстэрыі сталі прататыпам для гасцініц і паштовых станцый.
Аўстэрыя ў в. Варняны (Астравецкі раён Гродзенскай вобл.). Агульны выгляд. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́Н-САРА́Й (ад караван + перс. серай — палац, дом),
заезны і гандл. двор для караванаў на дарогах і ў гарадах Б. Усходу, Сярэдняй Азіі, Закаўказзя. Вядомы са старажытнасці, найб. пашыраны ў 9—18 ст. у сувязі з ростам гарадоў і ўзмацненнем транзітнага караваннага гандлю.
Бываюць зальныя (Арменія) — прамавугольныя ў плане будынкі, падзеленыя на нефы (сярэдні неф для людзей і тавараў, бакавыя для жывёлы). Найб. пашыраны тып К.с. — з унутр. дваром, абкружаным 1- або 2-яруснымі памяшканнямі (уверсе звычайна гасцініца, унізе — склады і стойла). Умацоўваліся сценамі або далучаліся да культавых будынкаў. З развіццём чыг. і аўтамаб. транспарту страцілі сваё значэнне.
С.А.Сергачоў.
Караван-сарай у г. Арэнбург (Расія). 1836—42. Арх. А.П.Брулоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́НАВА,
вёска ў Свірскім пас. савеце Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 40 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Лынтупы, каля аўтадарогі Вільнюс — Полацк. 270 ж., 112 двароў (1997).
Вядома з 18 ст. як маёнтак у Ашмянскім пав. З 1785 мястэчка Віленскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1847 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1868 у Свірскай вол., 136 ж. У 1897 у вёсцы К. 64 ж, касцёл, заезны дом, крама, карчма, нар. вучылішча, у фальварку 90 ж. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Свірскага р-на Вілейскай вобл., з 1959 у Мядзельскім р-не. У 1971 у вёсцы 175 ж., 60 двароў.
Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Канстанцінаўскі касцёл (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАПА́ЕВА,
гар. пасёлак у Беларусі, у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. За 27 км ад Паставаў, 223 км ад Віцебска. Чыг. вузел (лініі на Лынтупы, Друю, Крулеўшчыну), аўтадарогай злучаны з Глыбокім і Паставамі. 4 тыс.ж. (1996).
У 19 ст. вёска ў Пастаўскай вол. Дзісенскага пав. Віленскай губ.; існавалі заезны дом, млын, валюшня. З 1921 у складзе Польшчы, у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Дунілавіцкім р-не. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравала ням. фашыстамі, разбурана. З 1950 гар. пасёлак, у 1950—60 цэнтр Дунілавіцкага р-на, у 1960—62 у Глыбоцкім р-не. У 1969 — 4,2 тыс.ж. Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, камбікормавай і харч. прам-сці.
Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, 3 клубы, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, царква, касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік садова-паркавага мастацтва — Варапаеўскі парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМЛЯ,
вёска ў Жаліўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Радуча. Цэнтр калгаса. За 20 км на Пн ад горада і 24 км ад чыг. ст. Чавусы, 61 км ад Магілёва. 334 ж., 102 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
На думку некат. даследчыкаў, Р. — стараж. горад радзімічаў. У 1527 тут знаходзіўся Радамльскі замак, які быў аддадзены кн. Жаслаўскаму, у 1580 — дзярж. ўласнасць (паводле інш. звестак Р. ў 16 ст. — мястэчка ў Мсціслаўскім пав.ВКЛ, належала кн. Мсціслаўскім). У 1539—1770 цэнтр староства, у 1764 у Мсціслаўскім ваяв., дзярж. ўласнасць. З 1772 у Рас. імперыі. У 1797 у Р. была рэзідэнцыя Мсціслаўскага кармеліцкага кляштара. У 1849 сяло, 73 ж., 10 двароў, карчма, млын. У 1880 цэнтр воласці Чавускага пав., 162 ж., 25 двароў, 2 царквы, касцёл, заезны дом, з 1883 школа. У 1897 — 157 ж., у 1909 — 230 ж. У 1924—54 цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну ў 1944 ням. фашысты спалілі вёску і загубілі 21 жыхара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ БЕРАСТАВІ́ЦА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Бераставічанка. За 63 км ад Гродна, за 10 км ад чыг. ст. Бераставіца на лініі Масты—Бераставіца, на аўтадарозе Гродна—Бераставіца—Ваўкавыск. 5,8 тыс.ж. (1996).
Вядома з пач. 16 ст. як уладанне навагрудскага ваяводы А.І.Хадкевіча. Належала Мнішкам, Патоцкім, Касакоўскім. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка (афіцыйна гэты статус зацверджаны ў 1725). З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Гродзенскага пав. У 1900 — 1786 ж., дробныя прадпрыемствы. З 1921 у Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, вёска ў Крынкаўскім р-не Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 да 17.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Вялікай Бераставіцы і раёне 634 чал. З 1944 цэнтр раёна, з 1947 гар. пасёлак. У 1962—66 у Свіслацкім р-не. У 1969 — 2,9 тыс. жыхароў.
Сярэдняя, муз. і спарт. школы, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Бераставіцкі касцёл Візітацыі Дзевы Марыі, касцёл (пач. 20 ст.), заезны двор (2-я пал. 19 ст.). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́Н-ГАРАДО́К,
вёска у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Цна, на аўтадарозе Лунінец — г.п. Мікашэвічы. Цэнтр Гарадоцкага с/с і 2 калгасаў. За 17 км на ПдУ ад г. Лунінец, 257 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Лахва. 1968 ж., 702 двары (1997).
Па пісьмовых крыніцах з 1493 вядомы як сяло Гарадзец. У 1599 мястэчка Навагрудскага пав. З 1613 цэнтр воласці, 116 двароў, царква. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Пінскага пав. У 1897 у К.-Г. 3894 ж., царква, каталіцкая капліца, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 3 млыны, 10 крам, заезны дом, штогод праводзілася некалькі кірмашоў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны (да 1928) Лунінецкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Гарадоцкага с/с у Лунінецкім р-не. У кастр. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі тут 100 дамоў, загубілі 975 чал. У 1971—2416 ж., 656 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква. Каля вёскі гарадзішча (6—7 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СКІ,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Зальвянка, на скрыжаванні аўтадарог Масты—Зэльва і Ваўкавыск—Шчучын. Цэнтр сельсавета. За 14 км на ПдУ ад горада і 16 км ад чыг. ст. Масты, 74 км ад Гродна. 816 ж., 284 двары (2000). Рамонтны з-д, філіял Ваўкавыскага акц.т-ва «Беллакт», млын, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, філіял раённага камбіната быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: касцёл Маці Божай Ружанцовай (1918), Мікалаеўская царква (1870). Каля вёскі археал. комплекс (7 стаянак каменнага веку і 4 селішчы сярэдневякоўя), Пескаўскае агаленне рачных адкладаў.
Вядомы з 17 ст. як уладанне Сапегаў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886 мястэчка, 1352 ж., 43 двары, школа, царква, касцёл, капліца, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, яўр. багадзельня, гарбарня, 5 вадзяных млыноў, заезны дом, 14 крам. 6 корчмаў, кірмаш. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Мастоўскага раёна. У 1962—65 у Ваўкавыскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎ,
вёска ў Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 56 км на ПдУ ад г.п. Мядзел, 130 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Будслаў. 721 ж., 300 двароў (1996).
Вядомы э 1504 як уласнасць манахаў-бернардзінцаў, якія ў 1589 пабудавалі тут драўляны, у 1783 мураваны касцёл, пры якім знаходзіліся Будслаўскі кляштар бернардзінцаў і 2 капліцы. З 1732 мястэчка, з 1793 у складзе Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1868 — 259 ж., 48 двароў. У 1885 цэнтр воласці, 327 ж., 50 двароў, касцёл, сінагога, прыходскае вучылішча, крама, таржок; у маёнтку працавалі бровар, сукнавальня, вадзяны млын, крама, заезны дом, 2 карчмы. У 1907 у Б. 435 ж., 61 двор, каля мястэчка прайшла чыг. Полацк—Маладзечна, пабудавана чыг. станцыя. У 1917—19 працавала Будслаўская беларуская гімназія. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Крывіцкага, з 1962 — Мядзельскага р-наў. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942 расстралялі тут 270 жыхароў. У 1970 — 859 ж., 318 двароў.
У Будславе лясніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Будслаўскі касцёл бернардзінцаў. Магілы ахвяр фашызму.