Тарара́х — выклічнік для абазначэння моцнага, раскацістага гуку, суадносны з адпаведнымі дзеясловамі (ТСБМ, ЭШ), ’выгук, які азначае бой у барабан або ў што-небудзь падобнае’ (Нас.), сюды ж тарара́хаць ’грукатаць, грымець, стукаць’ (ТСБМ), ’тарахцець’ (Касп.), тарара́хнуцца ’з сілай стукнуцца, з шумам упасці’ (ТСБМ), тарара́хнуць ’загрукацець, загрымець; моцна стукнуцца; моцна ўдарыць; выстраліць’, тарара́хтаць ’тарахцець’ (там жа), тарара́ха ’балбатуха’ (Ян.). Укр. тарара́х, рус. тарара́х. Гукапераймальныя ўтварэнні (Фасмер, 4, 23; ЕСУМ, 5, 521). Карскі (1, 254) у дзеясловах бачыў падваенне склада ў зыходных тара́хаць, тра́хаць, што да выклічніка тарах, трак, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

баба́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. аднакр.

Разм.

1. Учыніць выбух, выстраліць, загрымець. Саханчук адбегся пад насып, залёг, і адразу ж гулка бабахнуў яго кавалерыйскі карабін. Асіпенка. У сто гармат бабахне гром. Лужанін. / у безас. ужыв. Разведчык дымам апісаў вялізную чорную дугу. Па ім зноў ўдарылі знішчальнікі, і ў паветры гулка бабахнула. Алешка.

2. Утварыць моцны гук ударам, стукнуць. Страшыдла знікла; а потым хвастом як бабахне па вадзе. Юрэвіч. Недзе ў сенцах глуха бабахнулі дзверы, і ўсё сціхла. Асіпенка. Зрываючыся з прывязі галля, Бабахне бэра, як скарбонка лета. І сутыкнуцца груша і Зямля — Малая і вялікая планеты. Макаль.

3. Рашуча, нечакана сказаць што‑н. Алена.. пералічыла, колькі вось такіх прапаноў марынуецца на заводзе, і нарэшце бабахнула: — Я думаю, мы можам арганізаваць грамадскае канструктарскае бюро. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ру́хнуць1 ’абваліцца, упасці пад дзеяннем уласнага цяжару’; перан. ’перастаць існаваць, знікнуць’ (ТСБМ). Рус. ру́хнуть, польск. runąć ’упасці, зваліцца, распасціся; раптоўна рушыць з месца, рынуцца’, ст.-польск. ’грукнуць, загрымець, зарыкаць, зараўці’, ст.-чэш. runúti ’упасці, зваліцца’, балг. ру́хна ’упасці з шумам, разваліцца’. З прасл. *ruxnǫti < *ruxati, *rušiti ’прымушаць рухацца, надаваць рух, піхаць, штурхаць, варушыць, перакульваць, звальваць’ (Борысь, 527), гл. рушыць.

Ру́хнуць2 ’сказаць невыразна і зняважліва’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Магчыма, ад рух (гл.), параўн. бу́хнуць ’сказаць нечакана і неабдумана’, бра́знуць ’сказаць неасцярожна’ (Юрч. Сін., 189–190), аднак, больш верагодна з рухаць2 (гл.).

Ру́хнуць3 ’кінуцца’: рухнулі свінья (саліг., Нар. словатв.), ’крануць, зрушыць’, ’хутка пайсці, рынуцца’, рухну́ць ’тс’ (ТС); рухну́цца ’рушыцца, крануцца’ (там жа). Да рухнуць1 (гл.). Версія пра сувязь не з рухаць, рушыць, а з гукапераймальным рухаць (рюхаць) ’падаваць гукі (пра свіней)’ (гл. рухаць2, рохаць) (Нар. словатв., 112) непераканаўчая.

Ру́хнуць4 ’прапасці (пра зімовую дарогу)’ (круп., Нар. сл.; ТС), рухну́ць ’тс’ (ТС). Канкрэтызацыя значэння ’перастаць існаваць, знікнуць’ слова рухнуць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Ударыць, звычайна са стукам. [Госць] стукнуў кулаком аб стол так моцна, ажно пасуда зазвінела на розныя галасы. Бядуля. Цар стукнуў сваім царскія посахам аб падлогу. Якімовіч. Але, дапіўшы з конаўкі салодкую цеплыню,.. [стары] нечакана стукнуў посудам па стале і ўстаў. Брыль. / Пра біццё, штуршок сэрца. Толькі ціха стукнула сэрца. Толькі крыкнуў тужлівы птах. Дайнека. // Ударыць каго‑н. Дастаткова .. [Саўку] было самага раз’юшанага быка ўхапіць за рогі, стукнуць кулаком па галаве, як той валіўся на зямлю. Гурскі. Тады .. [Стафанковіч] нацягнуў рукаў свайго кажушка і знячэўку стукнуў Сашку па карку. Чорны. / у безас. ужыв. — Ой, Цэзар, — гаварыла маці. — Быць манцёрам зусім не цікава. Ды і токам можа стукнуць. Ты ў нас будзеш музыкантам! Арабей. // перан.; па кім-чым. Разм. Зрабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія папрокі, заўвагі; папракнуць каго‑н. за што‑н. Стукнуць па безгаспадарчасці. // каго. Разм. Забіць або раніць. У асінніку дзіка стукнулі. □ [Злобіч:] — Кожны дзень, кожную ноч дзе-небудзь ды і стукнем [фрыца]. Вось і сёння... М. Ткачоў. — Каюк усім нам, — уголас гаворыць Аўсянік. — Ладуцьку стукнулі, ясна. Навуменка. / у безас. ужыв. Вось тады мяне і стукнула, — [Доўбік] паказаў на сваю пераносіцу. Гроднеў. // перан. Падзейнічаць на галаву або на органы руху. Пракоп даўно ўжо не піў гарэлкі, і хмель наймацней стукнуў яму ў галаву. Колас. / у безас. ужыв. Твар .. [Зосі] пабялеў, стукнула ў вушах. Чорны.

2. Учыніць стук, шум пры ўдары, штуршку. Зноў стукнула брамка. Таня зірнула з-за сцяны. Ішоў Вадзім. Паўлаў. Бабка сярдзіта накінула на сябе світку, моцна стукнула дзвярамі і накіравалася да Лявона Секача. Колас. / у безас. ужыв. Не па возеры стукнула, а недзе ў напрамку Прыпяці. Краўчанка. // Ударыць маланкай, моцна загрымець. Жыла [Фроська] і сумавала, а больш ад страху калацілася: пярун мог стукнуць, нядобры чалавек зайсці. Лобан. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун. Лынькоў.

3. Ударыць (у акно, дзверы і пад.), падаючы стукам сігнал аб прыходзе, просьбе ўпусціць і пад. Тройчы стукнуць у акно — такі ўмоўны знак. Кулакоўскі. // Раптоўна, нечакана або з сілай пачацца, пастаць (пра з’явы прыроды). Перад самымі калядамі раптам стукнуў .. мароз. С. Александровіч.

4. каго-што і без дап. Знянацку напасці, раптоўна атакаваць. Рухавей павялі сваю работу ваенныя штабы,.. намацвалі найболей слабыя і балючыя цэнтры свайго праціўніка, камбінавалі, строілі планы, каб увесці яго ў аблуду і пры першым жа зручным выпадку стукнуць па ім там, дзе ён меней за ўсё спадзяецца. Колас. [Архіп:] — У раку [легіянеры] не палезуць. Пусціш у пастку і стукнем з трох бакоў. Грахоўскі.

5. Разм. Наступіць (пра час, падзеі). У кнізе падрабязна разглядаюцца прычыны крызісу каталіцызму: для яго даўно ўжо стукнуў той час, калі бунтуюць не толькі асобныя ўплывовыя тэолагі, але і цэлыя епархіі. «Полымя». // безас. каму. Мінуць, споўніцца (пра гады). Мне стукнула шаснаццаць гадоў, я лічыўся дзесяцікласнікам, мяне кахала самая прыгожая ў класе дзяўчына. Навуменка.

6. Разм. Выпіць (чарку). Рыгор-хурман хадзіў без дзела,.. Хадзіў і лёганька хістаўся: Ён трохі стукнуў — ці не з гора? Колас.

7. Прымусіць стукнуцца. [Рыгор:] — Будзеце задзірацца — стукну ілбамі так, што рогі вырастуць! Ваданосаў.

8. перан. Разм. Перадаць што‑н. пры дапамозе якіх‑н. сродкаў сувязі. [Дзед Астап:] — Ты ўжо стукні па тэлеграфе на раз’езд. Лынькоў.

•••

Палец (пальцам) аб палец не стукнуць — тое, што і палец (пальцам) аб палец не ўдарыць (гл. ударыць).

Стукнуць у галаву; у галаву стукнула каму — нечакана прыйшла думка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)