скрыпу́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які скрыпіць, вылучаецца скрыпам. Скрыпучыя дзверы. Скрыпучы снег. □ Ад хутара застаўся толькі сад, скрыпучы журавель над зрубам студні і тая самая хата. Брыль. Аднойчы раніцою Яўмен Шчырык павёз зяця на скрыпучай фурманцы да чыгуначнай станцыі. Пянкрат. // Рэзкі, падобны на скрып (пра голас, гукі). Скрыпучы голас. Скрыпучы смех. □ З-пад санных палазоў ішоў скрыпучы енк. Чорны. За душу браў скрыпучы крык драча ў алешніку на рэчцы. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сцененк, стогн’: змываю я сцен собаччій, курачій (з замовы, Рам. 5; Нар. Гом.), мажліва, сюды ж сціна́цца ’плакаць, аж выпроствацца’ (Бяльк.), гл. сцінаць2. Суадносіцца з укр. стена́ти ’жаласліва стагнаць; плачучы, крычаць’, рус. стена́ть ’енчыць, стагнаць’, стараж.-рус. стенати, чэш. stenati, славац. stenať, славен. stenjáti, серб.-харв. стѐњати, балг. сте́ня ’стагнаць’, макед. стенка ’тс’, ст.-слав. стенати ’тс’. Прасл. *stenati ’стагнаць’, звязанае чаргаваннем са стогн, стагнаць, гл. Дзеяслоў мае дакладныя адпаведнікі ў літ. stenė́ti ’стагнаць’, лат. stenêt і інш. (Фасмер, 3, 754; ЕСУМ, 5, 408), што ўрэшце ўзыходзяць да і.-е. (s)ten‑ ’гучаць; енчыць’ (Борысь, 578).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жахлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае жах, вельмі страшны. Не забыць пра жахлівыя рэчы: Мерцвякоў адубелых пласты, Узарваныя хаты, масты. Броўка. // Роспачны, поўны жаху. І енк, і плач, калёс засмягшых скрып,.. — Усё злівалася ў жахлівы крык. Танк. // Вельмі цяжкі, пакутлівы, трагічны. Жахлівая смерць. Жахлівае здарэнне. // Разм. Вельмі дрэнны. Жахлівая дарога.

2. Вельмі моцны (пра ступень інтэнсіўнасці чаго‑н.), крайні ў сваім праяўленні. Смешнай і разам з тым жахлівай іроніяй гучаў плакат. Мікуліч. Пан Вальвацкі.. прагуляў.. усё, што маглі даць яму некалькі маёнткаў пры жахлівай эксплуатацыі парабкаў і падзённікаў. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ля́мант, ‑у, М ‑нце, м.

Адчайны, немы крык як праяўленне жаху, як кліч на дапамогу. Таўчэ дзік лычам мяне ў спіну, а рваць не рве. Апамятаўся я і нарабіў ляманту. Пальчэўскі. Касцы на лузе ўзнялі лямант. Язэп .. кінуўся на дапамогу. Нырнуў раз — не знайшоў малога. Ваданосаў. // Моцны працяглы плач, крык, брэх. А можа толькі так здалося? О, не! Не плач, а лямант, енк. Чыё там сэрца так галосіць? Так чалавек не плакаў век. Пушча. Праляталі нізка альбатросы, Узнімалі чайкі лямант дзікі. Звонак. [Сабачка] чуў нас за кіламетр і узнімаў такі лямант, што мы не ведалі, куды дзявацца. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стогн, ‑у, м.

1. Жаласны енк, выкліканы болем або вялікім горам; выражэнне пакуты, адчаю. [Гжэцкі] не пачуў майго стогну, калі паласавалі і калечылі цела, бо нават стогн быў бы таксама яго перамогай. Скрыган. Боты настойліва, глуха таўклі, не могучы дастаць з .. [Віці] нічога больш, апроч нейкага стогну. Брыль. Гарпіна павяла Ніну ў другі пакой і там пачала аперацыю. Адтуль чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач. // перан. Працяглы гук, шум, гул і пад. Раптам грымнула, нібы стрэл гарматы — «ггу-уухх», і цяжкім стогнам аддалося ва ўсіх канцах лесу. Дуброўскі. З-пад снежнага куродыму ўзняўся працяглы стогн паваленага дрэва-асілка. Бядуля.

2. перан. Скарга, нараканне. Перад кім, ой, кім Расчыню душу? Стогн бяды, нуды У думках заглушу? Купала. З кожных вуснаў людскіх Хоча вырвацца крык, Стогн збалелай душы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стагна́ць ‘енчыць, скардзіцца, наракаць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Шат., Сл. ПЗБ), сто́гнуць ‘тс’ (Нас.), стогна́ць ‘тс’ (ТС), стогне́ць ‘ледзь дыхаць, існаваць’, ‘гудзець’ (там жа), стогн ‘жаласны енк, выкліканы болем або вялікім горам’, ‘скарга, нараканне’, стагната́ ‘стагнанне’ (Нас.), стогно́та ‘тс’ (Гарэц.), стогно́та ‘хвароба’ (ТС), ст.-бел. стогнание (Скарына). Укр. стогна́ти, рус. паўд. сто́гнуть ‘стагнаць; крычаць непрыемным голасам’, ст.-рус. стогнание ‘стогн’, старое в.-луж. stohnam ‘стагну’. Карскі (1, 372) лічыў старой формай на фоне выпадзення ‑г‑ у рускай і царкоўнаславянскай (у апошняй не заўсёды). Фасмер (3, 763) звязвае з рус. стон, стона́ть, стена́ть; Цвяткоў (Запіскі, 2, 1, 81) меркаваў пра ўплыў дзеясловаў тыпу цягну́ць (гл.); Махэк₂ (579) усх.-слав. ‑г‑ лічыць экспрэсіўнай устаўкай і ўзводзіць таксама да прасл. дыял. *stonъ, *stonati, параўн. рус. стона́ть, ст.-рус. стонати, чэш. stonati, ston, славац. stonať, ston, балг. стон, в.-луж. stonać, якое параўноўваюць з грэч. στόνος ‘стагнанне’, ст.-інд. *stanas у abhistanás ‘гул’, ірл. son ‘гук’, а таксама без s‑: лац. tonō ‘грымець (пра гром)’, ст.-інд. tányati ‘шуміць, гучыць, грыміць’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1360; ЕСУМ, 5, 423. Адносна прасл. *stenati ‘гудзець, грымець’ гл. Глухак, 583. Параўн. стогнуць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)