эскі́з, ‑а, м.
1. Першы, папярэдні накід малюнка, карціны ці асобнай яе часткі. — Таксама не, — весела адказаў Коля і пачаў расказваць пра сённяшні ўрок малявання. Потым паказаў ёй [маці] свой эскіз казачнага дуба. Шыловіч. Каля дзесятка менш значных эцюдаў і эскізаў былі выстаўлены ў мастацкім магазіне, што таксама гарантавала пэўныя шансы. Васілевіч. // Першапачатковае афармленне скульптурнага твора, звычайна ў зменшаных памерах. Можна сказаць: ну, прыехаў паглядзець, пакідаць эскізы, а што датычыць скульптур — як удасца. Гроднеў. Сям-там, па кутках і прагалках, ціснуліся і другія незакончаныя або кінутыя работы ці толькі эскізы да іх — тулава, ногі, галава. Скрыган. // Накід, план літаратурнага ці музычнага твора. Некаторыя апавяданні Хвядоса Шынклера яшчэ носяць характар эскіза, замалёўкі. Арабей.
2. Малюнак, па якому ствараецца што‑н. (дэкарацыя, тэатральны касцюм і пад.). На маю просьбу памагчы нам аформіць спектакль, зрабіць эскізы касцюмаў Маша засмяялася. Шамякін. // Тэхнічны малюнак, выкананы ад рукі, з захаваннем асноўных правіл чарчэння, які змяшчае ўсе даныя для вырабу паказаных прадметаў. У архівах вялікага мастака выяўлены эскіз пральнай машыны. Матрунёнак.
[Фр. esquisse.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фанта́зія, ‑і, ж.
1. Творчае ўяўленне. Паэтычная фантазія. Узлёт фантазіі. □ У пані Даміцэлі была багатая фантазія, і сваё даўнейшае жыццё ў Польшчы яна шчодра аздабляла паэтычнымі выдумкамі. Колас. Апора на народную традыцыю не азначае, што паэт абмяжоўвае ўласную, індывідуальную творчую фантазію. Навуменка. Народная фантазія акружыла паэтычнай выдумкай паходжанне скалы, што тырчыць з вады, пры выхадзе Ангары з Байкала. М. Стральцоў. // Выдумка, вынаходлівасць. [Алег:] — Дэкарацыя, касцюмы. Там [у спектаклі] шмат фантазіі, выдумкі. Ермаловіч. Малады запал знаходзіў выхад у размашыста накіданых фрэсках, вясёлкавых вітражах, з фантазіяй убранай зале. Ліс.
2. Прадукт чыйго‑н. уяўлення; мара. Спачатку гэта [скараціць рабочы дзень] здалося нават фантазіяй. Карпаў. Гэта не фантазія, а наша новая ява, рэчаіснасць нашага часу. Бялевіч. // Нешта неверагоднае, глупства. [Міхась:] — У рэстаран ты мяне ўсё роўна не пусціш.. [Стэфа:] — Я пушчу цябе ў інстытут! [Міхась:] — Усё гэта, залаценькая мая, фантазія. Савіцкі.
3. Разм. Нечаканы, незразумелы ўчынак; дзівацтва. [Бэсман:] — Загад Аб наступленні зараз на Барысаў — Фантазія штабных. Глебка.
4. Музычны твор свабоднай формы, імправізацыйнага характару. «Камарынская» — фантазія для аркестра на дзве рускія народныя тэмы: вясельную і вядомую «Камарынскую». «ЛіМ».
5. Літаратурны твор фантастычнага зместу. // Літаратурны твор, які з’яўляецца творчай перапрацоўкай якіх‑н. твораў.
[Грэч. phantasia — уяўленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Вызначаны па ўмове, угавору; загадзя ўмоўлены. Умоўны стук. □ Камандзіры зверылі гадзіннікі, дамовіліся аб умоўных сігналах і пайшлі на бераг да сваіх плытоў. Няхай. На ўмоўны свіст спяшаецца Да дуба камісар. Куляшоў. Уранку сябры Пакідалі сяло, Ля дуба — Умоўнае месца было. Гілевіч.
2. Абмежаваны якімі‑н. умовамі, які мае сілу пры наяўнасці якіх‑н. умоў. Умоўнае асуджэнне.
3. Які вызначаецца чыімі‑н. адносінамі да чаго‑н.; адносны. Якія ўмоўныя, аднак, людскія разуменні: шчасце, няшчасце... Лынькоў. Праўда, «дом» для.. [Дзямковіча] цяпер быў паняццем чыста ўмоўным: дому ў яго не было. Палтаран.
4. Які не існуе на самой справе; які ўяўляецца, дапускаецца ў думках; уяўны. Разам з партызанскімі разведчыкамі [Саша і Жэня] перайшлі шашу — умоўную мяжу партызанскай зоны. Новікаў. Хлопец, што сядзеў за маёй спін[а]й, .. трымаючы ў роце цыгарэту, прасіў у мяне прыпаліць, чыркаючы ўмоўнай запалкай па ўмоўнаму карабку. Радкевіч. // Прадугледжаны ўмовамі, правіламі чаго‑н. Умоўны праціўнік. Умоўная задача. □ Замест умоўных дэкаратыўных скал.. разгарнуліся праўдзівыя пейзажы. «Беларусь». // Які з’яўляецца сімвалічным абазначэннем якога‑н. рэальнага прадмета. Чырвонай пункцірнай лініяй начарціў шлях Пыжыкавай мамы, як ён уяўляўся мне. Адзначыў умоўным тапаграфічным значком дом Наташы. Шыловіч.
5. У мастацтве — заснаваны на адмаўленні ад рэалістычнага паказу рэчаіснасці; сімвалічны. Умоўная дэкарацыя.
6. У граматыцы — які мае значэнне ўмовы. Умоўныя даданыя сказы. Умоўны лад дзеяслова.
7. Спец. Прыняты ў якасці асновы пры вызначэнні сярэдніх велічынь чаго‑н. Умоўнае паліва. Умоўная кармавая адзінка.
•••
Умоўны рэфлекс гл. рэфлекс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)