Пі́льня ’тартак’ (Варл.), ’лесапільня’ (пух., Сл. ПЗБ), укр. харк. пи́льня ’тс’, рус. пи́льня ’месца, дзе пілуюць лес пры дапамозе вады, парай, коньмі’. Да пілі́ць 1 (гл.). Суф. ‑ня ўзыходзіць да прасл. ‑ьnʼa, параўн. kolьnʼa ’дрывотня’, stajьnʼa ’стайня’, які пашыраны пераважна на паўн.-слав. тэрыторыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Пашчопка ’дрывотня’, ’месца, дзе рэжуць, колюць, а часам і складаюць дровы’ (Бір.; чырвонае., З нар. сл.). Да па‑ і шчапаць ’шчапаць лучыну’, ’калоць дровы’ (гл.), якое да прасл. ščep‑ (/skoi̯p‑/skei̯p‑Įskip‑). Параўн. роднасныя і.-е. паралелі: літ. skepsnė ’акравак’, skepeta, skepetas ’ануча’, ’хустка’, лат. škepele ’асколак’, ст.-грэч. σκάπτω ’рубаю’, ст.-в.-ням. skaft ’дзіда’ (Фасмер, 4, 503).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Кале́шня, коле́шня і кол́эшня: ’гуменца для сена, саломы’ (кам., Нар. сл.), ’мякіннік, прыбудова да хлява, гумна’ (кам., Нар. сл.), ’паветка для калёс, плуга, бараны, саней’ (кам., брэсц., малар., пін., стол., Нар. сл.; Хар.), ’прыбудоўка, дзе знаходзілася майстэрня на колы, калёсы’ (пруж., кобр., драг., усх.-палес., Нар. сл.), ’дрывотня’ (зах.-палес., Нар. сл.; малар., Харузін). Фанетычны варыянт да калесьня ў падобных значэннях. Яшчэ Харузін (263) пісаў: «Слово колешня, по-видимому, стоит в прямой связи с общеславянским словом коло — круг, колесо». Паводле семантыкі — інавацыя, з падобнай фанетыкай адзначаецца і ў іншых, відавочна, укр. або блізкіх ім гаворках. Статус інавацыі не вельмі ясны. Параўн. укр. валын. колешня ’дрывотня’, гуц. ’вазоўня; таксама і для жывёлы пад адным дахам з хатай’, колішня ’двухколавы перадок у плузе’, рус. дан. ’першая пара быкоў, якая знаходзіцца непасрэдна каля пераду плуга’. Адносна суфіксацыі гл. яшчэ Сцяцко, Афікс. наз., 165–166.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)