Друк1 ’друк’ (БРС, Байк. і Некр., Нас., Касп. і інш.). Гэта слова было ўжо ў ст.-бел. (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 102). Укр. друк ’тс’. Запазычанне з польск. druk ’тс’ (а гэта з ням. Druck ’тс’). Бернекер, 1, 99; Кюнэ, Poln., 51; Булыка, Запазыч., 102. Вытворныя адсюль друкава́ць, друка́р, друка́рня і інш. Можна ставіць пытанне, ці гэта самастойныя ўтварэнні ад друк на бел. глебе ці запазычанні таксама з польск. мовы. Булыка (Запазыч., 102) аднёс друкарня, друкаръ, друковати да дэрыватаў (пад друкъ). На с. 15 ён гаворыць, «што прыводзяцца дэрываты, утвораныя на беларускай глебе». Аднак давесці самастойнасць адзначаных бел. слоў немагчыма. Таму іх можна таксама лічыць паланізмамі: друкава́ць (ст.-бел. друковати) < польск. drukować; друка́р (ст.-бел. друкаръ) < польск. drukarz; друкарня (ст.-бел. друкарня) < польск. drukarnia. Для друка́р ёсць сляды яго польск. паходжання (дру́карНас.) або прама ням. Нават друкава́ць магло быць прамым запазычаннем з ням. мовы. Яшчэ Бярында пісаў: «дрꙋкꙋ́ю: з алманска, выбива́ю, албо вытискаю».

Друк2 ’дубіна’ (БРС), дрюк ’тс’ (Бяльк.). Рус. друк, дрюк, укр. друк, дрюк, чэш. drouk ’жалезны прут, шпень’, славац. drúk ’кол, жэрдка’, балг. дыял. дрък ’сцябло кукурузы’, серб.-харв. друк ’даволі тоўсты кол’. Прасл. *drǫkъ ’друк і да т. п.’ Гэта форма лічыцца варыянтнай (другаснай; паводле Фасмера, 1, 544, узнікла пад уплывам *sǫkъ ’сук’) да прасл. *drǫgъ ’тс’ (якая суадносіцца з дзеясловам *dręgati). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 130–131, 129–130. Сюды памяншальнае дручок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыпагра́фіядрукарня’ (ТСБМ), ст.-бел. типография ‘тс’ (1633 г., ПГС). Хутчэй за ўсё, у названым значэнні запазычана праз рус. типогра́фия ‘тс’ ці непасрэдна з ням. Typographie або франц. typographie ‘тс’ (з грэч. τύπος ‘адбітак’ і γραφω ‘пішу’), гл. Арол, 4, 72; параўн. польск. typografja ‘майстэрства друку’ (Варш. сл.). Віткоўскі (Зб. Русаку, 241) для рускай мовы дапускае польскае пасрэдніцтва, відаць, праз старабеларускую мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

набо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да друкарскага набору. Наборны цэх. □ Друкарня была на першым паверсе. Паўз сцены ў адным пакоі стаялі наборныя касы. Гаўрылкін. // у знач. наз. набо́рная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе робяць набор (у 3 знач.). Працаваць у наборнай. Увайсці ў наборную.

2. З аздабленнямі, з наборам (у 4 знач.). Наборная вупраж.

3. Які складаецца з асобных частак. Наборны паркет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

подпо́льный

1. падпо́льны; падпамо́ставы; скле́павы; сутарэ́нны; падва́льны;

2. полит. падпо́льны;

подпо́льная организа́ция падпо́льная арганіза́цыя;

подпо́льная рабо́та падпо́льная рабо́та;

подпо́льная типогра́фия падпо́льная друка́рня;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

абхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. абысці (у 4 знач.).

2. Месца, шлях, па якім можна абысці што‑н.

3. Участак лесу (адзін або некалькі кварталаў), які даглядаецца, абслугоўваецца адным лесніком. Парубка ў абходзе. □ Дружбакам любыя з дому рэчы Падару, жадаючы дабра, А бярозку у абходзе ссекчы Не пасмее ні дружбак, ні брат. Непачаловіч. // Мясціны, якія знаходзяцца пад наглядам каго‑н. і кантралююцца з пэўнай мэтай. Напярэдадні ад’езду пайшоў Лабановіч у лес, каб апошні раз агледзець свае грыбныя абходы і развітацца з імі. Колас. А раніцою ўжо ўраднік з аднаго патруля рапартаваў спраўніку, што ў раёне яго абходу выкрыта і забрана падпольная друкарня. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дане́сці 1, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. данёс, ‑несла; зак., каго-што.

Несучы, даставіць да якога‑н. месца. Данесці рэчы да вагона. □ Жанчына спяшалася, як мага, каб хутчэй данесці да хаты маленькае дзіця. Лынькоў. Язэп так і не данёс лыжку да рота. Зацірка разлілася. Асіпенка. // Перамясціўшы, наблізіўшы, зрабіць чутным (гукі, пах і пад.). З вёскі вецер данёс галасы людзей, якія выходзілі з клуба. Сіняўскі. Пах смалісты ад Слуцка і Мінска Ўслед за намі данеслі вятры. Прыходзька. // Захаваць, зберагчы ў сабе да пэўнага часу. Летапісы, што данеслі да нас праз вякі каштоўныя звесткі аб мінулых днях нашай зямлі, неаднаразова успамінаюць пра.. [Полацк] і яго князёў. Штыхаў. Іржанне коней, стогн зямлі, Нямая стоенасць рыданняў... Чаму да сённяшніх світанняў Мы гэта ў сэрцах даняслі? Гаўрусёў. // перан. Давесці да свядомасці, зрабіць даступным, зразумелым. Вялікая справа — умець данесці да народа бальшавіцкую праўду. Шамякін. Паэтычнае слова дапамагала пісьменніку данесці да чытача сваё захапленне жыццём. Адамовіч.

дане́сці 2, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. данёс, ‑несла; зак.

1. Далажыць, паведаміць; зрабіць данясенне. 14 снежня 1905 года мінскі паліцмайстар данёс губернатару, што па Губернатарскай вуліцы выкрыта тайная друкарня. «ЛіМ». Разведка Бумажкова данесла, што, не даходзячы да ракі, танкі перагрупіроўваюцца. Чорны.

2. на каго і без дап. Зрабіць данос, тайна паведаміць. І не выходзіла з галавы думка: няўжо Васіль дапусціўся да таго, што данёс польскай паліцыі на Мартына? Колас. Паўлюкоўскі шчасліва дабраўся да сваіх Ініцаў, але нехта данёс, што былы чырвоны афіцэр тайком вярнуўся дамоў з Саветаў. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)