Лэдары ’воз, на якім возяць сена, снапы’ (Касп.). Бел.-польск. ізалекса, параўн. польск. ladry, latry, letra, letry. З ням. Leiter, с.-в.-ням. leitere, lātere, ст.-в.-ням. leitara ’драбіна’ (Слаўскі, 4, 181; Малько, Бел.-польск. ізал., 90).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лесвіца; лескі (мн.) / прыстаўная: драбіны (мн.), драбіна

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Дра́бы ’рэбры, косці; касцяк, каркас’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.), ’воз’ (Касп., Сл. паўн.-зах.). Паводле Фасмера (1, 545), які і рус. дря́бы ’воз для снапоў’, бел. драбі́на, укр. драби́на, польск. drabina, роднаснае з с.-ням. treppe, trappe ’лесвіца’ (так і Бернекер, 1, 219). Іначай Трубачоў (Эт. сл., 5, 100–101), які пад праформамі *drabъ, *draby аб’яднаў вялікую групу слоў і лічыць, што ёсць сувязь з прасл. *dьrati ’драць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апле́нь, опле́нь м. і ж. р., оплени, опленка, плень, воплень, оплин ’частка воза’, якая стаіць на восях і на якую ставіцца драбіна, выкарыстоўваецца як паваротны механізм; частка паміж дзвюма палавінамі санак’ (Маслен.). Рус. дыял. оплени, аплени ’?’ укр. оплін, оплінь, опління, оплені, оплена; у Жэляхоўскага апрача значэння оплін ’падушка ў возе’ даецца ’падушка на канапе’. Славац. oplen ’частка воза (і вагона)’, чэш. oplín, серб.-харв. о̀плен, славен. oplèn ’частка воза’ (дыял. óplen), балг. дыял. опле́н ’тс’; параўн. польск. дыял. oklenie ’пэўная частка саней’. Праславянскае слова няяснага ўтварэння. Махэк₂ (416) рэканструюе праслав. *oplěmnъ і параўноўвае з грэчаскай назвай часткі кола πλήμνη, функциональна падобнай да апленя. Магчыма, трэба параўнаць з *oblъ, ад якога чэш. oblina ’круглая частка чагосьці’. Іншая версія: *oplenъ < *o‑plet‑nъ (Трубачоў, пісьм. паведамл.). Гл. яшчэ запазычанае з славянскага (MESz, 1, 777) вянг. eplény з блізкім да славянскага значэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Настра́мак ’невялікі воз (сена, канюшыны, саломы)’ (Янк. 1, Жд. 3, ТС, Ян.), nastràmak, nastràmacz ’малы воз сена — палова або чвэрць нармальнага воза’ (Пятк.), укр. настря́мок ’невялікая колькасць, невялікі воз сена, саломы, дроў’. Відаць, ад настрамі́ць ’неакуратна налажыць, накідаць абы-як’, параўн.: Як накласць, то много ўлезе на воз, а так настромі́ў, настромі́ў — то мало дроў (ТС, 3, 163); параўн. таксама астра́мак (гл.). Усё да прасл. *stramъ/stromъ з шырокай семантыкай, звычайна ў адносінах да «тырчачых», выступаючых дэталей і частак, параўн. стром ’завіслае дрэва’, чэш. strom ’дрэва’, польск. stram ’капыл (у санях)’, славен. strama ’вертыкальны апорны брус у санях’, славац. stram ’від саней’, серб.-харв. stràmica ’прыстаўная лесвіца, драбіна’ і г. д. Параўн. Фасмер, 3, 166 (пад остро́мок з развіццём семантыкі ад ’стог сена вакол шаста’ да ’кладзь сена ў адзін воз’); Махэк₂, 583; Бязлай, Eseji, 119; Борысь, SFPS, 24, 1987, 115–126. Гл. стромак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Драбі́ны 1 ’драбіны, лескі’ (БРС, Касп., Байк. і Некр., Сл. паўн.-зах.), драбіна ’тс’ (Касп., Шат., Сцяшк.). Укр. драби́на. Паводле Кюнэ (Poln., 51), запазычанне з польск. drabina ’тс’ (аб запазычанніз польск. ужо ў Брукнера, 94). Паходжанне польск. слова не вельмі яснае (меркаванні гл. у Брукнера, там жа; Бернекера, 1, 219). У бел. помніках няма (няма, прынамсі, у Булыкі, Запазыч.). Сюды ж і драбі́ны ’воз; рашотка ў возе’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), укр. драби́на ’рашотка ў возе, яслях’, драбча́стий віз, драбиня́стий віз і да т. п. Можна меркаваць, што гэта другое значэнне таксама ўзята з польск. мовы. Параўн. польск. wóz drabny (ужо ў 1584 г., гл. Брукнер, 94), wóz drabiniasty (там жа). Трубачоў (Эт. сл., 5, 101) зыходзіць з прасл. *drabъ (звязанага, як ён мяркуе, з прасл. *dьrati) і пад гэтай праформай аб’ядноўвае вялікую групу слоў з рознай семантыкай.

Драбі́ны 2 ’воз; рашотка ў возе’. Гл. драбіны 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́зня, ла́зьня ’памяшканне, дзе мыюцца і парацца’ (Нас., Гарэц., Мядзв., Мал., Бяльк., Касп., Шат., Грыг., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’сушня, будынак, у якім труць лён’ (Бір. Дзярж., КЭС, лаг.; саліг., З нар. сл.). Укр. лаз́ня ’лазня’, ’хаціна з маленькім уваходам’, ’яма для захоўвання збожжа’, рус. ла́зня ’падвал’, ’лесвіца’, ’лаз у яму’, ст.-рус. лазня (з XII ст.), якое, несумненна, паўднёва-заходняга паходжання (гл. Філін, Происх., 571); польск. łaźnia ’лазня’ (з XV ст.), н.-луж., в.-луж. łaznja ’лазня, ванна’, чэш. lázeń ’тс’, ’купанне’, lázně ’курорт’, паўд.-чэш. lazna ’стаў’. Паўн.-слав. дыялектызм. Прасл. laznь і lazьnja ўзніклі ў розныя часы: першасны дэрыват laz‑nь (як kaz‑nь); laz‑ьnja, утвораная ад lazьnъ(jь) < lazъ, параўн. укр. лазня піч, ст.-польск. (XVI ст.) co dalej to wyszsze jako w laźniej ’а далей — усё вышэй, як у лазні’ (Слаўскі, 5, 72). Да ла́зіць (гл.). Параўн. ст.-рус. влазити, влѣзти въ баню. Лазня першапачаткова азначала месца, куды лазілі: уніз → у яму (дзе была печ), уверх на палок у лазні (Машынскі, Kult., 1, 607–608; Бернекер, 697; Брукнер, 308; Шрадэр, Reallexikon, 1, 74; Зяленін, AfslPh, 32, 601). Іншыя версіі падлягаюць сумненню: паводле Махэка₂ (322), прасл. laznь трэба чляніць la‑znь, у якім la‑ < і.-е. *lavǝ‑, параўн. лац. lavāre ’мыць, мыцца’, хец. lā‑ ’тс’. Гэта прыняў і Вахрас (ScSl, IX, 1963, 166–167), дапускаючы, што сувязь з лазіць другасная. Ёстэррайхер (16, 10) звязвае лазню з lazъ ’выкапаная яма’. Міклашыч (161) памыляецца, калі выводзіць яе са ст.-грэч. λάσανον, лац. lasanum ’сасуд’. Кіслоўкі мяркуе, што касцюк. лазня — паланізм (КЭС). Гл. яшчэ Краўчук, УМШ, 1960, 6, 50–62.

Ла́зня 2 ’прыстасаванне для лазання на дрэва’ (Інстр. 1), рус. лазня ’лесвіца, драбіна, лескі’. Да ла́зіць (гл.) (аб суф. ‑ня гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58).

Ла́зня 3 ’дзіцячая гульня’ (ТС). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)