неўзаме́тку, прысл.
Разм. Так, што цяжка заўважыць; скрытна. Я неўзаметку шмыгнуў за хату і, пераскакваючы цераз рады бульбоўніку, пабег наперарэз Тані. Марціновіч. Першымі выступілі выпускнікі: спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Потым, неўзаметку пераміргваючыся, яны адзін за адным павыходзілі з залы. Сабаленка. // Непрыкметна, незаўважна. Час бег неўзаметку. Скрыган. У 1926 годзе мне пашанцавала. Якуб Колас стаў маім суседам. На Вайсковым завулку неяк неўзаметку вырас двухпавярховы драўляны домік, у якім неўзабаве пасяліўся паэт. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дах, ‑у, м.
1. Верхняя частка будынка, якая пакрывае яго і засцерагае ад дажджу, ветру і пад. Злева, пры канцы вёскі, стаяў дом валаснога праўлення з двума высокімі чырвонымі комінамі над пачарнелым дахам. Колас. На ўзгорку стаяў бела-ружовы двухпавярховы будынак з вясёлым чарапічным дахам. Васілевіч.
2. Пра дом, жыллё, прытулак. Хлапец гадаваўся пры старой жанчыне, але меў свой дах над галавой. Самуйлёнак.
•••
Пад адным дахам — у адным доме, у адной кватэры з кім‑н.
[Ням. Dach.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вымалёўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Рабіцца больш выразным. Не паспее добра сцямнець, як ужо на ўсходзе вымалёўваецца залаты пасак світанку, і адразу ж прачынаецца лясное птаства. Сабаленка. Чым бліжэй пад’язджаў кабрыялет, тым ясней вымалёўваўся двухпавярховы будынак з доўгім мезанінам і двума балконамі. Караткевіч. // Праясняцца ў свядомасці, рабіцца зразумелым; уяўляцца. І чым больш паглыбляўся Анатоль у кнігі, тым больш яскрава вымалёўвалася перад ім будучыня — камунізм. Асіпенка. А я не мог заснуць аж да самага світання: усё маё дзяцінства вымалёўвалася перада мной. Сабаленка.
2. Зал. да вымалёўваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
невялі́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Нязначны па велічыні і памерах; малы. Невялікі пакой. Невялікія вокны. □ У цэнтры паляны высіўся двухпавярховы драўляны дом з невялікім садам, агародам і гаспадарчымі прыбудовамі. В. Вольскі. Ад лесу .. да самай шашы дарога ішла паўз невялікія лясы. Чорны. // Невысокі ростам. Адчыніліся дзверцы, і з машыны выскачыў невялікага росту чалавек: жвавы, хударлявы, але ўжо немалады. Мяжэвіч. // Нязначны па колькасці, нешматлікі. Вось у вышыні са свістам праляцела невялікая чародка качак-цыранак. Аляхновіч. // Нядоўгі (пра час). Брыгадзе далі невялікі адпачынак. Мележ.
2. Нязначны па сіле, інтэнсіўнасці, якасці, зместу і пад. Невялікі вецер. Невялікая радасць. □ Пагода стаяла сухая з невялікімі прымаразкамі па начах. Якімовіч.
3. Які не мае вялікага значэння ў грамадстве. Невялікі чын. □ [Астап:] — Чалавек я.. службы невялікай, у вока дужа каму не кідаюся. Лынькоў.
4. Які нічым не вылучаецца; пасрэдны. Невялікі знаўца. Невялікі грамацей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)