гіпсавая пячора на ЗПадольскага ўзвышша, на Украіне. Даўж. каля 80 км. Уяўляе сабой двухпавярховы лабірынт. Ёсць пастаянныя праточныя азёры з мінералізаванай вадой. Характэрны сталактыты і сталагміты, трапляюцца ааліты. Аб’ект турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ЛЯ́МУСЫ,
помнікі гасп. і жыллёвай архітэктуры. Лямус у двары Гродзенскага кляштара брыгітак пабудаваны ў 1630-я г. ў стылі ранняга барока; помнік драўлянага дойлідства. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з масіўных драўляных брусоў на бутавым падмурку накрыты высокім вальмавым гонтавым дахам. Гал. фасад аздоблены 2-яруснай галерэяй з балюстрадай на 2-м паверсе. Матыў аркады ствараюць слупы з падкосамі. Першы паверх прызначаўся для гасп. мэт, 2-і — для жылля. Лямус (вул. Дзяржынскага) пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст.Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты высокім вальмавым дахам. На гал. і бакавым фасадах — мансарды. Гал. фасад сіметрычны, з невял. рызалітамі ў цэнтры. У 1939 перабудаваны пад жылы дом, інтэр’ер зменены.
Да арт.Гродзенскія лямусы. Лямус у двары кляштара брыгітак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-ГУБЕРНА́ТАРА,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Гродне каля 1800 для гродзенскага віцэ-губернатара Максімовіча. Двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Сіметрыя гал. фасада падкрэслена 4-калонным порцікам дарычнага ордэра з трохвугольным франтонам. Бакавыя часткі вылучаны рызалітамі. Фасад раскрапаваны філёнгамі, рустам, завершаны развітым прафіляваным карнізам. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены фігурнымі ліштвамі і сандрыкамі. Інтэр’еры былі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-АДМІНІСТРА́ТАРА,
помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў Гродне, мае рысы стыляў барока і класіцызму. Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з вальмавым дахам. Гал. фасад аздоблены лапаткамі, філёнгамі і нішамі, па баках раскрапаваны плоскімі рызалітамі. Больш нізкі 2-і паверх аддзелены карнізным поясам і багата дэкарыраваны. Архітэктурная выразнасць дасягаецца рэгулярным рытмам прамавугольных аконных праёмаў. Першапачатковая планіроўка і аздабленне інтэр’ераў парушаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ АГІ́НСКАГА.
Пабудаваны ў 1790 (арх. К.Шыльдгаўз) у стылі класіцызму з элементамі нар. дойлідства. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з рызалітамі ў цэнтры гал. і дваровага фасадаў і 4 алькежамі па вуглах. Асн. аб’ём быў накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам. Фасады дома мелі 2-яруснае вырашэнне: ніжні ярус (1-ы паверх) масіўны з невял. гладкімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, верхні (2-і паверх) — больш высокі, ажурны, з рытмічным радам шырокіх акон з ліштвамі. Рызаліт на гал. фасадзе быў завершаны невял. атыкам, гал. ўваход аформлены стылізаваным порцікам. Разбураны ў 2-й пал. 19 ст.
Гродзенскі дом Агінскага. Чарцёж галоўнага фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ТРЫНІТА́РЫЯЎ,
помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1776 у в. Крывічы (цяпер гар. пасёлак) Мядзельскага р-на Мінскай вобл. ў стылі позняга барока. Складаецца з Андрэеўскага касцёла і жылога будынка. Касцёлсв. Андрэя — 1-нефавы, 1-вежавы храм з прамавугольнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Высокая вежа мае 3-ярусную кампазіцыю з характэрнымі ў стылявых адносінах заломамі карніза, скосамі вуглоў. Арх. дэкор стрыманы і лаканічны. Высока размешчаныя ў тоўшчы сцен аконныя праёмы набліжаюць храм да абарончых збудаванняў. Сцены крапаваны падвойнымі пілястрамі з капітэлямі іанічнага ордэра. Амбон аздоблены пазалочанай драўлянай разьбой. Падлога мазаічная, з геам. арнаментам. Алтар багата ўпрыгожаны лепкай, скульптурамі святых. Жылы будынак прымыкае да паўд.-ўсх. сцяны касцёла. Двухпавярховы, прамавугольны ў плане, яго сцены ўмацаваны плоскімі лапаткамі, члянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎЕЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры пач. 17 ст. Мае рысы ранняга барока. Пабудаваны каля 1600 у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. Станіславам Кішкам. У 1631 мсціслаўскі ваявода Мікалай Кішка засн. пры касцёле кляштар бернардзінцаў. Будынкі спалены ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пазней адноўлены. Складаецца з Петрапаўлаўскага касцёла і жылога корпуса (захаваліся зах. і часткова ўсх. крылы будынка), Кляштар аддзелены ад вуліцы насыпам, які меў абарончае значэнне.
Касцёл — трохнефавы двухвежавы храм. Гал. фасад сім. кампазіцыі аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі і фігурным атыкавым франтонам паміж імі. У 2-й пал. 18 ст.гал. фасад часткова перабудаваны. Касцёл асвячоны ў 1787. У 19 ст. да паўн. сцяны касцёла прыбудавана капліца. У інтэр’еры 6 алтароў 2-й пал. 18 ст.Гал. алтар мураваны, двух’ярусны, раскрапаваны калонамі і пілястрамі, размаляваны пад мармур. Сцены і скляпенні размаляваны ў 1-й пал. 20 ст.Жылы корпус пабудаваны каля 1633. Двухпавярховы будынак утвараў прамавугольны ў плане ўнутр. двор. Вуглавыя памяшканні выступалі з агульнага прамавугольнага абрысу плана. У інтэр’еры ўсх. крыла будынка печ, абліцаваная тэракотавай кафляй 17 ст. з раслінным і геам. арнаментам. У 1858 кляштар зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 16—18 ст., у якім спалучаны прыёмы і формы готыкі, рэнесансу і барока. Комплекс уключае касцёл, жылы корпус, вежу-званіцу, якія звязаны паміж сабой і ўтвараюць замкнёны ўнутр. двор. Размешчаны на высокім правым беразе Нёмана і з’яўляецца дамінантай сілуэта забудовы цэнтра горада.
Драўляны кляштар засн. ў 1494 у Гродне (фундатар А.Ягелончык). Буд-ва мураванага касцёла пачалося ў 1602. У 1656 кляштар пашкоджаны пажарам. У 1680 перакрыта страха касцёла, рэстаўрыраваны алтар св. Антонія, пабудавана капліца св. Барбары. У 1736 пабудаваны 3 алтары ў капліцы св. Міхаіла, перабудаваны алтары св. Міхаіла, св. Банавентуры, св. Ануфрыя, св. Пятра з Алькантары. У 1738 рэстаўрыравана званіца.
Касцёл — 3-нефавая 6-стаўповая базіліка, у архітэктуры якой спалучаюцца стылявыя элементы готыкі, рэнесансу і барока. Гал. фасад дэкарыраваны антаблементам, пілястрамі карынфскага ордэра, арачнымі нішамі і завершаны трохвугольным франтонам. У 1788 інтэр’ер аздоблены жывапісам, разьбой па дрэве, чыгунным і бронзавым ліццём, стукавым арнаментам, скульптурай. Скляпенні крыжовыя на падпружных арках, размаляваных у тэхніцы грызайль (гербы заказчыкаў, раслінны арнамент). Над прытворам хоры з арганам (устаноўлены ў 1680-я г.). У кампазіцыі ўсіх 14 алтароў (за выключэннем аднаго, зробленага ў 20 ст.мясц. рэзчыкам І.Болдакам) выкарыстаны элементы карынфскага ордэра, скульптура, алтарныя карціны. Асаблівую маст. каштоўнасць маюць скульпт. і гарэльефныя стукавыя кампазіцыі Ларэтанскай капэлы «Чатыры евангелісты», «Святая сям’я», «Маленне аб чашы», выкананыя ў стылі рэнесансу. Трох’ярусны гал. алтар драўляны, аздоблены стукавай скульптурай і арнаментам. Двухпавярховыжылы корпус далучаны да паўд. сцяны касцёла. Сцены члянёны прамавугольнымі вокнамі, пілястрамі, контрфорсамі. Да гал. фасада касцёла з паўд. боку прымыкае вежа-званіца. Два верхнія ярусы званіцы, перабудаваныя ў 1788, выкананы ў стылі позняга барока, маюць складаную фігурную пабудову і маляўнічы сілуэт.
С.Г.Багласаў, М.М.Яніцкая.
Гродзенскі кляштар бернардзінцаў.Гродзенскі кляштар бернардзінцаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́НЬКАЎСКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. ў в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. Размешчаны на раўнінным рэльефе (прамавугольны ўчастак каля 15 га) са схілам у бок штучнага вадаёма, на р. Рапуса. З захаду мяжа праходзіць па гал. вуліцы вёскі. Уключаў палац, 2 жылыя дамы, гасп. пабудовы, царкву, касцёл, парк. Захаваліся флігель, павільён (т.зв. скарбчык), жылы дом, усх. брама (часткова), альтанка, некат. гасп. пабудовы. Палац пабудаваны ў 1880 у стылі рамантызму з выкарыстаннем форм сярэдневяковай архітэктуры. Аднапавярховы П-падобны ў плане будынак з 2-яруснай вежай. Другі ярус вежы меў 4 балконы, адкуль адкрывалася кругавая паркавая панарама. Перад палацам быў невял. круглы фантан (захавалася чаша). Падземнымі пераходамі-калідорамі палац быў злучаны з флігелем (кухня), з паўн. боку — са спец. павільёнам (скарбчыкам), прызначаным для б-кі (больш за 20 тыс. тамоў, збор рукапісаў) і калекцый уладальніка сядзібы (нумізматычныя зборы, гіст. малюнкі, збор жывапісу і графікі, гравюры, стараж. абразы, зброя, рэчы дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш.). Флігель — 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны замковым каменем; вуглы і цокаль руставаныя. Скарбчык — 2-павярховы квадратны ў плане павільён з 4 вуглавымі вежамі, нагадвае сярэдневяковы замак у мініяцюры. Вежы завершаны шатровымі галоўкамі, упрыгожаны аркатурнымі паясамі. Каля 1900 пабудаваны мураваны жылы дом у стылі неаготыкі. Двухпавярховы Г-падобны ў плане, з кароткім 2-павярховым і падоўжаным 1-павярховым крыламі. Вылучаецца паўд. фасад 1-павярховага аб’ёму, у дэкоры якога выкарыстаны пілястры, прафіляваныя ліштвы, сандрыкі. Касцёл (19 ст.) знішчаны ў пач. 20 ст. Парк (закладзены ў 1870-я г. ў сядзібе графа Э.Гутэн-Чапскага) пейзажнага тыпу з элементамі рамантызму. Пл. каля 15 га. З трох бакоў абнесены мураванай сцяной (захавалася часткова), на Пд — вял. штучны вадаём. Кампазіцыя парку пабудавана на 3 шырокіх перспектывах, якія з узвышанай часткі раскрываюцца ў бок вадаёма. У зах. частцы стаяў палац. На ПдУ ад яго пачынаўся шырокі луг, перарэзаны пратокай з 2 астравамі. На зах. в-ве стаіць альтанка — 8-калонная ратонда. Замыкала перспектыву Мікалаеўская царква (1858, засталіся руіны) на процілеглым беразе вадаёма. У 1880—90-я г. пры ўездзе ў парк з У пабудавана мураваная брама з вартоўняй. Брама — 3-пралётная стральчатая арка з высокай цэнтр. часткай, завершанай ступеньчатым шчытом. Сцены апрацаваны плоскімі арачнымі нішамі. У парку растуць экзоты: хвоя веймутава, піхта сібірская, вяз голы, ліпа сэрцападобная, клёны вастралісты і серабрысты, туя заходняя, каштан конскі васьмітычынкавы і інш., на в-ве перад альтанкай — адзіны ў Беларусі экзэмпляр дуба чарэшчатага ніцага. Палац разбураны ў Вял.Айч. вайну, на яго месцы пабудавана школа-інтэрнат.
А.В.Алісейчык, В.Р.Анціпаў.
Станькаўскі сядзібна-паркавы ансамбль. Будынак былой бібліятэкі.Станькаўскі сядзібна-паркавы ансамбль. Брама.