пірамі́да, -ы, ДМ -дзе, мн. -ы, -мі́д, ж.

1. Мнагаграннік, асновай якога з’яўляецца многавугольнік, а астатнія грані — трохвугольнікі з агульнай вяршыняй.

2. Вялікае каменнае збудаванне такой формы — грабніца фараонаў у Старажытным Егіпце.

3. Група складзеных прадметаў, якая мае шырокую аснову і звужаецца ўверсе.

Вінтоўкі ў пірамідзе.

4. Гімнастычная або акрабатычная фігура ў форме піраміды з групы людзей.

5. Станок для захоўвання вінтовак (спец.).

6. Гульня на більярдзе, пры якой шары складваюцца ў выглядзе трохвугольніка і пры дапамозе кія ўдарным шаром разбіваюцца і заганяюцца ў лузы.

|| прым. пірамі́дны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

брус, ‑а; мн. брусы, ‑оў; м.

1. Бервяно, апілаванае або ачасанае з чатырох бакоў. І заўсёды пасля.. работы [пільшчыкаў] вырасталі высокія штабелі шпал, цалёвак, светлых брусоў, бэлек. Паслядовіч.

2. Прадаўгаваты прадмет, кавалак чаго‑н. чатырохграннай формы. Брус мыла. □ У адной руцэ.. [чалавек] трымаў лусту хлеба, у другой брус сала. Чорны.

3. Тое, што і брусок (у 2 знач.).

4. толькі мн. Гімнастычная прылада з дзвюх круглых паралельных перакладзін, замацаваных на стойках. Практыкаванні на брусах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абру́ч, ‑а, м.

1. Металічная ці драўляная кольцападобная пласціна, якая набіваецца на бочкі, падушкі і пад. Стары Гарась, як помніць Даша, заўсёды стругаў пад паветкай клёпкі, гулка грымеў на ўсе суседскія двары вочкамі і кубкамі, наганяючы на іх то лазовыя, то арэхавыя абручы. Ракітны.

2. Гімнастычная прылада. Рабіць практыкаванні з абручом. // Кольца, якое дзеці качаюць пры дапамозе загнутага дроціка. Вуліца, звінела ад абручоў, за якімі заняліся па тратуарах шустрыя малыя хлапчукі. Якімовіч.

3. Жаночае ўпрыгожанне — кольца, якое надзяецца на галаву. Залаты абруч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́стаўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.

1. Пералётная птушка атрада вераб’іных з вузкімі вострымі крыламі, вёрткая і хуткая ў палёце. Вясковая ластаўка. Ластаўка беражанка. □ Мы, трое жэўжыкаў, стаім каля плота і назіраем, як над гразкай вуліцай вывіваюцца белагрудыя ластаўкі. Пальчэўскі.

2. (звычайна пры звароце). Разм. Ласкавая назва жанчыны, дзяўчыны, дзяўчынкі. [Дзюмон:] — А ну, адгадай, ластаўка, што я сёння прынёс табе? Шамякін.

3. Гімнастычная фігура, пры якой пастава цела нагадвае птушку ў палёце.

•••

Першая ластаўка — пра першыя прыкметы з’яўлення чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

булава́, ‑ы; мн. булавы, ‑лаў; ж.

1. Гіст. Дубінка з патаўшчэннем на канцы ў выглядзе шара або васьмігранніка, якая служыла даўней зброяй; паліца. [Мікола:] — Гэта, брат, тая самая булава, з якой яшчэ асілак Машэка ваяваў з панамі. Брыль.

2. Гіст. Кароткая палка з шарападобным патаўшчэннем на канцы, якая ў казакоў, на Украіне і ў Польшчы служыла знакам вярхоўнай улады. Гетманская булава. □ І сказаў Багдан Хмяльніцкі, Узмахнуўшы булавой: — Слава рускаму народу, Шлях наш з роднаю Масквой. Астрэйка.

3. Гімнастычная прылада, якая мае выгляд бутэлькі з патаўшчэннем на вузкім канцы.

4. перан. Лаянк. Пра някемлівага, неразумнага чалавека. [Сымон:] — Малады Жук — булава, ды стары хадовы чалавек, з ім без суда не абыдзешся. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Змена існуючага грамадска-палітычнага ладу або ўрада сілай. Дзяржаўны пераварот. Рэвалюцыйны пераварот. Палітычны пераварот.

2. Рэзкі паварот, карэнныя змены ў развіцці, ходзе чаго‑н. Пераварот у навуцы. Тэхнічны пераварот. □ З’яўленне такога натоўпу зрабіла ў доме цэлы пераварот. Колас. І вось за адзін вечар адбыўся цэлы пераварот, адчуў Віця, што цяпер не толькі пра свае клопаты думаць трэба. Нядзведскі.

3. Спец. Фігура вышэйшага пілатажу, пры якой самалёт пераварочваецца ў паветры. Зрабіўшы правы, пасля левы віражы, Крывахіж паправіў на плячах лямкі парашута.. І пайшлі перавароты, пасля пятля... Алешка. // Гімнастычная фігура, пры якой цела гімнаста пераварочваецца ў паветры.

•••

Дварцовы пераварот — насільная змена манарха, кіраўніка дзяржавы сіламі прыдворных груп высокапастаўленых асоб без ўдзелу народных мас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сце́нка I ж., в разн. знач. сте́нка;

с. перагаро́дкі — сте́нка перегоро́дки;

с. тру́бкі — сте́нка тру́бки;

гімнасты́чная (шве́дская) с.спорт. гимнасти́ческая (шве́дская) сте́нка;

прыпе́рці да ~кі — припере́ть к сте́нке;

ста́віць да ~кі — ста́вить к сте́нке;

як у (аб) ~ку гаро́х — как в (об) сте́нку горо́х

сце́нка II ж., обл. широ́кая межа́ (между полями)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сце́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да сцяна; тое, што і сцяна. На сценках вялікага пакоя дрыжаў ружовы водсвет пажарышча. Бядуля. Які прастор! Здалёк стаяць Чатыры сценкі бору. Панчанка. У хаце цёмна. Сценкі печкі чырванеюць, і на іх паверхні яркімі зорачкамі ўспыхваюць пылінкі. Каршукоў.

2. Бок якога‑н. пустога прадмета. Сценкі кузава аўтамашыны. □ Дно і сценкі [бочкі] аплылі слізкаю цвіллю. Самуйлёнак. // Абалонка якога‑н. унутранага органа, поласці. Брушная сценка. Сценкі крывяносных сасудаў.

3. перан. Шчыльны, самкнуты рад байцоў у кулачнай бойцы, а таксама сама кулачная бойка. Крыкі рынулі з усіх бакоў. Сценка кінулася на сценку.. Праз пяць хвілін білася ўжо ўся гімназія. Караткевіч.

4. Абл. Мера палатна даўжынёй на сцяну, на якой снавалі пражу. [Марыля:] — Добры быў лянок; палола яго, рвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі... па грамніцах кросны паставіла... колькі сценак наткала. Купала.

5. Камплект аднатыпнай мэблі, які размяшчаецца каля сцяны і прызначаецца для адной мэты.

•••

Гімнастычная сценка і (уст.) шведская сценка — гімнастычны снарад у выглядзе дзвюх стоек з папярочнымі перакладзінамі для практыкаванняў.

Прыперці да сценкі гл. прыперці.

Ставіць да сценкі гл. ставіць.

Як у (аб) сценку гарохам — тое, што і як у (аб) сцяну гарохам (гл. сцяна).

сце́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Шырокая мяжа, палявая дарога. Агародамі выйшаў я на сценку, а па ёй на вузкую дарогу, па адзін бок якой буялі кукурузныя кіяхі, а па другі густа стаяла вільготнае жыта. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)