абамле́лы, ‑ая, ‑ае.

Які страціў прытомнасць. // Анямелы, здранцвелы. Абамлелы ад страху. □ Гуслі строіць [гусляр] свае, — струны звонка звіняць, Жменяй водзіць па іх абамлелай. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гусля́р, ‑а; мн. гусляра, ‑оў; м.

Музыкант, які іграе на гуслях, а таксама пясняр, які спявае пад звон гусляў. Акалічны народ гуслі знаў гусляра, Песня-дума за сэрца хапала. Купала. Дружна маладзіцы Песні запяваюць, Гусляры іграюць. Пушча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акалі́чны, ‑ая, ‑ае.

Уст. паэт. Тое, што і навакольны. Акалічны народ гуслі знаў гусляра: Песня-дума за сэрца хапала. Купала. Святочны трэба было выбраць дзень, Каб на аблаву з акалічных сёл Магло сыйсціся як найбольш, людзей. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заду́мны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Задуменны, задумлівы. Галя думала, што Альбіна проста хоча павадзіць яе па лесе, паказаць хараство яго. Але Альбіна ішла задумная, маўклівая. Сабаленка. Незвычайны агонь у задумных вачах, На каленях ляглі гуслі-баі. Купала. Алесь ішоў берагам паміж старых задумных хвой і прыслухоўваўся да іхняй таёмнай гаманы. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Аддаць адзін прадмет, атрымаўшы ўзамен яго іншы. Наеўся Тром-сын, напіўся і памяняў гуслі на настольнік. Якімовіч. [Дзед:] — Памяняй свой тавар вось у гэтай вёсцы ды кіруй да маці. Асіпенка. // Замяніць каго‑, што‑н. кім‑, чым‑н. другім. Прыбрала я ўчора пакой. Памыла падлогу. Так ужо вышаравала, проста як новая. Бялізну на ложках памяняла, заслала пасцелі прасцірадламі. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блудзі́ць, блуджу, блудзіш, блудзіць; незак.

1. Згубіўшы арыенціроўку, хадзіць у пошуках правільнага выйсця. Хто пытае, той не блудзіць. Прыказка.

2. Хадзіць, вандраваць у пошуках чаго‑н.; блукаць. — Вось і ўсё наша жыццё, — сказаў, уздыхнуўшы, старэйшы. — Блудзім па свеце, ходзім па зямлі, ды ўсё не па сваёй. Галавач. Я з вамі, гуслі, блудзіў па свеце, Шукаў я з вамі жыццёвы вырай. Гурло. // Пераходзіць з аднаго на другое (пра вочы, позірк). [Бацька] ляжаў на лаве пры сцяне пад акном, і позірк яго блудзіў па забруджанай мухамі шыбе. Чорны.

3. Разм. Дрэнна паводзіць сябе, распуснічаць. [Кандрат:] — Ці не тая гэта маладзіца, што ўсё лета гаспадара свайго ашуквала ды з Кандратам Парамонавым блудзіла? Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дава́ць, даю́, дае́ш, дае́; даём, даяце́; незак., каго-што.

1. Незак. да даць.

2. заг. дава́й(це); з інф. незак. ці з 1 ас. мн. буд. Разм. Выражае запрашэнне да сумеснага дзеяння. Давай спаць. Давай возьмемся за работу. □ [Мігуцкі:] Я не хачу гвалтаваць вашага сумлення, але давайце разважаць сур’ёзна. Крапіва.

3. заг. дава́й; з інф. незак. Разм. Ужываецца ў значэнні: пачаў, стаў, узяўся энергічна рабіць што‑н. Купец кінуў гуслі, а сам выхапіў у фурмана пугу ды давай коней гнаць. Якімовіч. Пёс Лютня ўскочыў мядзведзю на спіну і давай кусаць. Бядуля.

•••

Быту не даваць — не даваць спакою каму‑н.

Вачам веры не даваць — пра неабходнасць пільна, уважліва ставіцца да чаго‑н., паўторна правяраць што‑н.

Даваць у нос — тое, што і біць у нос (гл. біць).

Не даваць жыцця каму — турбаваць, непакоіць.

Не даваць кроку ступіць — пра немагчымасць або забарону свабодна дзейнічаць.

Не даваць літасці каму — не рабіць уступак, не пакідаць без пакарання за якую‑н. віну.

Не даваць праходу каму — настойліва прыставаць з пытаннямі, просьбамі, размовамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калаку́н ’звон’ (мазыр., Шатал.), колокор ’бразготкі’ (петрык., Шатал.), сюды ж рус. колокольчик, колокольчики, колокуньчики (Бейл.) ’расліны Campanula persicifolia і Pulsatilla pratensis’. Бел. лексемы, відавочна, аднаго паходжання, паколькі адзначаны на параўнальна кампактнай ц.-палес. тэрыторыі. Па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю нельга меркаваць аб пранікненні лексемы з рус. гаворак і, відаць, з укр. (параўн. геагр. па крыніцах у Грынчэнкі). Як на блізкую тэрытарыяльна можна ўказаць усх.-палес. (Оўруцкі р‑н) калаколо ’загваздка’, аднак фармальнае супадзенне з асновай колокол ’звон’ яшчэ не сведчыць пра генетычную тоеснасцьз ёй усх.-палес. лексемы. Для бел. слова нельга ў прынцыпе выключыць паходжання з рус. гаворак (магчымы старыя міграцыі насельніцтва), аднак »яма пярэчанняў супраць таго, каб лічыць гэта слова архаізмам. У слав. мовах лексема прадстаўлена даволі слаба: укр. зах. колокіл, колокілок. колокіўця ’прыстасаванне ў кроснах з кольцамі, праз якое праходзіць нітка да иічанак’ (прыклад не вельмі надзейны, паколькі другое к тут можа паходзіць з ‑г‑), букав. калакончык, подоконник (у назвах кветак), рус. колокол таксама ў розных значэннях і формах нядрэнна прадстаўлены ў гаворках, ёсць з падобнай да бел. трансфармацыяй — разан. колкай; далей у слав. мовах: палаб. kluoküʼöl, балг. клаколна (клъколна ў старым запісу), ц.-слав. клакол. параўнальна позняе па часе фіксацыі. Не вельмі ясным уяўляецца статус балг. прыклада, паколькі ў таго ж аўтара сустракаецца і лексема клакотна (клъкотна), адносна якой БЕР (2, 414) мяркуе, што тут не выключана магчымасць друкарскай памылкі: ‑г‑ на месцы ‑н‑ як у клаколна. Аднак так жа можна разглядаць і параўноўваючы з балг. клокот і інш. формамі, для якіх некаторая трансфармацыя структуры з’яўляецца натуральнай і адзначана ў гаворках. Слав. лексемы дазваляюць рэканструяваць праформу kelkotъ, якая па ўтварэнню параўноўваецца ў БЕР, 2, 414, з прасл. golgolb — і тут, і ў першым слове рэдуплікацыя асновы. Адпаведнікі да слав. лексемы літ. kankalas (< *kal· kalas), ст.-інд. kalakala ’бязладныя крыкі, шум’, а з паралелей без рэдуплікацыі звычайна прыводзяцца лак. саіаге ’склікаць, выткаць’, ст.-в.-ням. hellan ’гучаць’. З другога боку, паколькі насавы зычны літ. слова kankalas можа быць першасным, яго параўноўваюць са ст.-інд. kankanas, kankanam, kankani ’абруч, кольцападобнае ўпрыгожанне’ і з літ. kanklys і інш. ’гуслі’, гл. Фасмер, 2, 294, дзе літ-pa. У бел. лексемах у выніку дысіміляцыі адбылася замена зычнага (дыстантиая дысіміляцыя л–л, л–р і л–н), падобныя трансфармацыі і ў інш. слав. мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адабра́ць 1, адбяру, адбярэш, адбярэ, адбяром, адбераце; зак., каго-што.

1. Прымусіць каго‑н. аддаць які‑н. прадмет; сілай забраць у каго‑н., што‑н. Дубінка — скок, скок! Пабегла, адабрала ў ведзьмара гуслі. Якімовіч. Дануся, пакрыўдзіўшыся, адабрала касу і закінула за плячо. Карпюк. Ля сэрца ён хаваў іх [вершы] і бярог, Каб не знайшлі, не адабралі каты. Танк. // Пазбавіць каго‑н. права карыстацца чым‑н. Адабраў пан пасеку, і за гадоў дваццаць пяць парос на ёй густы ельнік ды бярэзнік. Гарэцкі. // Пазбавіць каго‑, чаго‑н., забраўшы сабе, забіўшы, зруйнаваўшы. [Наталля:] — А пасля да мяне прыйшла жанчына і сказала, што я адабрала ў яе мужа. Скрыган. Толькі адно пачуццё яскрава жыло ў Арыне: нянавісць.. да Патапчыка. Гэта ён зглуміў яе шчасце, адабраў у яе чалавека. Чарнышэвіч. [Наста:] Майго любага сына Адабрала вайна, І надзеяй адзінай Засталася яна [Таццяна]. Глебка.

2. Пазбавіць каго‑н. якіх‑н. пачуццяў, якасцей, права на што‑н. Стары Няміра стагнаў на саломе — трывога, здарожанасць адабралі ў яго ўсе сілы. Чорны. [Тася:] — А вайна ўсё зрабіла трагедыяй, усё ў мяне адабрала: і першае каханне, і сям’ю, і нават права быць матуляй. Гарбук. Вораг, якога мы пазналі ў верасні трыццаць дзевятага года, цяпер захацеў адабраць у нас волю і шчасце ўжо назаўсёды. Брыль. // Пазбавіць чаго‑н., што дае сродкі на існаванне. [Алаіза Пашкевіч:] — Я ведаю, што ў вас [рабочых] дзеецца на заводзе. Ведаю, што Суравіч звольніў трыццаць чалавек. Выгнаў іх з завода, адабраў кавалак хлеба. Арабей. У калгасе прыладзіўся [Хмыль] вупраж выдаваць: у старых работу адабраў. М. Стральцоў.

3. Выдаткаваць, патраціць нейкую колькасць часу (сілы, сродкаў, здароўя) на выкананне чаго‑н. Старшы лейтэнант, які то хадзіў туды-сюды, то паглядваў нецярпліва за рэчку, падумаў, што гэтая пераправа адбярэ ў яго многа часу. Мележ. Нямала адабраў здароўя апошні працэс — групавая справа малалетніх парушальнікаў. Васілевіч.

4. безас. Страціць здольнасць чым‑н. валодаць. У Мяфодзія Паўлавіча на некаторы час адабрала мову. Чарнышэвіч. Адабрала ногі, цела змарыла неадольная млявасць. Дуброўскі.

5. Выбраць з аднастайных прадметаў асобныя з іх, якія вылучаюцца пэўнай якасцю або прыкметай. Настаўнік прапануе вучням яшчэ адабраць патрэбныя словы... Самцэвіч. [Сакратар:] — Там [у парткабінеце] з ім [загадчыкам аддзела прапаганды] адбярыце неабходную літаратуру, парайцеся наконт тэмы і плана даклада і — дзейнічайце. Сіўцоў.

6. Спец. Выстругаць адборнікам фігурную паверхню чаго‑н.

адабра́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адобрыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Разм. Браць, прысвойваць што‑н. незаконна; красці.

хапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што.

1. Рэзкім парывістым рухам рукі (рук) браць, захопліваць каго‑, што‑н. Хлопцы-падлеткі прыбеглі. Паглядзелі на свежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца. Колас. Пяціпудовыя мяхі.. [мужчына] хапаў так лёгка, нібы гэта былі не мяхі, а падушкі. Чарнышэвіч. Антон Пракопавіч хапае шапку, ускідвае на плечы ватоўку і ..бяжыць у кантору. Карамазаў. // Захопліваць, лавіць ротам, зубамі. Страказа палюе: на ляту хапае дробную машкару і глытае. Бяспалы. Цяпер, разглядаючы сваю здабычу, я пачынаю разумець у чым справа: ляшча хапала больш буйная рыбіна, але праглынуць не здолела. Лупсякоў. // Прагна або з цяжкасцю глытаць, удыхаць (паветра). [Васіль] хапаў паветра на поўныя грудзі, і тады было трохі лягчэй... Гаўрылкін. // Затрымліваць каго‑н., парывістым рухам схапіўшы за што‑н. Гандляры запрашаюць пакупнікоў, хапаюць прахожых за рукі, за адзенне. В. Вольскі. — А вось паедзем у сельсавет, там пагаворым, — кажу я і хапаю за ланцуг Сенькаву лодку. Краўчанка. // перан. (звычайна са словамі «за сэрца», «за душу»). Выклікаць пачуццё смутку, болю. радасці і пад.; глыбока хваляваць. Акалічны народ гуслі знаў гусляра: Песня-думка за сэрца хапала. Купала. [Кот] люта екатаў і жаласна, ажно хапала за душу, мяўкаў... Чыгрынаў. // перан. Шчыпаць, выклікаць адчуванне холаду. Хутчэй бы ўжо зіма, марозік! Такі, не вельмі сярдзіты, проста, каб крышачку хапаў за вушы, нос, шчокі, калі раніцою ідзеш на працу. Каршукоў. / у вобразным ужыв. Мне ветла мігаюць агнямі будынкі, А вецер асенні хапае ў абдымкі. Панчанка.

2. Разм. Лавіць, браць сілай, пазбаўляць волі каго‑н. [Маладых людзей] хапалі і пасылалі на работу ў Германію або проста на фронт — капаць акопы. Якімовіч.

3. перан. Разм. Прагна, хутка ўспрымаць, засвойваць, лавіць (органамі пачуццяў, розумам і пад.). І не прыкмеціў Адам, як захапіўся ён прамовамі, як разам з усімі схіліўся ў бок рупара і прагна хапаў кожнае слова. Шынклер. Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў.

4. З прагнасцю купляць усё без разбору. [Мужчыны] хапалі ўсё, што траплялася пад рукі: духі, сумачкі, туфлі, сурвэткі, хустачкі, чамаданчыкі, парасоны. Шыцік.

5. Незак. да хапіць (у 9, 10 знач.).

•••

Гэтага яшчэ не хапала! — вокліч, якім выказваецца абурэнне, незадаволенасць з якой‑н. прычыны.

Зорак з неба не хапае — пра чалавека з пасрэднымі здольнасцямі.

Зоркі з неба хапаць — вылучацца розумам, здольнасцямі.

Клёпкі ў галаве не хапае (не стае) — пра дурнаватага, з дзівацтвамі чалавека.

Наколькі вока хапае — наколькі можна бачыць.

Не хапае пораху — мала, недастаткова сіл, энергіі для ажыццяўлення чаго‑н.

Ног не хапае — ад стомы няма магчымасці рухацца, ісці.

Слоў не хапае (не стае) — пра цяжкасць у падборы слоў для перадачы якога‑н. моцнага пачуцця.

(Толькі) птушынага малака не хапае — пра поўны дастатак.

Хапаць за горла (за глотку, жабры) — тое, што і браць за горла (за глотку, жабры) (гл. браць).

Хапаць на ляту — тое, што і лавіць на ляту (гл. лавіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)