гравірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.

1. Выразаць узоры, надпісы на метале, дрэве, шкле і пад. пры дапамозе спецыяльных разцоў або хімічных сродкаў. Гравіраваць на метале.

2. Выразаць клішэ для гравюры. Гравіраваць ілюстрацыі для часопіса.

[Ад фр. graver.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даста́так, ‑тку, м.

1. Заможнасць, матэрыяльная забяспечанасць. Жыць у дастатку. □ Усё гаварыла тут аб дастатку гаспадара: і мяккая гарадская мэбля, і дываны, і нават гравюры. Сяргейчык.

2. часцей мн. (даста́ткі, ‑аў). Матэрыяльныя сродкі, прыбыткі. Няхай дастаткаў вам прыбудзе, Хай родзяць нівы, сенажаць! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перазня́ць, ‑зніму, ‑знімеш, ‑зніме; зак.

1. каго-што. Зняць, сфатаграфаваць нанава, яшчэ раз. Перазняць кадр фільма. // Сфатаграфаваць з малюнка, гравюры, фотакарткі і пад.

2. што. Зняць новую копію з чаго‑н. Перазняць копію з пасведчання.

3. што. Зняць новы план пры дапамозе якіх‑н. інструментаў.

4. што і без дап. Паўторна зняць (карты).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тана́льнасць, ‑і, ж.

Спец.

1. Дакладнае размяшчэнне гукаў ладу па вышыні. Танальнасць до мажор. // Гама, на якой пабудаваны музычны твор. Танальнасць песні.

2. Асноўны, пераважаючы колер, каларыт, спалучэнне таноў твора выяўленчага мастацтва (карціны, гравюры і пад.), якія садзейнічаюць стварэнню той або іншай эмацыянальнай настроенасці. Ксілаграфія вылучаецца мастацкай дасканаласцю разьбы, багатай танальнасцю. Шматаў.

3. перан. Асноўная эмацыянальная настроенасць літаратурнага твора, п’есы, вобраза і пад. Шырока распаўсюджаны фальклорны матыў [скаргі дзяўчыны-прыгажуні з народа] атрымаў у творчасці Тараса Шаўчэнкі асаблівую лірычную танальнасць, яркае паэтычнае выражэнне. Палітыка. Асноўным стылёвым сродкам, які падтрымлівае агульную высокую танальнасць твора, з’яўляецца шырокае выкарыстанне ў «Палтаве» [А. С. Пушкіна] архаічнай лексікі. Рагойша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́разаць, ‑ражу, ‑ражаш, ‑рэжа; заг. вы́ражы і вы́раж; зак., што.

1. Выняць, дастаць, выдаліць што‑н. рэжучым інструментам. Выразаць мёд з вулля. Выразаць міндаліны.

2. Зрабіць выраз у чым‑н. Выразаць пройму. Выразаць праём у сцяне.

3. Вымежаваць, адмераць (участак зямлі, лесу і пад.); нарэзаць. [Гушка:] — З якога ж тады кавалка мне Сурвіла выража мае дзве дзесяціны? Чорны. Перш за ўсё.. [Каліна] зрабіў нажом на кары дрэваў зарубкі, каб адзначыць граніцы сваёй гаспадаркі, і выразаў сабе вельмі ладны кавалак пушчы. Багдановіч.

4. Вырабіць што‑н. разьбой. Выразаць лыжку.

5. Зрабіць рэжучым інструментам надпіс, малюнак і пад. Выразаць пячатку, ініцыялы. □ Трэба было ў дасканаласці авалодаць друкарскай тэхнікай, адліць адпаведныя шрыфты, выразаць вялікія літары гравюры. С. Александровіч.

6. Зрэзаць, адрэзаць для якой‑н. патрэбы. Выразаць лазіну.

7. Вынішчыць, забіць халоднай зброяй. Бандыты выразалі ўсю сям’ю. // Спілаваць, высечы. Выразаць лес. // Загрызці ўсіх або многіх (пра ваўкоў). Выразаць статак.

выраза́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да вы́разаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчыт, ‑а, м.

1. Ручная ахоўная зброя старажытнай воіна ў выглядзе прамавугольніка, круга, эліпса з дрэва, металу і пад., якая служыла для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. Ішла дружына на дружыну, схаваўшы грудзі за шчыты. А. Вольскі. // Выпукласць, упрыгожанне на чым‑н., якое сваім выглядам нагадвае такі прадмет. У цэнтры гравюры на геральдычных шчытах намаляваны ўмоўныя знакі, значэнне якіх не расшыфравана дагэтуль. «Помнікі». // перан. Пра каго‑, што‑н., што з’яўляецца аховай, служыць для аховы. Армія наша — гордасць краіны, Сіла надзейная, шчыт. Колас. Радзіма прышэльцаў карала, Няроўны прымаючы бой, І шчыт непрабойны Урала Высока нясла над сабой. Гаўрусёў. // перан. Пра тое, што прыкрывае, хавае што‑н. сапраўднае. — Зноў канспірацыя... — незадаволена прабурчаў Рогаў. — Шчыт для баязліўцаў. Новікаў. // перан. Тое, што аддзяляе каго‑н. ад каго‑, чаго‑н., робіць чужым і пад. Але словы былі сказаны, і яны сталі шчытом паміж мною і ўсімі, хто быў у палаце... Савіцкі.

2. Прыстасаванне ў выглядзе металічнага ліста, збітых дошак і пад. для засцярогі ад чаго‑н. Нясе На паварот круты Дарога счэп вагонаў. Тут [на Запалярнай чыгунцы] супрацьснежныя шчыты — Як войска ў абароне. Калачынскі. Так не праходзіць дня без страты новай, Шчыт кулямёта ў драпінах увесь. Зарыцкі. [Старшыня:] — Добра яшчэ, што своечасова агледзеліся і перагарадзілі ім [сухавеям] дарогу шчытамі. Паслядовіч. // Вялікі прамавугольны ліст, збіты, сплецены з якога‑н. матэрыялу, які служыць для насцілу, апалубкі і пад. — Назаўтра прыйдуць [рабочыя], а на аб’екце няма ніводнага апалубачнага шчыта, не рассартавана арматура, не падрыхтаваны цвікі, «схапіўся» бетон да пачатку змены. Грахоўскі. // Гатовая частка сцяны, перакрыцця, перагародкі і пад., якая выкарыстоўваецца ў будаўніцтве зборных збудаванняў. Шчыты збор нага дома. □ Побач з імі [школай і клубам] — адзіная драўляная будыніна са шчытоў — маладзёжны інтэрнат. Беразняк. // У баскетболе — высока паднятая шырокая дошка на краі баскетбольнага поля, да якой прымацаваны жалезны круг. // У гідратэхніцы — затвор для закрыцця адтулін гідразбудаванняў. // Спец. Прыстасаванне, якое захоўвае ад абвалаў пры праходжанні тунеля, а таксама для выканання работ пры праходцы тунеля. Мантаж шчыта метро.

3. Франтон двухскатнага даху. Міхей... Што Міхею. У яго хата крыта гонтай, з фігурным шчытом, з зялёнымі аканіцамі. Ермаловіч. Без шчыта яна [хата], наўкруг накрытая саломай, зялёнай ад моху, нізка насунутай на малыя прыплюшчаныя вокны. Брыль. // Верх, макаўка чаго‑н. (звычайна дрэва і пад.). І голас вашай [камсамольскай] песні звонкай Лавіў прастор нябёс, зямлі, І ціш балот, і шчыт сасонкі. Колас.

4. Вертыкальна ўстаноўленая дошка або ліст, на які змяшчаецца што‑н. для паказу, агляду і пад. Абапал алеі, па якой яны [рабочыя] ішлі ў людскім патоку, стаялі чырвоныя шчыты з лозунгамі, дыяграмамі, з партрэтамі перадавікоў. Карпаў. Каля шчыта, дзе звычайна прыклейвалі аб’явы, стаяў майстар Будзішэўскі і нешта чытаў. Даніленка. // Спец. Вялікая мішэнь для стральбы артылерыі на моры. // Спец. Сукупнасць разнастайных прыбораў, сігнальных апаратаў, кнопак кіравання і пад., змешчаных на адной панелі, дошцы, пульце. Размеркавальны шчыт. □ Лёнька перавёў рычажок — на пярэднім шчыце загарэлася кантрольная лямпачка. Гамолка. Электронная апаратура .. пастаянна паказвае сваю дзейнасць праз дзесяткі ўстаноўленых на вялікім шчыце прыбораў. «Беларусь».

5. У геалогіі — найбольш старая частка сушы, для якой уласцівы выхад на паверхню зямлі старажытных складкавых крышталічных народ.

6. У біялогіі — цвёрдае ўтварэнне ў розных жывёл для аховы іх мяккіх тканак.

7. Экватарыяльнае сузор’е, у якім знаходзіцца адно з найярчэйшых месц Млечнага шляху. Хлопцы селі, памаўчалі, Паглядаючы ў блакіт: Мо’ яшчэ раз вывучалі Таямнічы зорны шчыт? Кірэенка.

•••

Са шчытом — з перамогай, з поспехам (вяртацца, прыходзіць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)